Як адзначылі ў Мінадукацыі, гэта не экзамен і не атэстацыя, а магчымасць праверыць, наколькі добра навучэнцы ўмеюць прымяняць веды ў рэальным жыцці.

У даследаванні прымаюць удзел каля 20 тысяч навучэнцаў:
– вучні 9-х класаў школ і гімназій;
– вучні 10-х класаў ліцэяў;
– навучэнцы 1 курса каледжаў.
Яны будуць выконваць заданні па чытацкай і матэматычнай адукаванасці або па прыродазнаўчай і фінансавай адукаванасці.
Мэта рэпетыцыйнага этапу — адпрацаваць арганізацыйныя працэсы і дапамагчы навучэнцам упэўнена падрыхтавацца да асноўнага этапу Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі, які пройдзе ў 2026 годзе.
Педагогі, навучэнцы і бацькі маглі азнаёміцца з тыпамі заданняў і патрэніравацца на аўтаматызаванай анлайн-платформе. Акрамя таго, ім была прадастаўлена магчымасць спампаваць трэніровачныя матэрыялы, памяткі і FAQ на нацыянальным адукацыйным партале і РІКВ. І задаць любое пытанне ШІ-асістэнту Акадэміі адукацыі (той жа партал — у раздзеле “Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі”).
Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі — маштабны для Беларусі адукацыйны праект, які атрымаў старт у лістападзе 2023 года. Асноўная яго задача — вызначэнне ўзроўню функцыянальнай (чытацкай, матэматычнай, прыродазнаўчай і фінансавай) адукаванасці ў падрастаючага пакалення. У фокусе ўвагі таксама знаходзяцца сацыякультурныя фактары, якія могуць уплываць на ўзровень функцыянальнай адукаванасці маладых людзей.
У даследаванні прымаюць удзел юнакі і дзяўчаты, якія атрымалі базавую адукацыю. Гэта навучэнцы 10-х класаў і першакурснікі каледжаў з усіх рэгіёнаў краіны. Выбар узроставай катэгорыі ўдзельнікаў не выпадковы. З аднаго боку, да 15—16 гадоў моладдзю назапашаны немалы вучэбны і жыццёвы вопыт, дзякуючы якому можна даволі паспяхова вырашаць жыццёвыя праблемы ў самых розных сферах: сям’я, адукацыя, прырода, спорт, здароўе, прафесійная дзейнасць. З другога боку, наяўнасць ва ўдзельнікаў даследавання базавай адукацыі дае магчымасць сабраць каштоўную інфармацыю пра стан сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі.
Акрамя навучэнцаў, у даследаванні прымаюць удзел іх бацькі (законныя прадстаўнікі), а таксама педагагічныя работнікі. Ім прапануецца адказаць на пытанні анкеты.
Асноўны этап Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі — тэсціраванне навучэнцаў, працягласць якога складае паўтары гадзіны (дзве 45-мінутныя сесіі з 10-мінутным перапынкам). Кожны ўдзельнік атрымлівае варыянт, які змяшчае заданні па двух відах функцыянальнай адукаванасці.
Галоўнае адрозненне даследавання ад кантрольнай работы па прадмеце заключаецца ў тым, што работы нацыянальнага даследавання найперш правяраюць здольнасць бачыць і вырашаць жыццёвыя праблемы, спецыяльна змадэляваныя ў заданнях. Канечне, прадметныя веды важныя і патрэбныя. Але іх роля ў даследаванні ўсё ж не вырашальная, а суправаджальная.
Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі праходзіць на камп’ютарах, таму ўдзельнікам абавязкова спатрэбяцца навыкі арыентавання ў аўтаматызаванай сістэме, уменне працаваць з інфармацыяй, прадстаўленай у камп’ютарным фармаце.
Удзел у Нацыянальным даследаванні якасці адукацыі — выдатная магчымасць для юнакоў і дзяўчат праверыць свае здольнасці прымяняць атрыманыя веды ў рэальных жыццёвых сітуацыях. Акрамя гэтага, паспяховае выкананне работы — гэта значны ўклад кожнага ўдзельніка ў імідж установы адукацыі, рэгіёна і будучыню краіны.
Па матэрыялах сайта Акадэміі адукацыі падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі





