З гэтага навучальнага года калектыў Мінскага аўтамеханічнага каледжа імя М.С.Высоцкага папоўніўся новым майстрам вытворчага навучання. Ім стаў выпускнік навучальнай установы Данііл Шаўко. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У надзейных руках

— Ці стала для вас гэтае месца працы нечаканасцю?
— Безумоўна, я быў прыемна здзіўлены, але ўсё ж лічу гэта заканамернасцю. Я добра вучыўся па спецыяльнасці “Рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”, паспяхова здаваў экзамены, прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці каледжа, набыў пэўны вопыт, адчуваў цягу да педагогікі, таму ў думках бачыў сябе майстрам вытворчага навучання. І калі кіраўніцтва мне прапанавала гэтую пасаду, адразу пагадзіўся. Мяне ўзрадавалі перспектывы: я змагу ўдасканальваць свае прафесійныя навыкі на практыцы, выкарыстоўваць новыя педагагічныя тэхналогіі, вывучаць навацыі аўтамабільнай сферы і выбудоўваць зносіны з моладдзю. Акрамя таго, каледж за гады вучобы стаў для мяне вельмі блізкім, я добра ведаю калектыў, педагогаў, якія многаму навучылі.
— А якая група вам дасталася? Першакурснікі?
— Я пачаў працаваць у групе навучэнцаў 4 курса, па ўзросце яны амаль мае равеснікі. У мяне не было перажыванняў наконт таго, ці спраўлюся я. Наадварот, мяркую, што з дарослымі хлопцамі мне лягчэй знайсці агульную мову: нас аб’ядноўваюць адзіныя інтарэсы, мэты, патрэбы, і на гэтай падставе з імі лягчэй выбудаваць шчыры дыялог, наладзіць цесныя зносіны, стварыць сяброўскую атмасферу. Гэта, безумоўна, уплывае на якасць навучання, калі інтарэс да прафесіі праяўляюць абодва бакі — майстар, які хоча перадаць усё, што ведае сам, і навучэнцы, якія гатовы гэта ўвабраць у сябе. Як нядаўні навучэнец, я ведаю той фармат навучання, які дазваляе падаваць веды і ўменні так, каб было цікава навучэнцам, каб яны разумелі педагога і імкнуліся да вучобы.
Навучэнцы зрабілі свой усвядомлены выбар, і мая місія — даць ім як мага больш прафесійных ведаў, уменняў, практычных навыкаў, каб перад размеркаваннем яны адчувалі сябе ўпэўненымі, самастойнымі і гатовымі да працы. Тым больш што яны маюць яшчэ і ўласны інтарэс. Як правіла, у навучэнцаў старшых курсаў ёсць свой аўтамабіль. Ён, канечне, не з салона, таму патрабуе рэгулярнай дыягностыкі, рамонту, а гэта, безумоўна, істотныя выдаткі. Таму хлопцы зацікаўлены рамантаваць машыну сваімі рукамі. А для гэтага патрэбны практычныя навыкі, веданне будовы аўтамабіля, уменне выкарыстоўваць спецыяльны інструмент, дыягнаставаць.

— Дзе праводзіце практычнае навучанне?
— Яно праходзіць у цэнтры кампетэнцый аўтамабільных тэхналогій каледжа. Ён унікальны, інавацыйны, адзіны ў краіне. Трэба сказаць, што дырэктар каледжа В.Р.Кірыленка аснашчэнню вучэбнай базы каледжа надае вялікае значэнне, разумеючы, што ад гэтага залежыць эфектыўнасць прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў.
Практыка ў цэнтры арганізавана па некалькіх напрамках. Пасля засваення тэарэтычных ведаў навучэнцы выконваюць практычныя заданні на ноўтбуках у так званай лабараторыі Uni Train, дзе вывучаюць дыягнастычнае абсталяванне, методыкі электронных сістэм аўтамабіляў, вызначаюць формы дыягностыкі на віртуальным аўтамабілі, яго няспраўнасці, зададзеныя майстрам. Работа ў віртуальным рэжыме дазваляе эфектыўна вучыцца і не баяцца зрабіць памылку, якую ў рэальнасці нельга дапусціць. У далейшым хлопцы вучацца ўжо на рэальных сродках дыягнаставання і электронных сістэмах аўтамабіля і могуць самастойна ажыццяўляць дыягностыку электронных паліўных сістэм рэальных аўтамабіляў і рухавікоў, іншыя маніпуляцыі ў аўтамабільнай сферы і такім чынам замацоўваць атрыманыя тэарэтычныя веды і практычныя ўменні.
— У цэнтры таксама праходзіць сеткавае навучанне для навучэнцаў іншых устаноў прафесійнай адукацыі.
— У цэнтры займаюцца навучэнцы нашай установы. Разам з тым сучаснае, высокатэхналагічнае абсталяванне, узоры аўтамабільнай тэхнікі даступныя для іншых навучальных устаноў, тут могуць займацца навучэнцы розных аднапрофільных каледжаў. У цэнтр на тыднёвае навучанне прыязджаюць навучэнцы старшых курсаў, якія засвойваюць тэмы абслугоўвання, дыягностыкі і рамонту электрамабіляў. Наш цэнтр кампетэнцый і інавацый можа прапанаваць больш за 40 спецыялізаваных курсаў для павышэння кваліфікацыі ў галіне тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў і аўтасэрвісу. Апошнім часам цэнтр кампетэнцый абнаўляецца, неўзабаве будуць набыты мадыфікаваныя стэнды, новы электрамабіль.
Дайце паруліць

— А базавыя прадпрыемствы ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы навучэнцаў?
— Вельмі актыўна. Для замацавання прафесійных навыкаў, а таксама для адаптацыі навучэнцаў да вытворчасці і працоўнага калектыву вучэбная практыка праходзіць на базавых прадпрыемствах, у тым ліку на Мінскім аўтамабільным заводзе, Мінскім заводзе колавых цягачоў, Мінскім маторным заводзе і інш. Улічваючы асаблівасці некаторых спецыяльных дысцыплін, многія лабараторныя і практычныя работы праводзяцца таксама на вытворчасці, дзе навучэнцы практыкуюцца на ўчастку выпрабавання рухавікоў і іншых аперацый, якія тычацца аўтамабільнай галіны.
Як правіла, завадчане ствараюць спрыяльныя ўмовы для будучых рабочых, цёпла прымаюць у калектыў практыкантаў, за кожным навучэнцам замацоўваецца настаўнік, яму выдаецца спецадзенне і выплачваецца заробак. Скажу, што ён нядрэнны, ведаю гэта дакладна, сам быў на такой практыцы. Пасля размеркавання нашы выпускнікі папаўняюць калектывы вытворцаў і задаволены работай.
Будучыя аўтамеханікі атрымліваюць падрыхтоўку, якая дае ім магчымасць працаваць на прадпрыемствах аўтасэрвісу, у дыягнастычных цэнтрах, на базах цэнтралізаванага тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў.
— Чым займаецеся ў вольны час, як далучаеце да карыснага адпачынку сваіх навучэнцаў?
— У каледжы бурліць спартыўнае жыццё, праводзіцца шмат спартыўных мерапрыемстваў, камандных гульняў. Я з дзяцінства захапляюся спортам, займаюся дзюдо, удзельнічаю ў камандных спаборніцтвах па розных відах. Далучаю да сваіх захапленняў і навучэнцаў. Спорт іх аб’ядноўвае, а камандная гульня вучыць працаваць у калектыве, выхоўвае камандны дух, байцоўскія якасці, дысцыплінуе.
Больш самастойнасці
— А як увогуле арганізавана выхаваўчая работа?
— Выхаваннем сваіх падапечных у поўным сэнсе гэтага слова я не займаюся. Мае навучэнцы ўжо не дзеці. І тое, што ў іх закладзена школай, сям’ёй, грамадствам, я магу развіваць далей, умацоўваючы некаторыя іх якасці, але не сам характар. Стаўлюся да выхаванцаў як да дарослых людзей і не прыніжаю іх, напрыклад, чытаннем маралі за нейкую правіннасць. Праводжу заняткі ў фармаце субардынацыі адносін. Некаторыя, праўда, імкнуцца звяртацца да мяне на ты, але я панібрацтва не прызнаю.
Павінна быць дыстанцыя паміж педагогам і вучнем, гэта было спрадвечна. Але я не імкнуся ўзводзіць агароджу паміж мной і навучэнцамі, а наладжваю даверлівыя, паважлівыя адносіны.
Іншым разам хтосьці з навучэнцаў пытаецца, што б я зрабіў на яго месцы ў той ці іншай сітуацыі, просіць даць параду. Жыццёвага вопыту ў мяне яшчэ мала, таму звычайна выказваю сваё меркаванне, не прапаноўваючы канкрэтнага рашэння праблемы. Гэта дазваляе маладому чалавеку самому пакруціць мазгамі, а не капіраваць чужы адказ.
— Якім вы бачыце сучаснага майстра?
— Найперш эрудзіраваным, адукаваным, творчым чалавекам. Гэтыя рысы для мяне галоўныя, і я стараюся ім адпавядаць. Я чытаю многа мастацкіх кніг, перыядычных выданняў, часопісаў, гляджу відэаматэрыялы, карыстаюся інтэрнэтам.
Стымул быць інфармаваным у мяне пераканаўчы: не хачу выглядаць перад навучэнцамі безабаронным, калі яны ведаюць больш за мяне ў той ці іншай сферы, а я не магу адказаць на іх пытанне. Уменню набываць інфармацыю, выкарыстоўваць яе ў выкладанні мяне вучылі выдатныя майстры вытворчага навучання каледжа, нашы флагманы А.В.Царук і К.Р.Шайтар. Яны з’яўляюцца галоўнымі экспертамі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства. Сваім непераўзыдзеным аўтарытэтам яны прыцягнулі да гэтай справы і мяне. Сёлета я ўпершыню выступіў на ProfSkills Bеlarus у ролі эксперта. У кампетэнцыі “Аўтамабільныя тэхналогіі” мой выхаванец Валерый Тайворба заваяваў “золата”, а Уладзіслаў Храмцоў заняў 4-е месца ў кампетэнцыі “Кузаўны рамонт”. Цяпер я завочна вучуся ў БНТУ па скарочанай праграме на спецыяльнасці “Эксплуатацыя аўтамабіляў” і праходжу навучанне, каб атрымаць веды педагагічнай накіраванасці.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





