Сёлета ва ўстановы адукацыі Брэста прыйшлі 236 маладых спецыялістаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Выпускніца Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна Арына Грамада з дзяцінства марыла звязаць жыццё з музыкай. І гэтая мара здзейснілася: дзяўчына працуе музычным кіраўніком у дзіцячым садзе № 38, дзе ўсвядоміла, што яе прызванне — працаваць з дашкольнікамі, дзяліцца з імі любоўю да мастацтва, дапамагаць раскрываць творчы патэнцыял.

— Музыка — мова душы, зразумелая кожнаму дзіцяці, — гаворыць Арына Эдуардаўна. — Быць музычным кіраўніком — значыць не толькі вучыць песням і рытмам, але і ствараць асаблівую атмасферу, дзе выхаванцы адчуваюць радасць, упэўненасць і натхненне.
У сваёй рабоце малады спецыяліст цэніць дзіцячую шчырасць, непадробленую цікавасць маленькіх чамучак і іх здольнасць здзіўляцца простым рэчам. Менавіта гэтыя моманты і становяцца для Арыны Грамады крыніцай сіл і чарговым пацвярджэннем, што яе выбар прафесіі невыпадковы.
Тое ж можна сказаць і пра выхавальніцу Вольгу Царкову з дзіцячага сада № 7, якая скончыла Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна.

— Працаваць у дашкольнай установе марыла з дзяцінства, — прызнаецца Вольга Аляксандраўна. — Адчуваю вялікую радасць ад прафесіі! Разам з малышамі гуляем, вучымся, пазнаём навакольны свет. Асабліва падабаецца, калі дзіця адкрывае для сябе штосьці новае і радуецца гэтаму са мной. Галоўнае — верыць у кожнага, паважаць яго, ствараць атмасферу даверу і бяспекі.
Малады спецыяліст лічыць, што прафесійны поспех складаецца з цярпення, любові да выхаванцаў, імкнення вучыцца, дасканалага валодання сучаснымі методыкамі і камунікабельнасці. З работай Вольга Царкова звязвае найперш магчымасць атрымаць каштоўны вопыт, прымяняць розныя спосабы ўзаемадзеяння з выхаванцамі і адкрываць ім новыя гарызонты для развіцця.

У педагогіцы выхавальніцу Кацярыну Сацюк з дзіцячага сада № 47 прыцягнула шматграннасць прафесіі, якая прымушае пастаянна расці, вучыцца, быць у тонусе і ніколі не сумаваць.
— Выхавальнік — гэта і акцёр, і псіхолаг, і даследчык, і дыпламат, — гаворыць Кацярына Канстанцінаўна. — Не вучу дзяцей, як трэба, а абуджаю ў іх жаданне тварыць.
Малады спецыяліст з’яўляецца кіраўніком гуртка “Творчая майстэрня”, на занятках якога праз творчасць вучыць выхаванцаў не баяцца нестандартных рашэнняў, умець адстойваць уласныя ідэі, даводзіць пачатае да канца і спакойна адносіцца да выпадковасцей, ператвараючы іх у новыя магчымасці.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ





