У Клічаўскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы сёння вучаць пяці аграрным спецыяльнасцям. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Ва ўстанове адукацыі асвойваюць прафесію 438 навучэнцаў, з іх 10 дзяўчат. Яшчэ 88 будучых спецыялістаў сярэдняга звяна сельскагаспадарчай галіны вучацца завочна і працуюць, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы.
— Мы вядзём навучанне па запатрабаваных на сучасным рынку працы спецыяльнасцях, — знаёміць з дзейнасцю ўстановы яе дырэктар Аляксандр Мялешка. — Дарэчы, на ўрачыстай лінейцы ў пачатку навучальнага года мы не толькі віталі першакурснікаў, але і ўручалі падзякі тым, хто вылучыўся пры зборы ўраджаю, знаходзячыся на канікулах, — у каледж прыйшло некалькі дзясяткаў падзячных лістоў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.

Па 30 лістапада праходзіць набор на завочную форму навучання па спецыяльнасцях «Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі» і «Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы». Разлічваць на вучобу за кошт бюджэтных сродкаў могуць тыя, хто працуе ў аграпрамысловым комплексе краіны.

Тэорыю будучыя аграрыі вывучаюць у вучэбных кабінетах, а першае практычнае знаёмства з электрыкай, электронікай, рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі адбываецца ў лабараторыях і майстэрнях, якія аснашчаны неабходным абсталяваннем і інструментарыем, нагляднымі сродкамі навучання.

За апошнія два гады ў каледжы адкрылі дзве лабараторыі, для якіх набылі новы вучэбны легкавы аўтамабіль і трактар. Таксама з’явілася два камп’ютарныя класы. А яшчэ часткова абнавілі камбінаванае асфальтацэментнае пакрыццё на вучэбным аўтатрактарадроме.

Акрамя атрымання асноўнай спецыяльнасці, традыцыйна ўсе навучэнцы асвойваюць рабочыя прафесіі. У найбольш выгаднай пазіцыі будучыя тэхнікі-механікі, якія вывучаюць тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі. Яны, акрамя кваліфікацыі «тэхнік-механік», бонусам паралельна авалодваюць трыма рабочымі прафесіямі: слесар па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, вадзіцель аўтамабіля (катэгорыі В і С), а таксама трактарыст-машыніст (катэгорыі С, D).
Магчымы максімум у іншых — дзве рабочыя прафесіі.
Сярод навучэнцаў каледжа ёсць прадстаўнікі сямейных дынастый. Напрыклад, Арцём Мелкумян з Бялыніч і два яго браты. Усе браты Вішнівецкія выбралі для сябе аграрную прафесію. Старэйшы Вадзім сёлета скончыў установу адукацыі і ўжо працуе. Сярэдні Андрэй вучыцца на 4-м курсе, а малодшы Максім — на 1-м, абодва асвойваюць прафесію электрыка.
Стымуляцыя рублём
Каштоўны практычны вопыт на прадпрыемствах маладыя людзі, як правіла, атрымліваюць на 3-м курсе.
— У апошнія гады вучэбная праграма спецыяльна была скарэкціравана так, каб рабочыя прафесіі нашы навучэнцы асвойвалі не ў канцы навучання, а ў сярэдзіне. Гэта дае ім магчымасць на апошніх курсах, дасягнуўшы 17 гадоў, аказваць дапамогу сельскагаспадарчым арганізацыям пры правядзенні пасяўных і ўборачных работ у рамках практык, а таксама на канікулах. Такім чынам, будучыя аграрыі ўдасканальваюць свае веды і навыкі па спецыяльнасці і зарабляюць першыя грошы, — звяртае ўвагу Аляксандр Мікалаевіч. — Напрыклад, летам частка трэцякурснікаў змагла набрацца вопыту падчас тэхналагічнай практыкі ў складзе студэнцкага атрада на МАЗе. Годам раней падчас тэхналагічнай практыкі наш студатрад працаваў на беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Такое супрацоўніцтва спрыяе пашырэнню ведаў навучэнцаў і развівае іх як будучых спецыялістаў. Акрамя гэтага, моладзь папоўніла свой бюджэт, зарабіўшы за час практыкі ад 1600 да 3500 рублёў.

Цесна супрацоўнічаючы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, кіраўніцтва каледжа заключыла 5 дагавораў аб узаемадзеянні з мясцовымі прадпрыемствамі. Адным з вядучых партнёраў з’яўляецца УКСП «Саўгас «Добраахвотнік». Прадпрыемства штомесяц ажыццяўляе даплаты сваім навучэнцам-мэтавікам у памеры стыпендыі, якую яны атрымліваюць у каледжы, і заўсёды гарантуе аплачаную практыку, а таксама дастойны заработак пасля працаўладкавання.
Сёння 33 навучэнцы каледжа атрымліваюць разнастайныя стымулюючыя выплаты ад заказчыкаў кадраў, з якімі заключаны мэтавыя дагаворы.
Кіраўніцтва каледжа актыўна працуе над тым, каб у юнакоў і дзяўчат была магчымасць падзарабіць у вольны ад заняткаў час, наладжваючы цеснае супрацоўніцтва з мясцовымі лясгасам і жылкамгасам.
Свае навыкі і ўменні навучэнцы таксама штогод дэманструюць у конкурсах прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus, «Аграмайстэрства», а таксама тэхнічнай і інавацыйнай творчасці. Толькі за апошнія гады каледж двойчы ўваходзіў у прызёры рэгіянальнага этапу агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў у намінацыі «Сельская гаспадарка».
Не вучобай адзінай
— Атрымліваючы адукацыю ў каледжы, маладыя людзі становяцца не толькі кваліфікаванымі спецыялістамі, — акцэнтуе ўвагу намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Асенкрытава. — У клубе «Патрыёт», дзе пануе камандны дух, 15 юнакоў асвойваюць урокі мужнасці, сілы і вынослівасці і ўзаемадапамогі. Творчыя і спартыўныя здольнасці і таленты моладзь развівае ў 11 аб’яднаннях па інтарэсах.
Займальна і цікава ў сценах каледжа праходзіць конкурс прафесійнага майстэрства KlichevSkills, на які з’язджаецца не менш як чатыры каманды школьнікаў з усяго раёна са сваімі групамі падтрымкі.
Навучэнцы адначасова выконваюць заданні па трох кампетэнцыях: «Электрамантаж», «Эксплуатацыя механічных транспартных сродкаў сельскагаспадарчай вытворчасці» і «Аўтасэрвіс». Такі ж конкурс педагогі праводзяць і для патэнцыяльных абітурыентаў з Асіповіцкага, Кіраўскага, Бабруйскага і іншых раёнаў. Кансультантамі выступаюць старшакурснікі, майстры і педагогі каледжа, а ў якасці экспертаў — прадстаўнікі заказчыкаў кадраў.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва каледжа





