Выхаванцы настаўніка Дзмітрыя Бондара пабывалі сёлета на конкурсе ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку — і гэта ўжо не ўпершыню. Чым займаюцца некаторыя з вучняў педагога ў пазаўрочны час і чаму сціплая вясковая матбаза стымулюе ў юных вынаходнікаў з’яўленне крэатыўных ідэй?

Гісторыя з працягам
Шаноўныя чытачы, вы любіце гісторыі з працягам? У нас ёсць магчымасць прасачыць у часе лёс настаўніка-фізіка з глыбінкі, ацаніць, як развіваецца яго талент. Калі ў Ганцавічах падказалі, што бацька чацвярых дзяцей Дзмітрый Бондар уваходзіць яшчэ і ў склад прэстыжнага клуба “Крыштальны журавель”, знайшоў тэкст пра суразмоўніка, які выступаў у фінале конкурсу “Настаўнік года — 2014”. Паўсотні педагогаў змагаліся тады за галоўны прыз. І вельмі ж цёпла ды каларытна, з яркімі дэталямі журналіст Уладзімір Субат, пабываўшы ў вясковай хаце Дзмітрыя Станіслававіча ў Хатынічах, расказаў пра яго! Гляньце тэкст у інтэрнэце — і ў гэтай размове, скіраванай на канкрэтную работу з дзецьмі педагога вышэйшай катэгорыі, пабачыце новыя фарбы.
Я ж у Хатынічах пакуль не быў, толькі планую. Дырэктар Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці Алена Ленкавец прапанавала Дзмітрыю Бондару прыехаць з некаторымі дзецьмі з яго творчых каманд, іх самаробкамі ў цэнтр, дзе мы і гутарылі. А справа ў тым, што Дзмітрый Станіслававіч, як кажуць, свой у цэнтры: ён педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі. Вядзе аб’яднанні па інтарэсах не ў Ганцавічах, а ў вёсках: на базе Хатыніцкай і Раздзялавіцкай сярэдніх школ. Прычым працуе вельмі паспяхова.
Чаму ў нас пазаклас?
— Дзмітрый Станіслававіч, адкуль вы родам, як пачыналася ваша педагагічная праца?
— Родам я адсюль, з Ганцавіч. Скончыў педуніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Фізіка і інфарматыка”. Паехаў па размеркаванні ў Хатыніцкую сярэднюю школу — там, як кажуць, і пусціў карані, стварыў сям’ю. А праз пэўны час заўважыў: ёсць патрэба ладзіць пазашкольную, пазакласную работу з тэхнікай, у тэхнічным кірунку. Чаму? Бо на занятках у нас у асноўным тэарэтычная фізіка, якая, будзем шчырымі, даволі цяжка ўспрымаецца большасцю школьнікаў, няпроста ім даецца. А на пазакласных занятках мы з імі ўзаемадзейнічаем у іншай сістэме каардынат. Такога на ўроках не хапае. І вось дзякуючы таму, што кіраўніцтва раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці ў асобе Алены Мікалаўены маё жаданне матэрыяльна падтрымала, на базе Хатыніцкай школы адкрылася першае такое аб’яднанне па інтарэсах. З таго часу шмат хто прайшоў праз наш пазаклас, прычым некаторыя дзеці так захапіліся тэхнічнай творчасцю, што звязалі далейшае жыццё з электронікай ці праграмаваннем. Ёсць электроншчыкі з нашых у розных кампаніях, ёсць праграмісты, нехта проста для сябе нешта робіць.
— Якія навыкі найперш у аб’яднанні дзеці атрымліваюць?
— Вельмі цікава ўсім паспрабаваць быць гаспадарамі над тэхнікай, а не сляпымі нейкімі прыдаткамі да яе, калі казаць вобразна. Вучым кантраляваць сучасную тэхніку, а для таго вывучаем, як яна пабудавана і як што працуе.
Вучымся разумна разбіраць, рамантаваць і збіраць. Такая мэта хоць асноўная, але ж не адзіная.
У нас вялікі спектр зацікаўленняў, пры гэтым улічваем, што вясковая школа не можа прадстаўляць маштабныя праекты. Імкнёмся даць магчымасць школьнікам займацца і 3D-мадэляваннем, і электронікай, і схематэхнікай, і механікай… Матэрыяльнае аснашчэнне ў нас даволі сціплае, таму калі хто займаецца з нейкімі мікракантролерамі, то іншы ў гэты час нешта робіць на камп’ютары ў адпаведных праграмах ці разбіраецца з механікай…
Ад Хатыніч да Раздзялавіч
— Ці маеце спонсараў?
— На шчасце, маем, і салідных. Гады тры назад, дзякуючы сталічным рэзідэнтам ПВТ, нам пашчасціла крыху аснасціцца-разжыцца пэўным абсталяваннем. Нават 3D-прынтар маем, паяльнае абсталяванне. Ёсць і модулі, якія школам паступаюць па праграме аснашчэння рэгіянальных цэнтраў — у нас яны з’явіліся дзякуючы поспехам, якія прыцягнулі ўвагу спонсараў. Бо дапамога ідзе тым, хто сам добра працуе. І кіраўніцтва цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці нам ідзе насустрач, тут з павагай і разуменнем ставяцца да нашай работы і заявак. Добры спонсар і падштурхоўваючы фактар — праграма Ашчадбанка “Настаўнік для Беларусі”. Дзякуючы ёй мы летась адкрылі наш філіял у Раздзялавіцкай школе, якая ад Хатыніч кіламетраў за 10—12.
Я там працую па сумяшчальніцтве, і вопыт мой ранейшы вельмі спатрэбіўся. Са мной тут хлопцы — прадстаўнікі Раздзялавіцкага філіяла: мы з імі разам пачыналі працу, скрупулёзную і складаную. Трэба ж было зрабіць базу для заняткаў і тэхтворчасці: разеткі пры кожным месцы, сталы, паяльныя прылады.
Мы працуем на базе кабінетаў фізікі. Абсталяванне, якое там ёсць, і рамантуем, і робім яго своеасаблівы апгрэйд. Заняткі ў сельскіх школах — добрая нагода і з практычнага боку зірнуць на фізіку, і падцягнуць веды па ёй.
Вучні з аб’яднання з лёгкасцю інтэгруюць атрыманыя веды на ўроках, маюць не проста добрыя адзнакі, а глыбокае разуменне пэўных з’яў і працэсаў. Немалаважна, што і самаацэнка вучняў павышаецца, яны хутка растуць як асобы.
— Можа, якраз практыка, якая і ёсць крытэрый ісціны, такое творыць?
— Напэўна што. І не абавязкова прагрэс назіраем у тых, хто паспяховы ў вучобе. І так бывала: хлопец не мае асаблівай ахвоты да навукі-навучання, чацвёркі ці пяцёркі ў сярэднім, а мы адкрываем іншыя таленты. Магчыма, чалавеку з канструктарскай жылкай якраз такая дзейнасць цікавая. І перспектывы, якія, напрыклад, адкрывае дзіцячы тэхнапарк, могуць карэнным чынам змяніць сітуацыю, абудзіць цікавасць да ведаў і ўвогуле да вучобы.
Штучная прафарыентацыя: лёс ці не лёс?
— Вашы вучні ездзілі ў тэхнапарк?
— Ездзілі, у тым ліку і сёлета двое. Зацікаўленні ў іх розныя: у электрычнасці ёсць напрацоўкі-задумы, у электроніцы, і з механікай гэта ўсё звязваюць. Дзеці рэалізуюць у парку свае праекты — і не абавязкова тыя, з якімі едуць. Але выхад на тэхнапарк заслугоўваюць дзякуючы сваім намаганням у гэтым напрамку: праз нашы аб’яднанні. Мы прывезлі два праекты, якія пралажылі нам туды дарогу.
— Аб’яднанні па інтарэсах маюць прафарыентацыйны складнік?
— Безумоўна, прычым прафарыентацыя гэта не насільная, з магчымасцю ўсё рукамі памацаць і сябе ў канкрэтнай справе паспрабаваць. Якраз гэта і робім ужо гадоў 10. Толькі ж у нас прафарыентацыя не масавая — штучная, і прадукт выпускаем штучны. Гэта вельмі тонкія зацікаўленні, адметныя кампетэнцыі. Гэтым трэба жыць. Адным захапленне лёгка даецца і вядзе ў прафесію — гэта лёс, а камусьці, як кажуць, і не лёс… Але, думаю, і такім у гаспадарцы атрыманыя навыкі спатрэбяцца, не будуць лішнім.
— Святлодыёдныя лямпачкі вашы вучні рамантуюць?
— Так: і з дому прыносяць, і ад суседзяў. А першае, з чаго пачынаем, — гірлянды ёлачныя сапсаваныя рамантуем, калі бацькі выкінуць не паспелі. Між тым аб’яднанні, падобныя да нашых, выгадныя для кожнай са школ, бо там электронікі, электрапрыбораў розных шмат.
Нядаўна ў Раздзялавіцкай школе самі адрамантавалі электразванок. Звычайна робім гэта на перапынку, і ўсе бачаць прыгожы эфект: не звінеў — і зазвінеў. А я даю магчымасць школьнікам самім яго разабраць, знайсці прычыну няспраўнасці.
Добра яшчэ, каб як мага больш дзяцей на свае вочы ўсё ўбачыла: магутная агітацыя за нашу справу — і эфектыўная яе прапаганда. Мы, на жаль, не можам у поўнай меры выкарыстоўваць для гэтага інтэрнэт-тэхналогіі: вельмі павольны ў школах у глыбінцы інтэрнэт. Спадзяемся, і да нас цывілізацыя дойдзе.
Што можа гідрук?
— Звернемся да прывезеных мадэлей. Якія навыкі з імі адпрацоўваеце?
— Усё, што тычыцца фізікі, пачынаючы ад механікі, а гэта 7—9 клас, адпрацоўваем на трэнажоры. Гэта гідраўлічная рука, якую вучні назвалі скарочана: гідрук. Тут можна і пагуляць, і заадно глыбей зразумець, што такое пнеўмагідракіраванне. На падобных прынцыпах працуе шмат абсталявання ў розных машынах і механізмах, нават у прамысловых робатах.
— Бачым тут шпрыцы вялікія, трубкі-шлангі, тросікі, рычагі…
— Усё прыдумалі, распрацавалі самі. Наша вынаходства, можна сказаць, пакуль не запатэнтавана. (Усміхаецца.) Такія рэчы мы і робім на занятках. Некаторыя ідэі школьнікі прыносяць, штосьці з інтэрнэту вылоўліваем. Гэтая мадэль дзейнічае, з ёй можна пагуляць.

Сын педагога дзевяцікласнік Мацвей Бондар (ён жа і на конкурс у дзіцячы тэхнапарк ездзіў) дэманструе, як дзейнічае гідрук, ствараючы ціск у сістэме пры дапамозе вялікіх шпрыцоў. Пры гэтым рухаецца механічная рука, заціскае ці адпускае прадмет, перамяшчае яго ўверх-уніз, улева ці ўправа. Расказвае, што канструявалі гідрук яны з татам, зманціравалі ўсё дзён за сем.
— Спачатку было ўсё паасобку, потым скампанавалі розныя функцыі ў адну мехруку, якая працуе за кошт сціснутага паветра, — прадаўжае Дзмітрый Бондар. — Можна ў канструкцыю заліць ваду альбо іншую вадкасць — таксама будзе працаваць.
— Цікавы і даволі просты дызайн. І ў вашай мадэлі можа быць практычнае прымяненне. Скажам, калі зрабіць механізм з цялежкай, каб механізаваць высадку саджанцаў лесу…
— Падумаем над прапановай.
Мы летась вазілі гідрук на фестываль навукі, які праходзіць на пачатку восені ў Батанічным садзе ў Мінску: чацвёра школьнікаў і я разам з імі. Як з гэтай канструкцыяй, так і з іншымі. Гідрук многіх зацікавіў, усім хацелася паспрабаваць, як гэта працуе. А мы прыдумалі праграму выпрабавання сістэмы. Вочы гарэлі як у дзяцей, так і ў дарослых.
Проста механічна-гідраўлічная рэч, без ніякай электронікі, наглядна ўсё працуе. А тут фізіка па праграме 7 класа і 9-га таксама. Як працуе рычаг, як пад рухам поршня адна энергія пераўтвараецца ў іншую — усё наглядна. Такі механізм варта б мець у кожнай школе. Цяпер у нас у распрацоўцы іншыя цікавыя рэчы, але пра гэта раскажам іншым разам. І я ўпэўнены, што вы пра таленавітых школьнікаў з Хатыніч і Раздзялавіч яшчэ не раз пачуеце.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара





