Бешанковіцкія школьнікі пад кіраўніцтвам педагогаў вядуць даследаванні, вынікам якіх зайздросцяць маладыя вучоныя. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сярод удзельнікаў першага на Віцебшчыне абласнога форуму класаў інжынернай накіраванасці, які прымаў ПДУ, прыемна было ўбачыць многіх герояў публікацый у “Настаўніцкай газеце”. Зразумела, мы абмяняліся навінамі: што зроблена, клапоціць, плануецца ў найбліжэйшы час?

Вельмі парадавала сустрэча з намеснікам дырэктара сярэдняй школы № 1 Бешанковіч імя І.І.Строчкі Аленай Піскуновай і яе вучнёўскай камандай. Год назад вучаніца Алены Вадзімаўны Марыя Петухова ўвайшла ў лік лепшых па выніках Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў пад эгідай Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях (між іншым яна адзіная школьніца з фіналістаў).
Біятэхнолагі-аматары з віцебскай глыбінкі прапанавалі вырабляць аналаг натуральнай скуры на аснове перапрацоўкі арганічных адходаў, прэзентавалі тэхналогію — і зрабілі сенсацыю. Дзякуючы атрыманаму за перамогу грашоваму сертыфікату, ва ўстанове адукацыі з’явіліся спецыяльныя кантэйнеры для вытворчасці біяскуры, сталы для яе апрацоўкі і сухапаветраны тэрмастат, швейная прамысловая машына, выставачнае абсталяванне. Такім чынам, на базе інжынерна-тэхнічнага цэнтра пачала работу школьная біятэхналагічная лабараторыя.
— Сёлета мы ажыццявілі трэці набор у групу інжынернай накіраванасці і адкрылі новы профіль — медыцынскі, таксама з біятэхналагічным ухілам, — расказала Алена Піскунова. — Вынік першага інжынернага выпуску — 100-працэнтнае паступленне на профільныя спецыяльнасці, як і нацэльвала нас дзяржава.
На базе цэнтра і лабараторыі ў прыватнасці наладжаны заняткі для ўсіх жадаючых — ад малодшых школьнікаў да старшакласнікаў, прычым іх з кожным годам становіцца больш.
Марыя, дарэчы, не з інжынернага выпуску: гэтую вучаніцу амаль з аднолькавай сілай вабілі біяінжынерыя і медыцына, яна выбрала педыятрыю. Мы не спынілі супрацоўніцтва. За школьны час паспелі правесці даследаванне матэрыялу, распрацавалі тэхналогію. Цяпер у нас на парадку дня пытанні, як аптымальна арганізаваць прамысловую вытворчасць. Накіравалі работу па гэтай тэме на конкурс “Навука будучыні” ў НАН Беларусі, у снежні чакаем вынікі. У школе даследчыцкую эстафету ў азначаным напрамку прынялі Максім Дзянькоўскі, Арына Ігнацёнак, Ігар Іваноў. А ўвогуле, каманда вялікая, у рознай ступені ахоплены практычна ўсе навучэнцы.
У рытме інавацыйных праектаў

Школьныя энтузіясты працягваюць даследаванні і практычную работу па ўкараненні вытворчасці біяскуры як альтэрнатыўнага тэкстыльнага матэрыялу. Зараз амаль гатова пробная партыя вырабаў, якія будуць прадстаўлены 17 снежня на выставе інавацыйных праектаў у “Прэзідэнт-атэлі”. У названым вышэй конкурсе бешанковіцкія інаватары сёлета вырашылі не ўдзельнічаць. У наступным годзе — абавязкова, з новым праектам. А цяпер будуць дзяліцца вопытам па-за конкурсам, рыхтуюцца прэзентаваць свае напрацоўкі ў аспекце іх паспяховай камерцыялізацыі. Што на біяскуру будзе попыт — даказана. На гэтую прадукцыю школа атрымала шэраг заказаў, нават папярэдні запіс давялося ўвесці. У тым ліку прадметна зацікаўлены ў пастаўцы біяскуры айчынныя дызайнеры, якія мінулай вясной пратэсціравалі ўзоры бешанковіцкай прадукцыі і маюць намер выпусціць эксклюзіўную калекцыю аксесуараў з біяскуры.
— Арыенціровачна ў сакавіку мы рыхтуем буйное адкрытае мерапрыемства па біятэхналогіях, — паведаміла Алена Піскунова. — Плануем запрасіць школьнікаў, калег, вучоных, прамыслоўцаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый.
Паколькі наш праект па біяскуры стаў добра вядомы, хочам на яго прыкладзе пераканаць скептыкаў, што сур’ёзнай біяінжынерыяй можна займацца ў школе.
У нас цеснае супрацоўніцтва з саветам маладых вучоных НАН Беларусі, і ў дачыненні да біяскуры яны нам зайздросцяць, бо менавіта мы гэта ўбачылі і змаглі. Яшчэ збіраемся паказаць усім зацікаўленым, як падобныя праекты могуць рэальна стаць прадпрыемствамі малога бізнесу ці актуальным дадатковым прамысловым рэсурсам у невялікіх гарадах. Калі там ёсць прадпрыемства па перапрацоўцы садавіны і агародніны, то можна на яго базе адкрыць вытворчасць запатрабаванага і экалагічнага інавацыйнага біятэкстылю. І пра новыя праекты раскажам. Тут зноў жа ў цэнтры ўвагі будзе перапрацоўка другаснай сыравіны, а значыць — дасягненне Мэт устойлівага развіцця, папулярызацыя прынцыпаў зялёнай хіміі, пошук шляхоў змяншэння вугляроднага следу.
Тэма зачапіла
Аповед пра адно з перспектыўных новых даследаванняў Алена Вадзімаўна пачала са знаёмых па мінулагоднім снежаньскім артыкуле слоў: “Ідэя праекта ўзнікла выпадкова”. Заўважыла ненаўмысны паўтор і з усмешкай дадала: “Як заўсёды”. Сама ідэя, прызнацца, выклікае сумненні, ці для школы гэтая справа. Але ж і з біяскурай так было. А за вельмі нечаканым выбарам сыравіны — насамрэч моцны выхаваўчы патэнцыял.
— У інтэрнэце мы знайшлі інфармацыю, што прадпрымальнік з Індыі перапрацоўвае фільтры цыгарэт у валокны, напаўняльнік для дзіцячых цацак, — патлумачыла педагог. — Уласна кажучы, спачатку трапілі на каментарыі, правільна ці няправільна гэта рабіць: людзі да пачыну адносяцца неадназначна. І нас тэма зачапіла. Сталі вывучаць увогуле, ці займаюцца ёй у свеце. Усё ж трэба ўлічваць, што курыльшчыкаў многа — 59% насельніцтва планеты. Калі ўважліва прыглядзецца, то ў населеных пунктах і асабліва ў гарадах самае распаўсюджанае смецце пад нагамі, на жаль, акуркі. Праблема ўтылізацыі відавочная. Мы высветлілі, што яе спрабуюць вырашаць у Расіі, Германіі, Італіі. Прапануюцца розныя шляхі перапрацоўкі такога віду смецця.
Мы распрацавалі свой і атрымалі абсалютна новы матэрыял, вытворчасць якога заснавана на прынцыпах устойлівага развіцця. Узялі адбракаванае, непрыдатнае для харчовай перапрацоўкі малако, з якога вырабілі казеін. Дадалі яшчэ пэўныя інгрэдыенты — і вось яна, матрыца для новага кампазіту. А ў якасці крыніцы арміраваных валокнаў выкарысталі адпрацаваныя цыгарэтныя фільтры. Бескантактная тэхналогія дазваляе іх абеззаражваць і адсарбіраваць таксічныя злучэнні (якія пасля натуральнага прыроднага раскладання застаюцца ў глебе і вадзе), затым адбельваць гэтую сыравіну і атрымліваць валокны ацэтатцэлюлозы, а ўжо з дапамогай гідролізу — чыстую цэлюлозу. Яна з’яўляецца арміруючым напаўняльнікам для новага кампазіту.
Мы пакуль не прыдумалі назву, аднак па тэхнічных уласцівасцях наш матэрыял не саступае палімерным кампазітам, якія прымяняюцца ў хімічнай прамысловасці. Пры гэтым ён не раствараецца ў вадзе, захоўвае форму, вельмі трывалы і ў той жа час вельмі лёгкі. Працягваем работу, усебакова даследуем магчымасці атрыманага біякампазіту. Літаральна летам заклалі пробы на біяраскладальнасць, ход эксперымента і тут абнадзейвае.
Безумоўна, прыярытэтнымі мэтамі застаюцца прафарыентацыя, матывацыя да навуковай дзейнасці, выхаванне беражлівых адносін да прыроды. І дзейсная антынікацінавая прапаганда: як прызналіся вучні, яны ў працэсе даследавання ўпершыню задумаліся над тым, што курэнне моцна шкодзіць не толькі курыльшчыку і тым людзям, хто знаходзіцца побач, але і навакольнаму асяроддзю. Зрабілі лагічны вывад: пачынаць самі не будзем і сябрам параім — не варта.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





