Пакой дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у сярэдняй школе № 16 Пінска ніколі не пустуе, у тым ліку ў суботу. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У метадычным арсенале педагога-арганізатара Іны Юшкевіч шмат цікавых форм работы, якія задаволяць нават пераборлівыя густы сучасных падлеткаў. Асаблівую ўвагу педагог удзяляе дзейнасці дзіцячых і маладзёжных арганізацый. Дзякуючы іх праграмам, рэалізуюцца і праводзяцца шматлікія праекты і конкурсы.

— Выхаваўчая работа ў піянерскай дружыне ці ў пярвічнай арганізацыі неадрыўная ад агульнага выхаваўчага працэсу ў школе, — гаворыць Іна Аляксандраўна. — Сістэмнае ўзаемадзеянне з класнымі кіраўнікамі і іншымі педагогамі дазволіла выпрацаваць найбольш эфектыўныя кірункі работы дзіцячых і маладзёжных арганізацый з улікам спецыфікі нашай установы. Вялікія магчымасці для рэалізацыі задуманага адкрывае шосты школьны дзень, вольны ад урокаў. Менавіта на суботу плануецца большая частка работы, у якой актыўна ўдзельнічаюць і дарослыя, і дзеці.
5 гадоў у сетцы Instagram рэалізуецца анлайн-праект для вучняў і іх бацькоў “Імперыя рэбусаў”. Дзякуючы яму ўдалося стварыць развіццёвае асяроддзе, пашырыць і паглыбіць узаемадзеянне сям’і і школы, раскрыць творчыя здольнасці выхаванцаў.
Заданні (рэбусы) адлюстроўваюць тэматыку школьнай суботы і ахопліваюць патрыятычнае і працоўнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця, супрацоўніцтва з сем’ямі.
— Важна, што ва ўсіх мерапрыемствах вучні задзейнічаны як актыўныя арганізатары і ўдзельнікі, а не як звычайныя гледачы, — заўважае Іна Юшкевіч. — А БРПА і БРСМ дапамагаюць наладзіць мост паміж светам дзяцінства і светам дарослых, далучыць да таго, што адбываецца навокал. Такім чынам прасцей перадаваць некаторыя спецыфічныя веды, якія цяжэй фарміруюцца і перадаюцца ў вучэбнай дзейнасці. Так, у бягучым навучальным годзе пачаўся трэці сезон гульнявога праекта школьнай суботы для піянераў “Гульнякропка”. Дзякуючы яму падлеткі могуць весела і з карысцю правесці час, наладзіць зносіны, пагуляць у развіццёвыя настольныя гульні, даведацца шмат цікавага пра гісторыю роднага краю. Рэалізоўваць праект дапамагаюць класныя кіраўнікі і настаўнікі-прадметнікі.
З мінулага навучальнага года ва ўстанове паспяхова ажыццяўляецца інфармацыйна-пазнавальны праект “ПраБРПА”, які добра дапаўняе работу настаўнікаў пачатковых класаў у рамках праграмы “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”. Праект уяўляе сабой квест для вучняў, дзе ў гульнявой форме адлюстраваны асноўныя кірункі гэтай праграмы з улікам дзейнасці БРПА. Акрамя таго, праект адкрывае дадатковыя магчымасці для ўзаемадзеяння паміж пярвічкай БРСМ і піянерскай дружынай імя Жэні Гуранковай, класнымі кіраўнікамі і іншымі педагогамі, зацікаўленымі ў рэалізацыі вучэбнай праграмы.
— Кожны клас з класным кіраўніком запрашаецца для ўдзелу ў квесце ў пэўную дату, адведзеную ў плане работы школьнай суботы, — расказвае Іна Аляксандраўна. — Гульнявыя заданні распрацаваны такім чынам, што лёгка відазмяняюцца ў залежнасці ад узросту ўдзельнікаў. Квест уключае чатыры станцыі: “Пра БРПА мы ведаем усё!”, “Пароль: толькі разам!”, “Мая Беларусь — мая гордасць!” і “Памяць пра Вялікую Перамогу ў нашых сэрцах!”.
Штогод педагог імкнецца ўнесці штосьці новае ў работу з дзіцячымі і маладзёжнымі аб’яднаннямі. Бягучы навучальны год не стаў выключэннем. Так, піянерская дружына ў рамках шэфскай дапамогі распрацавала новы праект, які ўяўляе сабой адкрытыя творчыя майстэрні для вучняў 2—4 класаў.
— Гэты праект выдатна зарэкамендаваў сябе сярод акцябрат і піянераў, адкрыўшы цудоўныя магчымасці для арганізацыі шэфства старшакласнікаў над малодшымі школьнікамі, — гаворыць Іна Юшкевіч. — Выхаваўчы эфект ад такой работы больш адчувальны.
Іна Юшкевіч з вялікай удзячнасцю ўспамінае сваю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Усцінню Данілюк, якая была надзвычай творчай асобай, нестандартна падыходзіла да ўрокаў і ўмела захапіць прадметам.
Скончыўшы Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна і сацыяльна-педагагічны факультэт гэтага ўніверсітэта, Іна Юшкевіч атрымала дыплом настаўніцы пачатковых класаў і выхавальніцы дашкольнай адукацыі, але апошнія 13 гадоў шчыруе педагогам-арганізатарам, чаму вельмі рада:
— У гэтай рабоце не толькі знайшла сябе, але і натхніла іншых узяць з мяне прыклад: многія выхаванцы з ліку вучнёўскага актыву выбралі ў далейшым педагагічную прафесію. Прыемна чуць ад іх: “Вы навучылі галоўнаму — жыццю”.
Іна Аляксандраўна лічыць, што вынікі яе работы маюць не імгненнае, а аддаленае дзеянне: “У гэтым іх асаблівая каштоўнасць, паколькі быць добрым чалавекам не менш важна, чым добра вучыцца”.
— Нам вельмі пашанцавала з педагогам-арганізатарам, якая ўмее зацікавіць, захапіць і павесці за сабой сучасных дзяцей, што даволі часта зрабіць не так і проста. Іну Аляксандраўну любяць і паважаюць выхаванцы. Многія з іх раўняюцца на гэтага актыўнага, нераўнадушнага і творчага педагога, у якога заўсёды шмат цікавых задум, — гаворыць дырэктар школы Генадзь Тарэлкін.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





