Каманда беларускіх школьнікаў паспяхова выступіла на ХХVІІ Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы: усе яе ўдзельнікі адзначаны медалямі. Мікіта Сазановіч са Стоўбцаў Мінскай вобласці і Барбара Кускова з Віцебска заваявалі сярэбраныя медалі. На рахунку Ільі Мядзянікава з Віцебска і Аляксея Вісцяжа з Іўя Гродзенскай вобласці бронзавыя медалі.
International Olympiad in Informatics, IOI-2015 — спаборніцтва, якое збірае наймацнейшых маладых праграмістаў, кожны з якіх змагаецца за інтэлектуальнае першынство сусветнага ўзроўню. Упершыню яно было праведзена ў 1989 годзе ў Балгарыі.
Сёлетняя міжнародная алімпіяда праходзіла з 26 ліпеня па 2 жніўня ў Казахстане ў сценах Казахскага нацыянальнага ўніверсітэта імя аль-Фарабі. Арганізатарамі інтэлектуальнага спаборніцтва выступілі Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр “Дарын” і Казахскі нацыянальны ўніверсітэт імя аль-Фарабі.
У алімпіядзе прынялі ўдзел 322 юныя інфарматыкі (сярод якіх 11 дзяўчат) з 84 краін свету. А гэта яскрава сведчыць пра тое, што міжнародныя інтэлектуальныя спаборніцтвы ў галіне інфарматыкі дастаткова запатрабаваны сярод моладзі. Сёння без інфармацыйных тэхналогій не абыходзіцца ні адзін паспяховы праект ці бізнес-ідэя, яны так ці інакш забяспечваюць работу большасці іншых галін.
Нашу краіну на алімпіядзе прадстаўлялі навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Мінскай вобласці Мікіта Сазановіч (настаўнік У.С.Радзіон), навучэнка 11 класа гімназіі № 1 Віцебска Барбара Кускова (В.П.Лакціна), навучэнец 10 класа гімназіі № 8 Віцебска Ілья Мядзянікаў (В.П.Лакціна) і навучэнец 11 класа Іўеўскай сярэдняй школы Гродзенскай вобласці Аляксей Вісцяж (В.В.Кеўра).
Кіраўнікамі нашай каманды сёлета з’яўляліся загадчыца кафедры інфарматыкі Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа кандыдат фізіка-матэматычных навук Ірына Фёдараўна Кірыновіч і старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Аляксандравіч Толсцікаў.
Згодна з правіламі, навучэнцы спаборнічаюць індывідуальна. Ад кожнай краіны могуць быць прадстаўлены не больш як 4 удзельнікі. Юным інфарматыкам прапаноўвалася рашыць па тры задачы ў кожны з 2 спаборніцкіх дзён з выкарыстаннем некалькіх моў праграмавання. На гэта адводзілася пяць гадзін.
Удзельнікі алімпіяды рашалі задачы самастойна, карыстаючыся толькі камп’ютарам. Ім неабходна было напісаць камп’ютарную праграму (у C, C++ ці Pascal, а калі-нікалі Fortran і PHP, Java) і адаслаць яе ў адзначаны тэрмін. Праграма ацэньваецца з дапамогай запуску яе на наборы сакрэтных тэстаў (звычайна 10—20). Удзельнік атрымлівае балы за кожны правільна рэшаны тэст пры ўмове, што час работы праграмы і аб’ём памяці, што выкарыстоўваецца ёю, укладаюцца ў акрэсленыя ва ўмове задачы абмежаванні. Часам навучэнцам неабходна было ўзаемадзейнічаць з сакрэтнай бібліятэкай. Гэта дазваляла ствараць задачы з нефіксаванымі ўваходнымі данымі, якія залежаць ад рэакцыі праграмы ўдзельніка (напрыклад, гульні). Яшчэ адзін тып задач — задачы з адкрытымі ўваходнымі данымі, гэта значыць, што навучэнцу на пачатку спаборніцтва даюцца тэсты, адказы на якія ён павінен адаслаць замест праграмы, якая б рашала задачу.
Па словах сярэбранага прызёра алімпіяды Мікіты Сазановіча, у параўнанні з задачамі рэспубліканскага ўзроўню задачы міжнароднай алімпіяды былі, зразумела, больш складанымі. Пашырыўся іх дыяпазон, адбыліся некаторыя змяненні. Так, калі раней прапаноўваліся задачы з фіксаванымі ўваходнымі данымі, то зараз уключаецца мадэляванне і гульнявыя сітуацыі. Ды і для рашэння некаторых задач неабходна было мець шырокі кругагляд, веды не толькі па інфарматыцы, але і па грамадазнаўстве, мастацтвазнаўстве, нават лінгвістыцы.
Мэтанакіраванасць, упартасць, спартыўны характар дазволілі Мікіту заваяваць медаль. Адметна, што хлопец знаходзіцца ў самым пачатку ліста ўзнагароджаных сярэбраным медалём. Праграмаваннем Мікіта пачаў займацца з 5 класа. У 6 класе ён ужо прымаў удзел у другім і трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. А з 2011 года хлопец — пастаянны ўдзельнік заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. У 2013, 2014, 2015 гадах быў удастоены дыплома І ступені, а ў 2015 годзе стаў абсалютным пераможцам рэспубліканскай алімпіяды і ўладальнікам дыплома І ступені на IX адкрытай алімпіядзе школьнікаў па праграмаванні ў Маскве. Акрамя таго, юнак з’яўляецца неаднаразовым прызёрам асабістых і камандных усерасійскіх алімпіяд у Санкт-Пецярбургу і Маскве. Акрамя інфарматыкі, хлопец захапляецца матэматыкай, з задавальненнем гуляе ў баскетбол.
— Для дасягнення поспеху вельмі важна, каб на пачатковым этапе табе сустрэўся добры настаўнік, які б змог зацікавіць інфарматыкай, праграмаваннем, павесці за сабой. І мне вельмі пашчасціла, што такі чалавек трапіўся на маім шляху, — гэта мой настаўнік Уладзімір Сяргеевіч Радзіон. У 1999 годзе ён арганізаваў і ўзначаліў школу юных інтэлектуалаў “Эрудыт”. У межах гэтай школы навучэнцы ўсіх узростаў устаноў адукацыі нашага раёна займаюцца інфарматыкай, матэматыкай, біялогіяй, хіміяй, псіхалогіяй, шахматамі і інш. Пазней з мэтай развіцця і падтрымання інтарэсу навучэнцаў да інфармацыйных тэхналогій была створана “Школа юных праграмістаў”. Уладзімір Сяргеевіч падтрымліваў, дапамагаў, накіроўваў. Увогуле, за перамогай заўсёды стаіць вялікая як сумесная, так і індывідуальная праца. Так, напярэдадні алімпіяды ў сярэднім даводзілася займацца па 8 гадзін у дзень. Нездарма ж гавораць, што поспех залежыць не столькі ад таленту, колькі ад працавітасці.
Другі год запар прызёрам Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы становіцца Аляксей Вісцяж. Летась на міжнародным спаборніцтве ў Тайвані хлопец заваяваў “серабро”. Займацца інфарматыкай і праграмаваннем Аляксей пачаў яшчэ ў 7 класе. І ўжо ў 8 класе прымаў удзел у рэспубліканскай алімпіядзе па прадмеце, заваяваўшы на абласным этапе дыплом ІІІ ступені. Зараз Аляксей — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Гаспадары алімпіяды паклапаціліся пра тое, каб госці ў вольны ад алімпіядных тураў час не сумавалі. Дэлегацыі наведалі казахскі этнааул, размешчаны ў турыстычнай базе “Гунны” ў Алматы. Спецыяльна для гасцей была падрыхтавана захапляльная праграма. Адным з запамінальных нумароў стала джыгітоўка, калі хлопцы і дзяўчаты падчас язды на конях паказвалі гімнастычныя і акрабатычныя трукі. Таксама быў прадэманстраваны звычай казахаў тусау кесу (перарэзванне путаў дзіцяці). Затым гасцей пачаставалі казахскімі нацыянальнымі стравамі — бешбармакам, баўрсакамі, куртам і напіткамі — кумысам і шубатам. Павучыліся прысутныя і танцаваць кара жарга.
Па выніках алімпіяды быў уручаны 161 медаль, з якіх 27 залатых, 55 сярэбраных, 79 бронзавых. Паспяхова выступілі прадстаўнікі ЗША, Расіі, Кітая. Наступная міжнародная алімпіяда школьнікаў па інфарматыцы пройдзе ў Расіі ў ліпені 2016 года. Месцам яе правядзення стане Казань.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.