Напрыканцы верасня па добрай тысячагадовай традыцыі на вялізнае балота Ельня, што ў Мёрскім раёне, злятаюцца тысячы жураўлёў. Некалькі тыдняў яны тут адпачываюць, кормяцца на пераараных на зіму калгасных палях, набіраюцца сіл перад дальняй дарогай у вырай. У гэты ж час таксама па добрай, праўда, усяго 4-гадовай традыцыі, у ваколіцы Ельні на фестываль “Жураўлі і журавіны Мёрскага краю” з’язджаюцца сотні гасцей. Людзі самага рознага ўзросту і прафесій з розных куточкаў Беларусі і свету некалькі гадзін адпачываюць, частуюцца стравамі мясцовай “журавінавай” кухні, назіраюць за жураўлямі, прагульваюцца па балоце, набіраюцца сіл перад дарогай дадому.
Галоўны сімвал
Белы лебедзь выдатна падыходзіць на ролю галоўнага геральдычнага сімвала Мёршчыны. Гэтую птушку можна сустрэць на многіх азёрах раёна, да таго ж яна сімвалізуе імкненне мясцовых жыхароў да лепшага, сведчыць пра дабрабыт краю, яго прыродную чысціню. Аднак калі б зацвярджэнне герба адбывалася не 20 студзеня 2006 года, а ў нашы дні, то месца грацыёзнага лебедзя, хутчэй за ўсё, заняў бы не менш грацыёзны жораў (сімвал адданасці роднаму краю), пад якім геральдысты, цалкам верагодна, размясцілі б выяву балотнай купіны з россыпам чырвоных журавін — сімвала прыроднага багацця. Убачыць жураўлёў, назбіраць журавін, прайсціся па балоце Ельня — вось той мінімум, які павінен выканаць кожны госць Мёршчыны, калі ён, канечне, жадае спазнаць прыгажосць і чароўнасць гэтага краю.Для праграмы-мінімум дастаткова і фестывальнага дня. Аднак для больш падрабязнага знаёмства патрэбен яшчэ хаця б адзін дзянёк, каб, акрамя балота, птушак і ягад, пазнаёміцца з самым маленькім горадам Беларусі — Дзісной, даведацца пра асаблівасці мясцовай керамікі і паслухаць цікавыя аповеды пра Капец-гарадок. І, безумоўна, варта завітаць у мёрскую сярэднюю школу № 3. Выдатнік адукацыі лаўрэат прэзідэнцкай прэміі “За духоўнае адраджэнне” Вітаўт Антонавіч Ермалёнак гатовы ў любы час сутак і ў любое надвор’е праводзіць шматгадзінныя экскурсіі па школьных музеях і вуліцах Мёр. Настаўнік гісторыі будзе расказваць, расказваць і яшчэ раз захапляльна расказваць пра асаблівасці раёна, яго мінулае і пацвярджаць кожнае слова ўнікальнымі экспанатамі. Знаёмства з Вітаўтам Антонавічам, шматгадзінная экскурсія ад настаўніка-краязнаўца чакаюць нас у адным з найбліжэйшых нумароў “Настаўніцкай газеты”, а пакуль што завітаем у Дзісну, якая знаходзіцца за 45 кіламетраў ад райцэнтра на супрацьлеглым баку Ельні.
Дзісна-гарадок
“Дзісна — самы маленькі горад Беларусі. Тут пражывае 1851 жыхар”, — з гордасцю адзначае ў пачатку нашай гутаркі дырэктар Дзісненскай сярэдняй школы Таццяна Арсеньеўна Ромель. Хтосьці ганарыцца жыццём у вялікім горадзе або сталічнай прапіскай. У дзісненцаў зусім іншая гордасць, местачковая. Прычым у гэтым слове зусім няма негатыўнай афарбоўкі. Наадварот. Менавіта беларускія мястэчкі ўзбагацілі айчынную і сусветную культуру, навуку выдатнымі дзеячамі. Менавіта мястэчкі на працягу стагоддзяў з’яўляліся гандлёвымі, прамысловымі і культурнымі цэнтрамі. Не выключэннем з’яўляецца і Дзісна. Калісьці тут часта праводзіліся шляхетныя балы, гучалі мазуркі і паланэзы. У Дзісне пачыналася прафесійная дзейнасць беларускага тэатра пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага (захаваўся нават будынак, дзе ставіліся п’есы). Дзісненскія брукаванкі добра памятаюць часы, калі па іх грукаталі карэты і салдацкія боты. Памятаюць і Язэпа Драздовіча, які тут вучыўся, і Вацлава Ластоўскага, які называў Дзісну сваім любімым мястэчкам, і святога патрыярха Ціхана, які служыў у мясцовай царкве.
Пачыналася гісторыя Дзісны ў ХІ стагоддзі, калі на беразе аднайменнай рэчкі было заснавана славянскае паселішча з дзіўнай назвай Капец-гарадок (ад слова “капаць”, што значыць “земляное ўмацаванне”). Новы этап у жыцці горада пачаўся ў 1569 годзе, калі яму было дадзена магдэбургскае права і герб. І нядзіўна, бо паселішча знаходзілася ў зручным месцы старадаўняга шляху “з варагаў у грэкі” і з даўніх часоў было гандлёвым цэнтрам. Менавіта пры Стэфане Баторыі пачалося будаўніцтва замкавага комплексу, які ўвабраў у сябе старыя земляныя ўмацаванні. Згодна з планам другой паловы XVIII стагоддзя, у горадзе былі дзве асноўныя вуліцы: Замкавая (цяпер Юбілейная) і Уваскрасенская (Кірава). На месцы іх перасячэння быў створаны ансамбль кірмашовай плошчы з ратушай і гандлёвымі радамі. Гэтыя вуліцы, нібыта Дзісна і Заходняя Дзвіна, убіралі ў сябе шматлікія вулачкі-рэчкі. На жаль, з прычыны войнаў і пажараў да нашых дзён дайшлі толькі адзінкавыя помнікі архітэктуры.
Нараджэнне казкі
Нягледзячы на такую гістарычную несправядлівасць, мінулае рэгулярна нагадвае пра сябе мясцовым жыхарам. Кожны год падчас палявых работ яны знаходзяць на агародах рэшткі керамікі, прадметы побыту і працы, узбраення. Таму ў Дзісне проста не можа не быць музеяў. Іх два. Гэта гісторыка-краязнаўчыя музеі Дзісненскай сярэдняй школы і філіяла Мёрскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Па словах настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Дзісненскай сярэдняй школы Алены Паўлаўны Красоўскай, заснаваны музей быў у 1986 годзе намаганнямі былых настаўнікаў, а цяпер ветэранаў педагагічнай працы Фадзея Лаўрэнцьевіча Шымуковіча і Веры Міхайлаўны Сергіенка. Спачатку экспазіцыя размяшчалася ў адным пакоі, дзе прадстаўлены прадметы, якія расказваюць пра гісторыю Дзісны ад старажытнасці да нашых дзён. У 2009 годзе быў аформлены другі пакой у гонар Героя Савецкага Саюза танкіста Міхаіла Кузьміна, экіпаж якога вызваляў горад і першым 4 ліпеня 1944 года ўварваўся ў Дзісну.
Кіраўніком музея настаўніцай гісторыі Валянцінай Леанідаўнай Ляшкевіч сумесна з удзельнікамі гуртка “Музейная справа” распрацаваны шэраг экскурсій (напрыклад, “Баявы шлях Міхаіла Кузьміна”, экскурсійны паказ “Гісторыя адной знаходкі”), а таксама заняткі па ваенна-патрыятычнай тэматыцы “Гэта быў час, які нельга забыць”. Славіцца школьны музей і сваімі дасягненнямі. Так, у нядаўнім аглядзе-конкурсе музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі ён заняў на раённым этапе 1-е месца. Адзначаны ганаровымі граматамі і дыпломамі вучнёўскія даследчыя работы “Традыцыйная матэрыяльная і духоўная культура Дзісненшчыны”, “Дзеці за калючым дротам — адно з самых страшных злачынстваў фашызму”, “Лёс яўрэяў Дзісны”, “Гісторыя вуліц у гісторыі нашага горада”, “Мая сям’я — мая гордасць”, “Гісторыя адной знаходкі”, “Лісты з фронту”, “Лёс маёнтка ў Дарожкавічах”, нарыс “Дзісненская Уваскрэсенская царква”.
— У невялікім горадзе ды з такой багатай гісторыяй проста немагчыма не калекцыяніраваць артэфакты мінулага. Гэтай справай я і пачала займацца з першых дзён работы настаўнікам-лагапедам у былой школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі маўлення разам з калегамі Львом Мікалаевічам Фурсавым, Міхаілам Міхайлавічам Бічаніным. У 1997 годзе адміністрацыя выдзеліла пад экспазіцыю невялікае памяшканне. Потым колькасць выхаванцаў пачала скарачацца, вызваляліся цэлыя вучэбныя карпусы, для музейнай справы з’явіўся вялікі прастор. Пачаўся новы этап больш актыўных экспедыцый па вёсках, дзісненскіх вулачках. Старадаўняя кераміка, мэбля з лазы, маляванкі Язэпа Драздовіча, фотаздымкі — усё, што знаходзілася і ўяўляла гістарычную каштоўнасць, прыносілася ў музей, расстаўлялася, развешвалася, раскладвалася па сваіх месцах, — дзеліцца кіраўнік музея філіяла Цэнтра дзяцей і моладзі Ала Пятроўна Майсяёнак.
У экспазіцыі можна вылучыць некалькі калекцый. Гэта археалагічныя знаходкі, вышываныя ручнікі і адзенне, фотаздымкі, гістарычныя дакументы, прылады працы і побыту. Асабліва каштоўныя ўзоры дзісненскай керамікі. Гаршкі, збаны, глякі, міскі, слоікі, спарышы прадстаўлены тут у дастатковай колькасці. Як звычайна адбываецца знаёмства наведвальнікаў з асаблівасцямі глінянага посуду? Экскурсавод бярэ ў рукі экспанат і расказвае пра яго адметнасці. Ала Пятроўна ідзе іншым шляхам. Яна прапаноўвае экскурсійнай групе ўважліва разгледзець прадметы керамічнай калекцыі, вылучыць іх агульныя рысы і вызначыць посуд, створаны не дзісненскімі майстрамі.
— Адметнасцямі дзісненскай керамікі з’яўляюцца мяккія абрысы, характэрныя для народных промыслаў Паўночна-Заходняй Беларусі. Дзісненскія майстры стваралі посуд шляхам выцягвання на нажным ганчарным крузе. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пераважала вытворчасць паліванай керамікі. Яна аздаблялася традыцыйнымі расліннымі або геаметрычнымі ўзорамі, якія наносіліся зялёным, карычневым і белым колерамі па чырвоным або белым фоне, — адзначае кіраўнік музея.
У гліняным посудзе, створаным дзісненскімі ганчарамі, не толькі варыліся крупы, але і захоўвалася сметанковае масла. А ў Дзісне яно калісьці было асаблівым і сваім адметным смакам славілася на ўсё Прыдзвінне. Дзісненскія збаны і глечыкі вылучаюцца выцягнутай формай. Хто ведае, магчыма, на Дзісненшчыне і нарадзілася знакамітая казка пра жураўля і лісу. У гэтым творы вуснай народнай творчасці не гаворыцца, дзе канкрэтна знаходзіўся дом жорава, у які ён запрасіў лісу, каб пачаставаць са збана смачным крупняком. Цалкам верагодна, што ў першапачатковым варыянце гэта балота Ельня, а вось крупнік быў звараны на знакамітым дзісненскім масле і ўпрыгожаны чырвонымі журавінамі.
Фестывальныя прыгоды
Частаванне гасцей стравамі “журавінавай” кухні з’яўляецца неад’емнай часткай фестывалю “Жураўлі і журавіны Мёрскага краю”, які сёлета праводзіўся ў чацвёрты раз 20 верасня. Як адзначыў на ўрачыстым адкрыцці фестывалю старшыня Мёрскага райвыканкама Ігар Валер’евіч Кузняцоў, свята не толькі з’яўляецца брэндам раёна, яго турыстычнай візітоўкай, але і дае магчымасць кожнаму ўдзельніку задумацца пра тое, якую прыродную і культурную спадчыну мы пакінем нашчадкам. Акрамя сустрэч з артыстамі, назіраннем за жураўлямі, госці маглі ўдзельнічаць у экалагічных гульнях, выбраць лепшую сядзібу Мёрскага раёна, купіць на памяць у мясцовых майстроў сувеніры, а таксама пачаставацца свінінай, запечанай з журавінамі, пакаштаваць піражкі з журавінавым джэмам, ды і проста ўкінуць у рот прыгаршчы кісла-салодкай ягады і запіць усё гэта журавінавым морсам.Месца і час правядзення фестывалю выбраны невыпадкова. Менавіта ў другой палове верасня на балоце Ельня выспяваюць мільёны чырвоных пацерак. Журавін столькі, што за сезон мясцовыя жыхары нарыхтоўваюць каля 500 тон карыснай ягады. Кожны год на балоце Ельня адпачываюць перад доўгай дарогай у вырай каля 50 тысяч шэрых жураўлёў. Сюды яны злятаюцца з краін Скандынавіі, Прыбалтыкі, Расіі. Толькі за адзін вечар над балотам можа праляцець каля 4—5 тысяч птушак. Паназіраць за жураўлямі ўдзельнікам фестывалю прапаноўваюць супрацоўнікі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня”, якія сумесна з прадстаўнікамі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” на працягу святочнага дня кожную гадзіну адпраўляюць ад гарадскога парка “Паўвостраў” аўтобус. Кожны ахвочы можа бясплатна заняць месца каля арнітолагаў і адправіцца на поле ў ваколіцы Ельні, каб паназіраць праз спецыяльную оптыку за грацыёзнымі птушкамі.
Птушыны аэрапорт
Паназіраць — гэта сказана вельмі проста. Лепш так: прыняць удзел у сапраўдным рытуале, у якім важнай з’яўляецца кожная дробязь. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што птушкі цэлы дзень заняты выключна выклёўваннем з зямлі невялікіх беспазваночных і насення кукурузы. На самай справе ў гэты час за кожным рухам людзей уважліва сочаць некалькі соцень пар вачэй. Жураўлі бачаць усё, што адбываецца навокал. Калі нехта з назіральнікаў адлучыцца ад асноўнай групы хаця б на дзесяць метраў у кірунку поля, птушкі могуць устрывожыцца і ўзляцець. Толькі прытрымліваючыся пэўных правіл, можна зрабіць удалыя кадры з серыі “Жураўлі на полі стаяць” або “Жураўлі над полем ляцяць”.Па словах інфармацыйнага супрацоўніка “Аховы птушак Бацькаўшчыны” Вікторыі Церашонак, члены прыродаахоўнай грамадскай арганізацыі праводзяць улікі журавоў сумесна з мясцовымі жыхарамі — захавальнікамі балота Ельня. Каля 30 чалавек, сярод якіх шмат настаўнікаў, рэгулярна адсочваюць сітуацыю на балоце, паведамляюць арнітолагам пра з’яўленне птушак, пажары, утварэнне смеццевых звалак. “Ельня для журавоў з’яўляецца своеасаблівым міжнародным аэрапортам, дзе яны адпачываюць перад дальняй дарогай на поўдзень. Гэта ўнікальнае месца, бо падобных у Еўропе практычна не засталося. Перад пачаткам назіранняў мы наведваем пераараныя палі і вызначаем, якія з іх аблюбавалі птушкі. Ідэальна, калі месца начлегу і харчавання знаходзіцца недалёка. Калі сёлета на месца назірання аўтобус едзе пяць хвілін, то ў мінулым годзе поўны круг назірання займаў каля паўтары гадзіны. Сёлета нам пашчасціла, і ўбачыць журавоў праз спецыяльную оптыку можа большая колькасць людзей”, — адзначае Вікторыя Церашонак.
Працэс назірання арнітолагі суправаджаюць аповедамі пра жураўлінае жыццё. Шэры журавель — адна з буйных птушак Беларусі і Еўропы. Нягледзячы на пэўную стабілізацыю колькасці, а ў некаторых месцах і яе павелічэнне, шэры журавель з 1981 года занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Дарослая птушка вылучаецца грацыёзнай паставай, доўгай шыяй, шэрым касцюмам-апярэннем і чырвонай шапачкай. Яго рост можа дасягаць паўтара метра, а размах крылаў — больш за два. Пра вернасць журавоў можна складаць легенды. Пара ўтвараецца на ўсё жыццё, і разлучыць яе можа толькі гібель адной з птушак. Харчуюцца ягадамі, насеннем, беспазваночнымі. У вырай адлятаюць звычайна ў кастрычніку.
Сумесная праца
Актыўную дапамогу ў назіранні за птушкамі, іх уліку, як ужо адзначалася, аказваюць настаўнікі і вучні Мёрскага раёна. Па словах дырэктара Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня” Івана Іванавіча Барка, найбольш актыўна такое супрацоўніцтва вядзецца ў перыяд асенняга ўліку птушак. Акрамя таго, спецыялісты заказніка рэгулярна праводзяць для школьнікаў экалагічныя заняткі, на якіх знаёмяць навучэнцаў з жывёльным і раслінным светам балота Ельня. Пасля таго як у 2013 годзе быў адкрыты экалагічны візіт-цэнтр заказніка, заняткі праводзяцца ў спецыяльна абсталяваных кабінетах. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з мёрскай сярэдняй школай № 2, а таксама школай № 3, будынак якой знаходзіцца побач з цэнтрам. Разам з настаўніцай англійскай мовы гэтай школы Галінай Аляксандраўнай Урбановіч супрацоўнікі заказніка рыхтуюць з ліку старшакласнікаў англамоўных гідаў. Напярэдадні фестывалю ва ўстановах адукацыі раёна традыцыйна праводзіцца экалагічны тыдзень. Так, у трэцяй школе райцэнтра ў рамках тыдня Галінай Аляксандраўнай сумесна з Таццянай Георгіеўнай Крук і Аляксандрам Генрыхавічам Яноўскім быў арганізаваны інтэграваны ўрок англійскай мовы і біялогіі, падчас якога вучні расказвалі на англійскай мове пра ўнікальнасць Ельні, глядзелі фільм “Ельня — краіна журавоў” і абмяркоўвалі яго. У канцы ўрока праводзілася экалагічная віктарына. А завяршыліся заняткі на салодка-журавінавай ноце: кожны вучань пачаставаўся смачным піражком з журавінавым джэмам.
— Актыўна мы супрацоўнічаем са школамі, якія знаходзяцца непасрэдна каля балота. Гэта Дворнасельскі і Чапукоўскі дзіцячыя сады — сярэднія школы. Дарэчы, у апошняй створаны цудоўны экалагічны музей. Я сам педагог па адукацыі, таму ведаю, калі ёсць актыўны настаўнік, то ёсць і актыўнае супрацоўніцтва. Добрыя адносіны ў нас склаліся і з установамі адукацыі іншых раёнаў, у прыватнасці з Браслаўскай гімназіяй. Варта ўзгадаць і настаўніцу біялогіі гімназіі № 4 Смаргоні Гродзенскай вобласці Ірыну Рамуальдаўну Клявец, якая актыўна папулярызуе ідэю зялёных школ, у сетку якой уваходзяць некалькі школ Мёрскага раёна, у прыватнасці, Дзісненская сярэдняя школа. Часта наведваюць Ельню навучэнцы Германавіцкай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна. Многія нашы юныя госці пасля заканчэння школы паступаюць на профільныя эколага-біялагічныя факультэты ўстаноў вышэйшай адукацыі. Яны ў нас праходзяць практыку, пішуць і курсавыя, і дыпломныя работы, — паведамляе Іван Іванавіч.
Важная тэрыторыя
Для жыхароў Мёршчыны Ельня ўсё роўна што для палешука Прыпяць. Балота корміць, аберагала ў часы ваеннага ліхалецця, надае фізічных і душэўных сіл. Тое, што кожны год людзі нарыхтоўваюць на ім да 500 тон журавін, мы ўжо гаварылі. Варта адзначыць і такія факты: падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Ельні базіраваліся партызанскія брыгады, а зімой размяшчаўся нават партызанскі аэрадром. Хаваліся на балоце ад карнікаў і яўрэйскія сем’і.Ельня — гэта найбуйнейшы ў Беларусі комплекс верхавых і пераходных балот са шматлікімі азёрамі, невялікімі астравамі. Глыбіня тарфяных залежаў часам дасягае 8 м. На тэрыторыі балота налічваецца больш за 100 азёр, якія з’яўляюцца рэшткамі старажытнага вялікага возера. Большасць з іх звязаны паміж сабой рэкамі і пратокамі. Аснову воднага сілкавання балота складаюць грунтавыя воды і ападкі. Маштабная меліярацыя змяніла гідралагічныя ўмовы Ельні. Узровень грунтавых вод знізіўся, што стала адной з асноўных прычын частых пажараў. Парушэнне гідралагічнага рэжыму адбіваецца і на змяненні відавога складу флоры, прыводзіць да зарастання адкрытых участкаў балот кустоўем і лесам. Для выпраўлення сітуацыі супрацоўнікі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня” сумесна з “Аховай птушак Бацькаўшчыны” і проста неабыякавымі людзьмі пабудавалі плаціны, якія дапамагаюць падтрымліваць належны ўзровень грунтавых вод.Вядома балота і статусам ТВП (тэрыторыя, важная для птушак). Тут сустракаецца 98 відаў нашых крылатых сяброў, 23 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Сярод іх тыповы жыхар тундры белая курапатка, або пардва. Падчас вясновай і восеньскай міграцыі на балоце спыняецца вялікая колькасць гусей, качак і жураўлёў. Сустракаюцца на Ельні і 11 відаў раслін-“чырванакніжнікаў”. Сярод
іх бяроза карлікавая і марошка прысадзістая. Захаванне біяразнастайнасці балота, яго гідралагічнага рэжыму — задача рэспубліканскага ўзроўню.
Адвечная песня
Нядзеля, сем гадзін вечара, неба зацягнута хмарамі, змяркаецца, накрапвае дождж… У такое надвор’е, здаецца, толькі і ляжаць дома на канапе з кубачкам гарачай гарбаты і адпачываць перад працоўным тыднем. Аднак, калі вакол цябе ўнікальнае балота Ельня, над якім ужо з’явіўся першы жураўліны клін, ты гатовы літаральна на ўсё, нават заначаваць у балоце пад адкрытым небам. Толькі б лішнюю хвілінку паназіраць, як высока ў небе ляцяць жураўлі. Толькі б яшчэ адно імгненне паслухаць, як над адзінокімі балотнымі дрэвамі, купінамі і россыпам чырвоных пацерак-журавін разносіцца адвечнае “курлы-курлы”.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.