Прывітанне краіне ад навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Фаніпаля

- 12:22Педагагічная майстэрня

Урок фізікі настаўніка сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна Максіма Віктаравіча Дубіны быў прысвечаны рашэнню задач. Ён праходзіў у 8 класе па тэме “Паслядоўнае і паралельнае злучэнне праваднікоў”. Пакуль вучні рыхтаваліся да ўрока, педагог увёў мяне ў курс справы. Ён запланаваў індывідуальную, франтальную, групавую формы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці. Акрэсліў адукацыйныя мэты ўрока.

Плануецца, што да канца ўрока навучэнцы будуць:

  • рашаць якасныя і разліковыя задачы на знаходжанне напружання на правадніках, сілы току ў правадніках і агульнага супраціўлення праваднікоў пры паслядоўным і паралельным злучэнні праваднікоў;
  • мець уяўленне пра камбінаванае злучэнне праваднікоў і метады разліку напружання на правадніках, сілы току ў правадніках і агульнага супраціўлення праваднікоў пры камбінаваным злучэнні праваднікоў;
  • валодаць практычнымі ўменнямі па вызначэнні сілы току і напружання на розных участках электрычнага ланцуга;
  • паглыбяць веды аб выкарыстанні фізічных прыбораў (амперметр, вальтметр) для вымярэння фізічных велічынь.

Затым Максім Віктаравіч расказаў пра выхаваўчыя задачы ўрока, якія накіраваны на развіццё індывідуальнай і калектыўнай культуры вучэбнай дзейнасці, умення слухаць, уважліва ставіцца адно да аднаго, выкарыстоўваючы работу ў групе; на фарміраванне інфармацыйных кампетэнцый, на стварэнне ўмоў для рэфлексіі навучэнцамі ўласнай дзейнасці.

Развіццёвыя задачы ўключалі стварэнне такіх сітуацый, якія спрыяюць развіццю ў вучняў умення ставіць мэту і планаваць сваю дзейнасць; вучаць навыкам каманднай дзейнасці па дасягненні агульнай мэты; аналітычнаму мысленню вучняў (параўноўваць і аналізаваць); развіваюць уменне працаваць з фізічным абсталяваннем, формуламі, праводзіць з імі матэматычныя дзеянні.

Яшчэ раз праверылі абсталяванне: вальтметр (2 штукі), амперметр (2 штукі), крыніцы току (2 штукі), ключ (2 штукі), лямпачкі на 3,5 В (3 шт.), рэзістары на 3 Ом і 6 Ом, злучальныя правады, прэзентацыя, раздатачны матэрыял.

Васьмікласнікі, падрыхтаваўшыся, чакалі званка, ціха перашэптваючыся паміж сабой. У класе панавала працоўная атмасфера, таму, калі празвінеў званок, усе ўключыліся ў работу.

Арганізацыйны момант

Адводзіцца літаральна хвіліна. Наступныя некалькі хвілін даюцца для фармулёўкі праблемы, тэмы і мэт урока. Педагог спрабуе зацікавіць васьмікласнікаў наступнай сітуацыяй: што рабіць, калі ў распараджэнні ёсць два рэзістары супраціўленнем 3 Ом і 6 Ом, а ў схему трэба ўпаяць рэзістар супраціўленнем 9 Ом? 2 Ом?

Колькі ўсяго можна атрымаць розных су­праціўленняў, маючы ў запасе два рэзістары розных супраціўленняў? А колькі ўсяго можна атрымаць розных супраціўленняў, маючы ў запасе тры рэзістары розных супраціўленняў?

Вучні абмяркоўва­юць сітуацыі, робяць высновы аб магчымасці выкарыстання паралельнага і паслядоўнага злучэнняў праваднікоў; робяць высновы пра існаванне камбінаваных злучэнняў і неабходнасці пашырэння ведаў аб такіх злучэннях.

Настаўнік называе тэму ўрока, спрыяе пастаноўцы мэт. Вучні фармулююць мэты: пашы­рыць разуменне заканамернасцей, уласцівых для паслядоўнага і паралельнага злучэнняў праваднікоў; разгле­дзець ключавыя задачы па гэтых тэмах; прымяніць атрыманыя веды на сітуацыю камбінаванага злучэння праваднікоў.

Актуалізацыя апорных ведаў

Настаўнік прапанаваў правесці актуалізацыю ведаў, выкарыстоўваючы прыём “Сартаванне”, размеркаванне заканамернасцей для сілы току, напружання і супраціўлення па тыпе злучэння праваднікоў. Пры гэтым у кожнага навучэнца ёсць лісты з часткамі запісу формул. Вучні размяркоўваюць на дошцы і замацоўваюць пры дапамозе магнітаў адпаведныя запісы. Настаўнік разам з вучнямі паўтарае значэнне кожнага запісу.

Этап рашэння якасных задач

Максім Віктаравіч знаёміў клас з умовай кожнай задачы (прадстаўляў на слайдах і прагаворваў). За рашэнне задач выдаваў навучэнцам бонусы (цукеркі).

1. У колькі разоў адрозніваецца максімальна магчымае супраціўленне ад мінімальна магчымага, якія можна атры­маць рознымі злучэннямі 10 аднолькавых рэзістараў?

2. У колькі разоў адрозніваецца напружанне на рэзістарах, калі R1 = 2 Ом, а R2 = 10 Ом (паслядоўнае злучэнне).

3. У колькі разоў адрозніваецца напружанне на рэзістарах, калі R1 = 2 Ом, а R2 = 10 Ом (паралельнае злучэнне).

4. Размяркуйце супраціўленне рэзістараў па змяншэнні.

5. Размяркуйце супраціўленне рэзістараў па ўзрастанні.

 6. Якое гэта злучэнне?

Васьмікласнікі ўважліва вывучалі змест кожнай задачы, прадумвалі і выказвалі варыянты адказаў. І, зразумела, атрым­лівалі бонусы за правільныя адказы. Па выніках ацэньвання навучэнцаў настаўнік сфарміраваў дзве групы даследчыкаў і групу тэарэтыкаў.

Этап работы ў групах

Максім Віктаравіч дае заданне групам даследчыкаў: першай групе — эксперыментальную задачу на паралельнае злучэнне, другой — эксперыментальную задачу на камбінаванае злучэнне. Першая і другая група даследчыкаў право­дзяць вымярэнні, робяць разлікі, рыхтуюць пісьмовую справаздачу.

У гэты час педагог працуе з групай тэарэтыкаў па адпрацоўцы навыкаў рашэння разліковых задач (задачы прадстаўлены на картках, на рашэнне кожнай з задач навучэнцам адводзіцца пэўны час, пасля заканчэння якога клас абмяркоўвае свае рашэнні).

1. Рэзістары супраціўленнем R1 = 5 Ом і R2 = 20 Ом злучаны паслядоўна. Знайдзіце агульнае супраціўленне ланцуга.

2. Рэзістары супраціўленнем R1 = 5 Ом і R2 = 20 Ом злучаны паралельна. Знайдзіце агульнае супраціўленне ланцуга.

3. Рэзістары супраціўленнем R1 = 4 Ом і R2 = 12 Ом злучаны паслядоўна і падключаны да крыніцы напружання
U = 24 В. Вызначце сілу току ў кожным рэзістары (I1 і I2) і напружанне (U1 і U2) на кожным з іх.

4. Рэзістары супраціўленнем R1 = 4 Ом і R2 =12 Ом злучаны паралельна і падключаны да крыніцы напружання
U = 24 В. Вызначце сілу току ў кожным рэзістары (I1 і I2) і напружанне (U1 і U2) на кожным з іх.

5. Рэзістары супраціўленнем R1 = 5 Ом, R2 = 8 Ом і R3 =12 Ом злучаны так, як паказана на малюнку, і падключаны да крыніцы напружання U = 24 В. Вызначце сілу току ў кожным рэзістары (I1, I2 і I3) і напружанне (U1, U2 і U3) на кожным з іх.

6. Рэзістары супраціўленнем R1= 6 Ом, R2= 3 Ом і R3 = 6 Ом злучаны так, як паказана на малюнку, і падключаны да крыніцы напружання U = 24 В. Вызначце сілу току ў кожным рэзістары (I1, I2 і I3) і напружанне (U1, U2 і U3) на кожным з іх.

7. Колькі ўсяго можна атрымаць розных супраціўленняў, маючы ў запасе тры рэзістары розных супраціўленняў?

8. Тры лямпачкі, кожная супраціўленнем 14 Ом, злучаны так, як паказана на малюнку, і падключаны да крыніцы напружання U = 4,2 В. Вызначце сілу току ў кожнай лямпачцы і напружанне на кожнай з іх.

9. Рэзістары супраціўленнем R1 = 6 Ом, R2 = 8 Ом, R3 =10 Ом і R4 =12 Ом злучаны так, як паказана на малюнку, і падключаны да крыніцы напружання U=1,5 В. Вызначце сілу току ў кожным рэзістары (I1, I2, I3 і I4) і напружанне (U1, U2 , U3 і U4) на кожным з іх.

10*. Рэзістары супраціўленнем R1 = 4 Ом, R2 = 5 Ом, R3 = 20 Ом і R4 = 8 Ом злучаны так, як паказана на малюнку, і падключаны да крыніцы напружання U =12 В. Вызначце сілу току ў кожным рэзістары (I1, I2, I3 і I4) і напружанне (U1, U2, U3 і U4) на кожным з іх.

Педагог арганізуе самастойную работу і рашэнне задач каля дошкі, суправаджае вучняў падчас іх самастойнай дзейнасці. Пры рашэнні кожнай задачы Максім Віктаравіч прапануе выбраць адказ з раскладзеных на настаўніцкім стале картак (калі адказ няправільны, то на адваротным баку напісана “няправільна”, калі адказ правільны, то на адваротным баку напісаны словы, з якіх у канцы ўрока навучэнцы збяруць фразу). Пра такія ўмовы работы настаўнік паведамляе пасля першай рэшанай задачы. Адпаведна, пасля завяршэння сваіх разлікаў група эксперыментатараў выбірае карткі з тых, што раскладзены на лабараторным стале (у канцы класа). У канцы ўрока на дошцы з’яўляюцца словы “Прывітанне краіне ад навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Фаніпаля”.

Група тэарэтыкаў працуе з разліковымі задачамі. Навучэнцы слухаюць настаўніка, аналізуюць умовы, праводзяць неабходныя вылічэнні, запісваюць рашэнне задач у сшытак. Рашаюць задачы з каменціраваннем каля дошкі і самастойна. У якасці падказкі могуць выкарыстоўваць неабходныя формулы, якія прыведзены на дошцы.

Прадстаўленне вынікаў работы груп даследчыкаў

Настаўнік арганізуе работу ўсяго класа па вывучэнні вынікаў груп даследчыкаў. Дэманструе ўмову эксперыментальнага задання першай, а затым другой групы даследчыкаў.

Навучэнцы слухаюць аднакласнікаў, азнаёміўшыся з алгарытмам правядзення эксперыментальнага задання на слайдзе. Першая група прадстаўляе вынікі выканання эксперыментальнага задання: даследавалі выкананне галоўных заканамернасцей паралельнага злучэння праваднікоў, разлічылі і праверылі іх агульнае супраціўленне. Другая група — вынікі і метады рашэння пастаўленай задачы: даследавалі размеркаванне напружання і сілы току пры камбінаваным злучэнні праваднікоў, эксперыментальная ўмова задачы супадае з умовай 8 задачы з карткі для групы тэарэтыкаў.

Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія

Настаўнік арганізуе абмеркаванне ступені дасягнення мэт, стварае сітуацыю рэфлексіі, задаючы пытанні “Як вы лічыце, якія з пастаўленых мэт у пачатку ўрока нам удалося дасяг­нуць?”, “Чаму важны той матэрыял, які мы вывучалі сёння на ўроку?”.

Васьмікласнікі абмяркоўваюць, робяць высновы. Адказваючы на пытанні, навучэнцы дэманструюць, што яны м­аюць уяўленне аб значэнні камбінаванага злучэння ў электратэхніцы.

Дамашняе заданне

Задачы 8, 9 і 10 з картак, раздадзеных навучэнцам у залежнасці ад іх дасягненняў на ўроку.

Урок скончыўся. Практычна ўся запланаваная настаўнікам работа выканана. Ніжэй будзе каментарый Максіма Віктаравіча. Ад сябе хачу сказаць, што мне вельмі спадабалася атмасфера ўрока. Працавалі ўсе, хоць кожны ў сваім тэмпе. Пры гэтым дзеці вельмі карэктна ставіліся адно да аднаго, дапамагалі сваім таварышам. Васьмікласнікі былі спакойныя і разважлівыя. Безумоўна, тон задаваў настаўнік, цярплівы і ўважлівы да кожнага. На працягу ўсіх 45 хвілін у класе панавала атмасфера ўзаемапавагі.


Для Максіма Віктаравіча такая атмасфера звыклая, таму ў сваім каментарыі ён засяродзіўся на іншых момантах:

— Гэты ўрок быў прысвечаны рашэнню задач. З мэтамі ўрока мы практычна справіліся. Некаторыя цяжкасці выклікалі задачы на камбінаванае злучэнне, але ў нас ёсць у запасе яшчэ адзін урок, на якім мы пастараемся разабрацца з праблемамі, якія ўзніклі. Работа ў класе была зладжанай. Тыя навучэнцы, якія паказалі лепшыя вынікі пры рашэнні якасных задач на пачатку ўрока, былі падзелены на дзве эксперыментальныя групы. Яны займаліся эксперыментам (адна — больш простым, другая — складаным). З трэцяй групай мы займаліся рашэннем задач. Эксперыментальныя групы крыху заблыталіся. Я думаў, што яны справяцца хутчэй.

Звычайна пры выкладанні фізікі я прытрымліваюся наступнага плана: спачатку разбіраем з вучнямі новую тэму, пасля рашаем задачы, толькі потым праводзім лабараторную работу. А пры рашэнні задач часта фарміруюцца эксперыментальныя групы, адна з якіх робіць эксперымент, максімальна набліжаны да таго, які будзе на лабараторнай рабоце. У выніку 3—4 чалавекі маюць дакладнае ўяўленне пра эксперымент лабараторнай работы, а падчас яе правя­дзення становяцца галоўнымі ў сваіх падгрупах і дапама­гаюць разабрацца астатнім.

Яшчэ адзін момант — гэта выкарыстанне квест-тэхналогіі, якую я пераняў у свайго калегі Анатоля Канстанцінавіча Шабусава. Гэтую тэхналогію лепш прымяняць па-за межамі ўрока, бо яна патрабуе больш вольнага часу. На ўроку вы бачылі, што, рашаючы задачы, вучні збіралі словы, што стала дадатковым стымулам. Дзеці ў класе розныя, таму заўсёды рыхтую заданні з адпаведнымі планкамі. Вось і да гэтага ўрока я падрыхтаваў 10 задач (складаў сам, у адпаведнасці з логікай урока). Акрамя таго, задачы рашаюцца на час. Практыкую праблемныя пытанні. Яшчэ мне сімпатызуе тэхналогія актыўнай ацэнкі, бо яна дае магчымасць не зацыклівацца на адзнаках. Бо наша мэта — найперш навучыць дзіця, а не адзнаку паставіць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.