На тыдні быў зацверджаны рэспубліканскі план па правядзенні Года культуры ў Беларусі. Дакументам прадугледжана рэалізацыя як ужо традыцыйных конкурсаў, фестываляў, акцый (“Культурная сталіца Беларусі”, Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Дзень беларускага пісьменства, Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, Міжнародны кінафестываль “Лістапад”, свята Купалля “Александрыя збірае сяброў”, Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “M.art.кантакт”, Міжнародны фестываль тэатраў лялек, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, “Ноч музеяў” і інш.), так і прымеркаваных адмыслова да Года культуры мерапрыемстваў. У плане названы такія новыя праекты, як “Мецэнат культуры ў Год культуры”, “Горад культуры ў Год культуры” (найбольш паспяховы турыстычны цэнтр) і “Чалавек Года культуры” (сярод работнікаў гэтай сферы).
Яркай чырвонай лініяй праявіцца ў Год культуры святкаванне юбілеяў знакавых постацей айчыннай культуры: Максіма Багдановіча (з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння), Цёткі (140-годдзя), Кандрата Крапівы (120-годдзя), Івана Шамякіна і Івана Мележа (95- годдзя), Уладзіміра Мулявіна (75-годдзя).
Ужо з лютага пачнецца дабрачынны творчы марафон “Адраджэнне”, прымеркаваны да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а ў чэрвені будуць арганізаваны мерапрыемствы да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
План па правядзенні Года культуры ў Беларусі прадугледжвае таксама і мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы значных устаноў культуры, у тым ліку Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, капітальны рамонт і рэканструкцыю памяшканняў рэгіянальных устаноў культуры. Не застануцца ў баку ад дзяржаўнай увагі і аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. У прыватнасці, плануецца завяршэнне першай чаргі рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы і заканчэнне рэканструкцыі з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры XVIII стагоддзя — Свята-Пакроўскага манастыра ў Талачыне. У рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА будзе прадстаўлена дасье “Святкаванне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай”.
Плануецца, што завяршальным акордам правядзення Года культуры ў Беларусі стане форум творчай інтэлігенцыі і работнікаў культуры ў снежні.
А днямі начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі расказаў журналістам пра запланаваныя на Год культуры мерапрыемствы ў сталіцы нашай краіны.
Сяргей Уладзіміравіч асабліва падкрэсліў, што Год культуры ў Мінску пройдзе пад знакам выхавання патрыятычнай самасвядомасці беларусаў і папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Менавіта ў гэтым рэчышчы ў 2016 годзе ў сталіцы будуць праведзены тыдзень беларускай мовы, фестываль беларускай моды “Этнастыль”, фестываль патрыятычнай песні, фестываль “Папараць-кветка”, Дзень вышыванкі і інш.
У цэнтры Мінска ў Верхнім горадзе будуць устаноўлены помнікі жыхарам сталіцы ХІХ стагоддзя, увасобленыя ў манументах-вобразах кампазітара Станіслава Манюшкі і пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэтыя скульптуры павінны арганічна ўліцца ў міні-парк скульптур, дзе ўжо ёсць “Войт” і “Шалі”. Таксама сёлета завершыцца работа па стварэнні музейнай экспазіцыі “Мінская конка” побач з Мінскай гарадской ратушай і карэтнай экспазіцыяй.
Знакавыя мерапрыемствы, па словах Сяргея Мядзведзева, пройдуць у чэрвені 2016 года ў мемарыяльным комплексе “Трасцянец”. Ён нагадаў, што летась у чэрвені кіраўнік дзяржавы адкрыў мемарыяльны знак “Вароты памяці” на тэрыторыі комплексу. Узвядзенне мемарыялу працягваецца пры актыўнай фінансавай падтрымцы жыхароў і арганізацый Беларусі і іншых краін. Толькі за апошні год на будаўніцтва комплексу яны ахвяравалі 1215 млн беларускіх рублёў і 400 тысяч еўра.
Таксама планам мерапрыемстваў Мінгарвыканкама на Год культуры прадугледжваюцца шматлікія мерапрыемствы па ахове і папулярызацыі гісторыка- культурнай спадчыны сталіцы (на тэрыторыі Мінска знаходзіцца больш за 630 такіх аб’ектаў), адкрыццё новых музейных экспазіцый на базе сярэдніх агульнаадукацыйных школ, гімназій, каледжаў, дзіцячых музычных школ і іншых устаноў адукацыі, музеяў і бібліятэк.
Сяргей Мядзведзеў звярнуў увагу журналістаў на тое, што культура ў Год культуры пазіцыяніруецца дзяржавай не толькі як паняцце з мастацкай сферы, але і як культура побыту, паводзін, землекарыстання, спажывання і г.д., інакш кажучы, увогуле як рухавік і аснова ўсяго грамадства. А сам Год культуры, адпаведна, разглядаецца як ключ да стварэння ў нашым грамадстве новых адносін да культуры.
Мікола ЧЭМЕР.