Праект праграмы дзейнасці ўрада накіраваны на аднаўленне збалансаванага эканамічнага росту, заявіў Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім абмяркоўваўся дакумент.
“Праект праграмы выбудаваны зыходзячы са стратэгічнага прыярытэту аднаўлення збалансаванага эканамічнага росту і павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Плануецца ў гэтай пяцігодцы пачаць фарміраванне новай структуры эканомікі, што забяспечыць эканамічную незалежнасць краіны, пры гэтым паралельна з дзяржаўнай павінна развівацца прыватная ініцыятыва”, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, работа будзе будавацца на прынцыпах асабістай адказнасці ўсіх членаў урада за канчатковы вынік і адкрытасці іх дзейнасці.
Андрэй Кабякоў канстатаваў, што задачамі для ўсіх органаў дзяржкіравання вызначаны аднаўленне канкурэнтаздольнасці прамысловасці і павышэнне эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу, дыверсіфікацыя экспарту і рацыянальнае імпартазамяшчэнне, стварэнне новых рабочых месцаў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, эфектыўнае крэдытаванне, канцэнтрацыя рэсурсаў на эфектыўных інавацыйных праектах пры падтрымцы экспарту, пераход на сектаральную падтрымку, зніжэнне затрат, у тым ліку ў сферы энергетыкі і ЖКГ з паралельным змяненнем тарыфаў на паслугі, адыход ад перакрыжаванага субсідзіравання з адначасовым узмацненнем адраснай сацыяльнай падтрымкі слабаабароненых грамадзян, безумоўнае выкананне сваіх валютных абавязацельстваў, паляпшэнне ўмоў вядзення бізнесу, зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі, укараненне механізма ацэнкі рэгулятарнага ўздзеяння на бізнес. “Кантрольная дзейнасць павінна мець прафілактычны рэгулятарны характар”, — заявіў прэм’ер-міністр.
Дакумент на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна прадстаўляў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.
Паводле слоў міністра, у праграме ўстаноўлены тры базавыя ўмовы эканамічнай палітыкі: забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці, нарошчванне золатавалютных рэзерваў да мінімальнага бяспечнага ўзроўню і бездаўгавое фінансаванне плацежнага балансу краіны, паступовая выплата сфарміраваных знешніх даўгоў.
Акрамя пералічаных прэм’ер-міністрам мер, у праграму дзейнасці ўрада, па словах Уладзіміра Зіноўскага, уключаны сістэмныя пытанні ўдасканалення экспартнай стратэгіі. Яна прадугледжвае дыверсіфікацыю экспарту праз размеркаванне экспартных патокаў паміж рынкамі ЕАЭС, ЕС і іншых краін — у прапорцыі трэць/трэць/трэць, павышэнне эфектыўнасці сістэмы экспартнай падтрымкі, развіццё эканамічнай інтэграцыі, выкарыстанне магчымасцей інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з ЕС, КНР, краінамі далёкай дугі.
У інвестыцыйнай палітыцы найважнейшым прыярытэтам вызначана павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў і аддачы на кожны рубель інвестыцый. Ільготныя крэдыты на інвестпраекты будуць прадастаўляцца па конкурсе ў час рэалізацыі дзяржпраграм.
У асобны блок пытанняў вынесены сістэма дзяржкіравання і рэгіянальная палітыка, дзе выкладзены наступныя прынцыповыя пазіцыі: скарачэнне колькасці і дубліравання функцый міністэрстваў і ведамстваў, падзел паўнамоцтваў уласніка і рэгулятара, матывацыя дзяржслужачых.
Вынікам разгляду праекта стала адабрэнне Саветам Міністраў праграмы дзейнасці ўрада на 2016—2020 гады.
Праграма дзейнасці ўрада з’яўляецца складовай часткай адзінага пакета праграмных дакументаў на пяцігодку, цесна звязана з выкананнем 20 дзяржаўных праграм галін і сфер дзейнасці, праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады.