Подых гісторыі

- 9:49Навіны рэгіёнаў

У краязнаўчым музеі “Спадчына” Маларыцкай раённай гімназіі сёння захоўваецца 50 пісем з фронту. 46 з іх маюць канкрэтных адрасатаў у 12 населеных пунктах раёна. На салдацкіх трохкутніках стаяць паштовыя штампы, датаваныя 1943—1945 гадамі. Амаль палова пісем адрасавана маці, столькі ж — жонкам і толькі тры — бацьку. Напісаны лісты на рознай паперы: звычайных аркушах са школьных сшыткаў ці блакнотаў, адваротным баку казённых бланкаў, абрыўках плакатаў, на паштовых картках.

Пошукам і апрацоўкай трохкутнікаў з Вялікай Айчыннай вайны займаецца пошукавая група вучняў, якая дзейнічае пры школьным музеі ўжо не адзін год.
— Пісьмы з фронту — сведчанне таго, што чалавек яшчэ жывы, ваюе з ворагам ці ляжыць у шпіталі, — гаворыць дзесяцікласніца-пошукавец Марыя Сацюк. — Гэтыя лісты чакалі штодзень, а атрымаўшы, з нецярпеннем чыталі ўсёй сям’ёй. Іх паказвалі родным, суседзям і вельмі радаваліся. Салдацкія трохкутнікі — старонка Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя маленькія гістарычныя дакументы мінулай вайны маюць асаблівую каштоўнасць, бо звязваюць у адно цэлае час, памяць і забыццё.— Чытаеш пісьмы з фронту — і ахопліваюць незвычайныя пачуцці, — расказвае дзесяцікласніца-пошукавец Настасся Шаўкапляс. — Адразу судакранаешся з жывой гісторыяй, унутраным светам і асабіста перажытым тых, хто гэтыя лісты пісаў. У франтавых пісьмах дакладна перададзена атмасфера ваеннага ліхалецця. Памятыя і пажаўцелыя ад часу, напісаныя найчасцей алоўкам, некаторыя абвугленыя, з пабляклым штампам палявой пошты і адзнакамі ваеннай цэнзуры, некаторыя ўжо дрэнна чытаюцца. Але якой незвычайнай цеплынёй, сардэчнасцю і шчырасцю прасякнуты кожны радок у пісьме, колькі ўкладзена чалавечай дабрыні, спагады, любові…
— Па словах маларытчан, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, франтавыя пісьмы найчасцей пісаліся тады, калі ўзнікала магчымасць: паміж жорсткімі баямі, у акопах пад свіст куль, гул артылерыйскай кананады, разрывы снарадаў і бомб, на тумбачках у шпіталях і бліндажах, нават на прыкладзе вінтоўкі, на лясным пяньку, у зямлянцы, — гаворыць дзесяцікласніца-пошукавец Ганна Уласюк. — Няроўны почырк ад рукі, якая дрыжыць, звычайныя пытанні да жонкі, дзяцей і бацькоў, перажыванні і нават прызнанні ў каханні. Лісты з палёў баёў надзвычай дакладна паведамляюць пра тое, што, дзе, калі і як было. Колькі ў іх цеплыні, веры, пяшчоты, надзеі, любові і клопату пра самых блізкіх людзей. Вайна, здавалася, адступала, калі салдат даставаў аркуш паперы, аловак і пісаў дадому. Пісаў пра тое, што думаў і перажываў. Не звяртаў увагі ні на стыль сваіх пісем, ні на мову, ні на магчымыя памылкі. Ці да гэтага тады было? Галоўнае — напісаць пра сябе хоць некалькі радочкаў, паведаміць, што жывы і здаровы.Пісьмы з фронту ўжо даўно перасталі быць асабістай справай. Цяпер яны належаць гісторыі, якую павінны ведаць усе. Іх месца — у музеях, а не ў сямейных архівах.
Перачытаем некаторыя салдацкія трохкутнікі. Вось пісьмо, адрасаванае Домне Корань з вёскі Арэхава: “10 мая 1945 года. Добры дзень, дарагія бацькі! Прывітанне, любімая жонка і дзеткі Кацюша, Коля, усе родныя і знаёмыя! Я зараз знаходжуся ў самым цэнтры Германіі, непадалёк Берліна. Добра тут у іх. Навошта немцы рабавалі просты народ, калі былі на нашай тэрыторыі? Чаго ім не хапала? Усё ж ёсць. На няшчасці іншых нельга стаць шчаслівымі. Бог такога здзеку не даруе праклятаму немцу. Гітлеру і Гебельсу прыйшоў капут, а вайне — канец. Хутка зусім даб’ём фашысцкую гадзіну. Да вас прыеду з перамогай! Няхай жыве дзень 9 Мая, Дзень Перамогі над ворагам. Гэта свята ўсенароднае. Вораг разбіты, а перамога за намі! Вітаю вас, дарагія бацькі. Вайна скончылася. Да сустрэчы! Васіль Корань”.
Другі ліст адрасаваны Софіі Лук’янчук з вёскі Гвозніцы: “10 снежня 1944 года. Дарагая жонка Софія і ненаглядныя дзеткі Міша і Хэлца! Дарагое маё сямейства, паведамляю вам, што я жывы і здаровы. Вам жадаю добрага здароўя і поспеху ў дамашнім жыцці. Дасылаю табе, дарагая жонка Софія, чыстасардэчнае чырвонаармейскае прывітанне. А дзеткам, Мішу і Хэлцы, жадаю добрага здароўя і шчасця. Дарагі сынок Міша, калі ёсць у нашай вёсцы школа, прашу цябе, ідзі вучыся. Калі няма абутку, то няхай маці папросіць у каго-небудзь, каб сплялі лапці. Але ў школе неабходна вучыцца, бо вучэнне — гэта свет, а невучэнне — цемра. Дарагая жонка Софія, як атрымаеш маё пісьмо, то адразу напішы адказ. Як ты жывеш сама? Мне перадалі, што ў цябе дрэннае здароўе. Прашу, не вельмі знясільвайся працай. Як будзем жывыя, то ўсё разам будзем нажываць пасля вайны. Па мне вельмі не сумуй. Ужо блізка перамога над ненавісным ворагам. Вярнуся — і зажывём шчасліва на сваёй роднай зямлі.
Таксама дасылаю прывітанне маці і бацьку, сястры Парасцы. Дашлі мне адрас швагра Івана. Ці жывы ён? Дзе ваюе? Яшчэ перадай прывітанне Ільі з яго сямействам, хрышчонаму бацьку, сястрыцы Каці, Ульяне, суседу Паўлу Янкевічу і Уладзіку, брату Рыгору і яго жонцы Паліне.
І яшчэ. Ці закончыла будаваць сястра Параска сваю хату? Ці, можа, усе жывяце разам? Глядзіце, каб было цёпла. Напішыце, ці ёсць у вас дровы на зіму. У нас тут цёпла, як вясной, ідуць дажджы. Думаю, што і ў вас няма маразоў, бо нас аддзяляе недзе 600 км.
Нам далі добрае адзенне і чыстую пасцельную бялізну. Пастаянна бываем у лазні. З навукай я спраўляюся не горш за іншых. Мне ўсё зразумела. Толькі вось сумую па сваёй сям’і. Хто пасля мяне пайшоў служыць на фронт? З таварышаў побач нікога няма. Часта бачу Івана Зялько.
Да сустрэчы! Лука Іванавіч Лук’янчук”.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.