“Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш”. Гэтыя радкі расійскага гісторыка Васіля Ключэўскага ў поўнай меры характарызуюць Марыю Пятроўну Жыгалаву, доктара педагагічных навук Расійскай Федэрацыі, прафесара Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, сапраўднага члена Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расіі, заслужанага настаўніка Беларусі, вядомага навукоўца ў галіне методыкі выкладання літаратуры, аўтара больш чым 200 навуковых прац, 29 з якіх — манаграфіі і вучэбна-метадычныя дапаможнікі.
Прафесійная біяграфія Марыі Пятроўны пачынаецца ў 1973 годзе, калі яна заканчвае Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Настаўнік рускай мовы і літаратуры”. Затым малады філолаг пачынае свой працоўны шлях у школах Брэстчыны. Сапраўдны майстар сваёй справы, яна падрыхтавала да самастойнага жыцця не адно пакаленне дзяцей. Яе выпускнікі з поспехам працуюць у самых розных сферах дзейнасці, і ўсіх іх аб’ядноўвае пачуццё ўдзячнасці да сваёй настаўніцы. У 1984 годзе Марыя Пятроўна стварае музей А.С.Пушкіна ў Арэхаўскай сярэдняй школе, якому ў 1988 годзе было прысвоена званне “Выдатны школьны музей”.
За плённую працу Марыя Пятроўна была ўзнагароджана шматлікімі граматамі раённага аддзела адукацыі, райвыканкама, абласнога аддзела адукацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па выніках атэстацыі ў 1984 годзе ёй была прысвоена катэгорыя “настаўнік-метадыст”. М.П.Жыгалава была дэлегатам XVIII з’езда прафсаюзаў СССР, дэлегатам VII з’езда настаўнікаў Беларусі. У 1987 годзе яна атрымала званне “Заслужаны настаўнік Беларусі”.
Здаецца, што ўсё, можна было б ужо і спыніцца. Але Марыя Пятроўна ўпэўнена крочыць далей — не за ўзнагародамі і чарговымі пасадамі, а за ведамі, за імкненнем дасягнуць дасканаласці ў сваёй прафесіі. З цягам часу яна паспяхова абараняе не адну навуковую дысертацыю, атрымлівае не адно ганаровае званне. Актыўна супрацоўнічае з навуковымі ўстановамі Беларусі, Расіі, Германіі, Польшчы, ЗША, стварае адукацыйныя праекты, удзельнічае ў навуковых канферэнцыях. Адной з апошніх яе ўзнагарод стаў медаль “Пушкін — Міцкевіч” за заслугі ў папулярызацыі навуковага супрацоўніцтва Польшчы і Беларусі, атрыманы ў чэрвені 2015 года. Прафесар М.П.Жыгалава свабодна валодае рускай, беларускай, украінскай, нямецкай мовамі, разумее польскую. Яе імя занесена ў энцыклапедыю “Кто есть Кто. Деловой мир СНГ. Who is Who. Business world of CIS”. У 2007 годзе Марыя Пятроўна прызначаецца на пасаду прафесара кафедры тэорыі і гісторыі рускай літаратуры Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, дзе працуе і сёння.
Нягледзячы на свае дасягненні ў прафесійным і грамадскім жыцці, Марыя Пятроўна — шчыры і адданы сваёй прафесіі чалавек. Па просьбе калектыву маларыцкай сярэдняй школы № 2 яна другі год на базе школы праводзіць семінар “Арганізацыя і методыка навукова-даследчай работы ў школе” для настаўнікаў раёна, дзеліцца асабістым вопытам і напрацоўкамі. Калі ўпершыню трапляеш да яе на лекцыю, то не зусім усведамляеш, як можна так лёгка і зразумела перадаць вялікі аб’ём навуковай інфармацыі. Ты не заўважаеш, з якой хуткасцю пралятаюць 2—3 гадзіны заняткаў. І сакрэт, мне здаецца, тут просты: Марыя Пятроўна не трансліруе гатовыя веды, а вядзе дыялог са слухачом, намагаючыся раскрыць усе сакрэты навукі. На заняткі да Марыі Пятроўны, як адзначалі Таццяна Давыдоўская, Людміла Галавей, Надзея Кухцей і многія іншыя настаўнікі, заўсёды хочацца прыйсці яшчэ раз.
Марыя Пятроўна ніколі і нікому не адмаўляе ў дапамозе, у індывідуальных кансультацыях і занятках. Так, у мінулым годзе яна правяла семінар “Прафесійная этыка” для ўсяго калектыву школы.
Л.В.Куц, дырэктар маларыцкай сярэдняй школы № 2, гаворыць:
— Такія семінары лічу вельмі карыснымі для ўсіх настаўнікаў. Адносіны ў калектыве школы сталі больш карэктнымі і добразычлівымі. У сваёй рабоце мы сталі арыентавацца на прынцыпы павагі, узаемадапамогі і адказнасці. Марыя Пятроўна дала парады і адміністрацыі школы. Асабіста для мяне, настаўніка-філолага, сталі карыснымі артыкулы М.П.Жыгалавай у навукова-метадычным часопісе “Беларуская мова і літаратура”, прысвечаныя вывучэнню манаграфічных і аглядавых тэм па беларускай літаратуры ў старшых класах. Я зразумела, як дапамагчы вучням у засваенні лекцыі, у якой паслядоўнасці ў 9 —11 класах трэба замацоўваць іх навыкі ў фіксацыі лекцыйнага матэрыялу і, самае галоўнае, як пры гэтым правільна пабудаваць урок, напоўніць цікавым зместам.
Мяняюцца вучні, слухачы, калегі Марыі Пятроўны — і яна мяняецца разам з імі. Ёй падабаецца кожны раз па-новаму адкрываць дзівосны свет навукі і педагогікі. У гэтым, на думку М.П.Жыгалавай, і заключаецца самая галоўная ўмова поспеху і задавальнення ад прафесіі.
Людміла ЯРМАШУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры маларыцкай сярэдняй школы № 2.





