Умова поспеху і задавальнення ад прафесіі

- 9:06Людзі адукацыі

“Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш”. Гэтыя радкі расійскага гісторыка Васіля Ключэўскага ў поўнай меры характарызуюць Марыю Пятроўну Жыгалаву, доктара педагагічных навук Расійскай Федэрацыі, прафесара Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, сапраўднага члена Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расіі, заслужанага настаўніка Беларусі, вядомага навукоўца ў галіне методыкі выкладання літаратуры, аўтара больш чым 200 навуковых прац, 29 з якіх — манаграфіі і вучэбна-метадычныя дапаможнікі.

Прафесійная біяграфія Марыі Пятроўны пачынаецца ў 1973 годзе, калі яна заканчвае Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Настаўнік рускай мовы і літаратуры”. Затым малады філолаг пачынае свой працоўны шлях у школах Брэстчыны. Сапраўдны майстар сваёй справы, яна падрыхтавала да самастойнага жыцця не адно пакаленне дзяцей. Яе выпускнікі з поспехам працуюць у самых розных сферах дзейнасці, і ўсіх іх аб’ядноўвае пачуццё ўдзячнасці да сваёй настаўніцы. У 1984 годзе Марыя Пятроўна стварае музей А.С.Пушкіна ў Арэхаўскай сярэдняй школе, якому ў 1988 годзе было прысвоена званне “Выдатны школьны музей”.За плённую працу Марыя Пятроўна была ўзнагароджана шматлікімі граматамі раённага аддзела адукацыі, райвыканкама, абласнога аддзела адукацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па выніках атэстацыі ў 1984 годзе ёй была прысвоена катэгорыя “настаўнік-метадыст”. М.П.Жыгалава была дэлегатам XVIII з’езда прафсаюзаў СССР, дэлегатам VII з’езда настаўнікаў Беларусі. У 1987 годзе яна атрымала званне “Заслужаны настаўнік Беларусі”.
Здаецца, што ўсё, можна было б ужо і спыніцца. Але Марыя Пятроўна ўпэўнена крочыць далей — не за ўзнагародамі і чарговымі пасадамі, а за ведамі, за імкненнем дасягнуць дасканаласці ў сваёй прафесіі. З цягам часу яна паспяхова абараняе не адну навуковую дысертацыю, атрымлівае не адно ганаровае званне. Актыўна супрацоўнічае з навуковымі ўстановамі Беларусі, Расіі, Германіі, Польшчы, ЗША, стварае адукацыйныя праекты, удзельнічае ў навуковых канферэнцыях. Адной з апошніх яе ўзнагарод стаў медаль “Пушкін — Міцкевіч” за заслугі ў папулярызацыі навуковага супрацоўніцтва Польшчы і Беларусі, атрыманы ў чэрвені 2015 года. Прафесар М.П.Жыгалава свабодна валодае рускай, беларускай, украінскай, нямецкай мовамі, разумее польскую. Яе імя занесена ў энцыклапедыю “Кто есть Кто. Деловой мир СНГ. Who is Who. Business world of CIS”. У 2007 годзе Марыя Пятроўна прызначаецца на пасаду прафесара кафедры тэорыі і гісторыі рускай літаратуры Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, дзе працуе і сёння.
Нягледзячы на свае дасягненні ў прафесійным і грамадскім жыцці, Марыя Пятроўна — шчыры і адданы сваёй прафесіі чалавек. Па просьбе калектыву маларыцкай сярэдняй школы № 2 яна другі год на базе школы праводзіць семінар “Арганізацыя і методыка навукова-даследчай работы ў школе” для настаўнікаў раёна, дзеліцца асабістым вопытам і напрацоўкамі. Калі ўпершыню трапляеш да яе на лекцыю, то не зусім усведамляеш, як можна так лёгка і зразумела перадаць вялікі аб’ём навуковай інфармацыі. Ты не заўважаеш, з якой хуткасцю пралятаюць 2—3 гадзіны заняткаў. І сакрэт, мне здаецца, тут просты: Марыя Пятроўна не трансліруе гатовыя веды, а вядзе дыялог са слухачом, намагаючыся раскрыць усе сакрэты навукі. На заняткі да Марыі Пятроўны, як адзначалі Таццяна Давыдоўская, Людміла Галавей, Надзея Кухцей і многія іншыя настаўнікі, заўсёды хочацца прыйсці яшчэ раз.
Марыя Пятроўна ніколі і нікому не адмаўляе ў дапамозе, у індывідуальных кансультацыях і занятках. Так, у мінулым годзе яна правяла семінар “Прафесійная этыка” для ўсяго калектыву школы.
Л.В.Куц, дырэктар маларыцкай сярэдняй школы № 2, гаворыць:
— Такія семінары лічу вельмі карыснымі для ўсіх настаўнікаў. Адносіны ў калектыве школы сталі больш карэктнымі і добразычлівымі. У сваёй рабоце мы сталі арыентавацца на прынцыпы павагі, узаемадапамогі і адказнасці. Марыя Пятроўна дала парады і адміністрацыі школы. Асабіста для мяне, настаўніка-філолага, сталі карыснымі артыкулы М.П.Жыгалавай у навукова-метадычным часопісе “Беларуская мова і літаратура”, прысвечаныя вывучэнню манаграфічных і аглядавых тэм па беларускай літаратуры ў старшых класах. Я зразумела, як дапамагчы вучням у засваенні лекцыі, у якой паслядоўнасці ў 9 —11 класах трэба замацоўваць іх навыкі ў фіксацыі лекцыйнага матэрыялу і, самае галоўнае, як пры гэтым правільна пабудаваць урок, напоўніць цікавым зместам.
Мяняюцца вучні, слухачы, калегі Марыі Пятроўны — і яна мяняецца разам з імі. Ёй падабаецца кожны раз па-новаму адкрываць дзівосны свет навукі і педагогікі. У гэтым, на думку М.П.Жыгалавай, і заключаецца самая галоўная ўмова поспеху і задавальнення ад прафесіі.

Людміла ЯРМАШУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры маларыцкай сярэдняй школы № 2.