На міжнародным форуме ў ЗША Беларусь атрымала высокую ацэнку актыўнай пазіцыі па падтрымцы моладзі
Рэспубліка Беларусь упершыню стала ўдзельніцай маладзёжнага форуму Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС), які адбыўся ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. На форуме прысутнічала рэкордная колькасць удзельнікаў —1000 чалавек, якія прадстаўлялі свае краіны на ўзроўні міністраў і намеснікаў міністраў міністэрстваў і ведамстваў па справах моладзі, кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў. На пасяджэнні старшынстваваў спецыяльны пасланнік ААН па справах моладзі Ахмад Альхендаві. Рэспубліку Беларусь на такім грандыёзным мерапрыемстве прадстаўляў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. Сёння ён дзеліцца ўражаннямі ад паездкі і расказвае аб тым, як будзе развівацца маладзёжная палітыка ў нашай краіне і якія выклікі сучаснасці характэрны для міжнароднага супольніцтва.
— Віктар Віктаравіч, нам цікава, якія праблемы хвалююць сёння краіны свету? Як выглядае на фоне іх наша Беларусь?
— Адпаведна з тэмай форуму аб прынцыпах устойлівага развіцця ў рамках ЭКА САС, прадстаўнік ААН Ахмад Альхендаві гаварыў аб тых глабальных выкліках сучаснасці, з якімі сёння сутыкаюцца краіны свету, у тым ліку аб праблемах экалогіі. Уключэнне праблемы аховы навакольнага асяроддзя мае асноватворнае значэнне для дасягнення мэты ўстойлівага развіцця. Яго стратэгія ўстойлівага развіцця мае на ўвазе забеспячэнне эканамічна эфектыўнага, сацыяльна справядлівага і экалагічна чыстага развіцця.
Найбольш балючай праблемай, з якой сёння сутыкнулася большасць краін, у тым ліку і перадавых, — гэта беспрацоўе, ад якога пакутуе істотная частка моладзі, якая, па сутнасці, не можа знайсці сабе дастойнае месца ў грамадстве, не можа сябе рэалізаваць. Акрамя таго, прыўнеслі многа негатыву і паўплывалі на стабільнасць у свеце ваенныя дзеянні ў краінах Усходу, што прывяло да катастрафічных памераў міграцыі насельніцтва і маштабнага наплыву бежанцаў у краіны Еўропы. У выніку чаго дзеці і моладзь з ліку мігрантаў пазбавіліся доступу да адукацыі, медыцыны, сацыяльных паслуг. Такія праявы паўплывалі на развіццё экстрэмісцкага настрою ў маладзёжным асяроддзі.Ахмад Альхендаві анансаваў новую глабальную ініцыятыву ААН па стварэнні годных умоў працы для моладзі, падкрэсліўшы, што выкараненне беднасці і няроўнасці напрамую будзе залежаць ад прадстаўнікоў моладзі як рухаючай сілы ў грамадстве.
На пленарным пасяджэнні Рэспубліка Беларусь атрымала права выступіць у першых радах, і мне давялося прадставіць вопыт нашай краіны ў развіцці маладзёжнага руху. Хачу адразу заўважыць, што ў Беларусі складваецца пазітыўная сітуацыя ў маладзёжнай палітыцы, што, дарэчы, было прызнана на форуме і нашымі міжнароднымі калегамі. Наколькі пытанне моладзі важна для нас, пацвярджае і той факт, што мінулы, 2015, год мы прысвяцілі моладзі. Але маладзёжны рух не мае пачатку і не мае канца, яго нельга абмежаваць часавымі межамі. Увага да моладзі з кожным годам не змяншаецца, а толькі павялічваецца. Мы выкарыстоўваем у нашай рабоце не толькі ўжо назапашаны вопыт, свае традыцыі, уласцівыя нашай краіне, але і пастаянна ўдасканальваем здабытае і шукаем усё новыя і новыя эфектыўныя кірункі маладзёжнай палітыкі, сугучныя з сённяшнімі запытамі. Можна назваць такія дасягненні Беларусі па рабоце з моладдзю, як падтрымка таленавітай моладзі, стымуляванне зацікаўленасці студэнцкай моладзі ў навуковай дзейнасці, гарантыі па прадастаўленні першага працоўнага месца маладым спецыялістам, падтрымка маладых сем’яў і шэраг іншых. Базай заканадаўства маладзёжнага руху з’яўляецца Закон аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, шэраг нарматыўных прававых актаў, якія тычацца развіцця добраахвотнага руху, падтрымкі студэнцкіх атрадаў, супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі, сацыяльнай падтрымкі маладых людзей, доступу да адукацыі.
Хачу заўважыць, што ў адрозненні ад іншых краін Беларусь забяспечвае выпускнікам школ доступ да адукацыі ўсіх узроўняў: прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай. Важным складнікам дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляецца забеспячэнне моладзі першым рабочым месцам, якое гарантавана дзяржавай кожнаму выпускніку ўстановы прафесійнай і вышэйшай адукацыі. Безумоўна, гэта паўплывала на тое, што сёння ў нашай краіне вельмі нізкія паказчыкі беспрацоўя сярод моладзі. І гэты факт дастойна характарызуе нашу краіну ў параўнанні з іншымі краінамі. Аб гэтым заявіў і Ахмад Альхендаві, які Рэспубліку Беларусь ведае не па чутках, і наша краіна яму добра вядома. Пры наведванні Беларусі ў 2015 годзе ў час святкавання 70-годдзя ААН Ахмад Альхендаві на цягніку ААН аб’ехаў усю Беларусь і пабываў у многіх гарадах краіны, у тым ліку Баранавічах — горадзе, які сёння ўвасабляе маладзёжны рух у Беларусі і прызнаны маладзёжнай сталіцай.
Пры Міністэрстве адукацыі працуе савет па ўстойлівым развіцці, які разглядае пытанні, адлюстраваныя ў новым глабальным парадку дня да 2030 года, прынятым у ходзе Генеральнай асамблеі ААН. Крокі дзеянняў органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў, якія ўваходзяць у савет, суаднесены з тым парадкам, з тымі абавязкамі, якія ўзялі на сябе дзяржавы, у тым ліку Беларусь, па выкананні норм устойлівага развіцця, закладзеных у парадак дня да 2030 года. Перш-наперш гэта тычыцца занятасці моладзі як адной з асноўных праблем сучаснасці.
Лічу, што пытанне занятасці павінна разглядацца ўжо ў дашкольны перыяд, далей развівацца ў школе, ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у перыяд падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Сёння мы павінны павысіць увагу да маладых людзей, якія ўжо атрымалі першае рабочае месца і працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Гаворка ідзе аб спецыялістах па рабоце з моладдзю, якія павінны суправаджаць маладых рабочых і спецыялістаў ужо на вытворчасці, у працоўных калектывах, тым самым уплываць на іх адаптацыю. Гэтай тэме было прысвечана чарговае пасяджэнне Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі, якое прайшло на мінскім прадпрыемстве “Камунарка” і дзе разглядаліся пытанні рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў маладзёжным асяроддзі на вытворчасці. Як бачна, гэта яшчэ адзін крок у клапатлівым стаўленні дзяржавы да моладзі. Аб гэтым таксама сведчаць падтрымка адораных навучэнцаў і студэнтаў праз фонды прэзідэнта нашай краіны, фарміраванне банка даных будучай працоўнай эліты, што забяспечвае гарантаванне дастойнага рабочага месца, кар’ернага росту ў далейшым.
Што тычыцца экалагічнага напрамку, то ў нас развіта сістэма бесперапыннага экалагічнага навучання і выхавання, у краіне сёння рэалізоўваецца шэраг экалагічных праектаў. Асабліва экалагічная тэма будзе гучаць сёлета, у год 30-годдзя чарнобыльскай трагедыі. Мы прадставілі на форуме шмат праектаў, звязаных з гэтай тэмай, якімі зацікавіліся многія краіны.
Акрамя таго, прадстаўнік генеральнага сакратара ААН па справах моладзі Ахмад Альхендаві закрануў пытанне правядзення ў гэтым годзе ў Беларусі міжнароднага форуму “Дружба без межаў”, які спачатку планавалася правесці для моладзі СНД. Аднак, на думку прадстаўніцтва ААН, мэтазгодна зрабіць гэтае мерапрыемства даступным не толькі для моладзі краін Садружнасці, але і для іншых краін свету, такім чынам ператварыўшы яго ў маштабную пляцоўку па абмеркаванні пытанняў па тэматыцы ЭКАСАС. Плануецца запрасіць на гэты форум каля 60 краін. У цэлым пытанні маладзёжнай палітыкі і вопыту нашай краіны, у прыватнасці рэгіянальнага, дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў маладзёжнай сферы таксама прадмет абмеркавання спецыяльнага пасланніка ААН. Прыемна адзначыць, што прадстаўніцтва ААН дало высокую ацэнку актыўнай пазіцыі Беларусі па падтрымцы моладзі, дастойна ацаніла багаты вопыт і новыя ініцыятывы нашай краіны.
— Віктар Віктаравіч, вы таксама прынялі ўдзел у рэгулярнай сесіі Выканаўчага савета Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). На што была звернута ваша ўвага?
— Сесія праходзіла пад эгідай сям’і, таму ў маім выступленні ключавая роля была адведзена тэматыцы сямейнага выхавання і абароны правоў і інтарэсаў дзяцей. У якасці прыкладу плённага супрацоўніцтва ЮНІСЕФ і Беларусі адзначаны сумесны выпуск адукацыйных матэрыялаў для маладых бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў і дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Мы ацэньваем работу з ЮНІСЕФ як з вядучым фондам у сістэме ААН у падтрымцы дзяцінства, мацярынства, мы традыцыйна рэалізоўваем праграмы і падтрымліваем падыходы ЮНІСЕФ. У апошнія гады мы станоўча ацэньваем інтэнсіўнасць работы па падтрымцы дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Разам з гэтым павінны заставацца ў сферы ўплыву і ўвагі ЮНІСЕФ, органаў дзяржаўнага кіравання пытанні абароны і падтрымкі сям’і, сямейных каштоўнасцей, выхавання дзяцей у сем’ях. Гэтыя пытанні вельмі актуальныя, асабліва ў гэты час, калі некаторыя краіны сутыкнуліся з цяжкасцямі ў сямейным укладзе. Самае балючае для дзіцяці — згубіць сям’ю, і мы павінны стварыць усе ўмовы для таго, каб права дзіцяці на сям’ю, на сямейнае выхаванне заўсёды выконвалася.
На сесіі мы разгледзелі праграму ЮНІСЕФ на 2016—2020 гады, дзе прадугледжана далейшае развіццё тых напрамкаў, якія пачаты раней, а таксама новыя. Там знайшлі адлюстраванне нацынальныя прыярытэты Рэспублікі Беларусь у сямейнай палітыцы, прадстаўлены дасягненні нашай краіны ў папярэдні перыяд, якія праводзіліся ва ўзаемадзеянні з ЮНІСЕФ.
Так, у прыватнасці, знойдзе працяг і праект “Гарады, дружалюбныя да дзяцей”. Цяпер далучыліся да праекта 23 гарады. Безумоўна, у праграме да 2020 года вызначана як выдача сертыфікатаў па адпаведнасці кожнага з гарадоў патрабаванням праекта (гэта яго канчатковая мэта), так і павелічэнне колькасці гарадоў, якія далучыліся да гэтай ініцыятывы. Акрамя таго, будзем пашыраць тэматыку мерапрыемстваў, у тым ліку ствараць праекты для маладых бацькоў.
Беларускі бок прапанаваў ЮНІСЕФ стварыць базу даных найлепшых нацыянальных практык па выкананні мэт устойлівага развіцця ў частцы абароны правоў дзяцей. Падкрэслю, што такая сістэма спрыяе абмену станоўчым вопытам паміж дзяржавамі, паспяховай рэалізацыі праектаў.
Было падкрэслена, што адным з прыярытэтных напрамкаў сумесных намаганняў ЮНІСЕФ і дзяржаў — членаў ААН павінен стаць улік спецыфічных праблем краін з сярэднім узроўнем даходу. У парадку дня апісаны пагрозы і выклікі сучаснасці ў тым ліку для гэтай катэгорыі краін.
Беларусь уваходзіць у лік гэтых краін, але на самай справе ахоплена сістэмнай дзейнасцю ў рамках ААН па выкананні мэт ЮНІСЕФ, таму мы яшчэ раз звярнулі ўвагу на неабходнасць дадатковай падтрымкі гэтай катэгорыі краін, у прыватнасці ў плане каардынацыі работы з іншымі фондамі і структурамі ААН у мэтах абароны правоў дзяцей і бацькоў.
На сесіі ЮНІСЕФ усе краіны- ўдзельніцы зрабілі свае заявы па забеспячэнні правоў дзяцей, зыходзячы з тых прыярытэтаў, якія лічацца для краін самымі важнымі. Гэтыя заявы розныя, але ў большасці маю ць аднолькавыя кірункі, у тым ліку элементарныя з пункту погляду нашай краіны і якія для нас ужо не з’яўляюцца прыярытэтнымі. Гэта атрыманне адукацыі, пераадоленне беднасці, вырашэнне экалагічных праблем, у тым ліку па недахопе пітной вады. Усе яны ўнесены ў адпаведныя спецыяльныя праграмы.
Ужо амаль перад ад’ездам мы сталі ўдзельнікамі сустрэчы з членамі камісіі па сацыяльным развіцці ЮНІСЕФ. Гэта было таксама нам на карысць, таму што мы ўдзельнічаем у гэтых напрамках сацыяльнай накіраванасці. Трэба заўважыць, што нашым вопытам зацікавіліся іншыя краіны. Напрыклад, Сінгапур цікавіўся інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія прымяняюцца ў вучэбным працэсе і ў цэлым у нашай краіне, экалагічныя і валанцёрскія арганізацыі іншых краін згодны супрацоўнічаць з намі ў новых праектах. Было відаць, што моладзі замежных краін цікава Рэспубліка Беларусь, прыцягальны наш вопыт у сферы маладзёжнай палітыкі, і перш за ўсё таму, што ён пазітыўны. У красавіку гэтага года адбудзецца пасяджэнне савета па справах моладзі краін СНД, у рамках якога адкрыецца выстава работ пераможцаў акцыі “100 ідэй для Беларусі”.
— Віктар Віктаравіч, у час наступнай сустрэчы мы працягнем гутарку на тэму, чым будзе асаблівым гэты год для моладзі.
Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.