Міхаіл ЖУРАЎКОЎ: “Моладзь цікавіцца навукай”

- 10:00Актуально, Апошнія запісы

IV этап рэспубліканскага фестывалю маладзёжнай універсітэцкай навукі “Моладзь у навуцы і вытворчасці” адбыўся ў Віцебску.

Па-вясноваму яркае свята творчасці і майстэрства, а разам з тым вялікая інтэрактыўная пляцоўка знаёмства, актыўнага дыялогу, навуковага супрацоўніцтва — такім запомніўся фестываль яго ўдзельнікам і гасцям. З 19 па 30 сакавіка некалькі тысяч маладых талентаў Віцебшчыны, іншых рэгіёнаў нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа дэманстравалі свае дасягненні, абменьваліся вопытам, вызначалі стратэгію далейшага ўзаемадзеяння.

Ствараючы будучыню

Старт IV этапу ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце даў конкурс па тэхнічным 3D-мадэляванні “Я со3Dаю будущее” сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыі паўночнага рэгіёна, арганізаваны ВДТУ разам з Навукова-тэхналагічным паркам універсітэта пры падтрымцы групы кампаній “АСКОН”. Работы ў чатырох узроставых катэгорыях ацэньвалі сертыфікаваныя выкладчыкі КОМПАС 3D і пераможцы прэстыжных міжнародных конкурсаў сярод канструктараў. Аналагічныя спаборніцтвы для студэнтаў універсітэт праводзіў у пазамінулым годзе, а летась тут упершыню ў Беларусі прайшоў рэгіянальны этап вядомай студэнцкай алімпіяды па САПР-праектаванні CAD-Olymp — 2014.— Мы імкнёмся аб’яднаць усіх, хто цікавіцца 3D-мадэляваннем, — расказаў дырэктар Навукова-тэхналагічнага парка ВДТУ Канстанцін Мацвееў. — Працуем са студэнтамі, педагогамі, навучэнцамі. Для настаўнікаў, выкладчыкаў ліцэяў і каледжаў прапаноўваем адпаведныя курсы павышэння кваліфікацыі. Нашых патэнцыяльных абітурыентаў — будучых інжынераў — запрашаем па суботах на папулярны ў асяроддзі вучнёўскай моладзі факультатыў па 3D-мадэляванні. Дарэчы, большасць яго ўдзельнікаў паспрабавалі свае сілы ў нашым конкурсе, уключаючы самага юнага канкурсанта — трэцякласніка Аляксандра Сюбарава. Акрамя таго, вялікая група школьнікаў прыехала з Оршы. Значную частку канкурсантаў склалі навучэнцы каледжаў, з выкладчыкамі якіх у нас наладжана цеснае супрацоўніцтва.
— У педагогіку я прыйшла з вытворчасці. Цяпер у нас на занятках няма чарцяжоў, выкананых з дапамогай алоўка, — яны выконваюцца на камп’ютары. Такая ж практыка існуе на заводах, у канструктарскіх бюро, — падключылася да размовы выкладчык Віцебскага дзяржаўнага станкаінструментальнага каледжа Дана Іванова. — Расце канкурэнтаздольнасць нашых выпускнікоў. Напрыклад, у ліку тых, хто абараніў дыплом у мінулым годзе, — сённяшнія майстры, намеснікі начальнікаў цэхаў і адначасова студэнты-завочнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Сярод цяперашніх навучэнцаў таксама ёсць маладыя людзі з моцным патэнцыялам. Упэўнена, што яны здольны ў будучыні шмат зрабіць для навукі і прамысловасці.
У рамках конкурсу “Я со3Dаю будущее” былі арганізаваны выніковы семінар факультатыву, майстар-клас і круглы стол “Тэхнічнае камп’ютарнае 3D-мадэляванне”. Дырэктар кампаніі “АСКОН-Беларусь” Уладзімір Пыжык азнаёміў педагогаў з новымі ініцыятывамі кампаніі для агульнай, прафесійнай і дадатковай адукацыі, а таксама з расійскім вопытам узаемадзеяння з рухам WorldSkills і цэнтрамі маладзёжнай творчасці.

Панарама дасягненняў і магчымасцей

У Аршанскім і Полацкім каледжах Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава кульмінацыйнымі фестывальнымі падзеямі варта назваць студэнцкую навуковую канферэнцыю “Свет дзяцінства ў сучаснай адукацыйнай прасторы” і майстар-клас настаўніцы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Алены Скорынавай. Непасрэдна ў ВДУ за гэты час былі падведзены вынікі конкурсу праектаў студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей “Кожны мае права быць шчаслівым!”, адбыліся прэзентацыі сацыяльнага праекта па гарманізацыі сацыяльна-асобаснай сферы дзяцей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця сродкамі клоўнатэрапіі і навукова-даследчай лабараторыі “Тэорыя і практыка літаратурнай творчасці”, круглы стол “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі”, навуковы семінар “Актуальныя праблемы інтэлектуальнай уласнасці”, міжнародныя адкрытыя спаборніцтвы па спідкубінгу VSU Open — 2016, інтэлектуальны конкурс “Геаграфічны марафон”.У новым вучэбна-лабараторным корпусе ВДТУ 24 сакавіка на некалькіх пляцоўках адкрылася выстава дасягненняў маладзёжнай навукі. Аб сваіх інавацыйных распрацоўках расказалі прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна. Побач Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, каледжы і ліцэі Віцебска дэманстравалі лепшыя ўзоры дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, даследчых праектаў навучэнцаў.
Выхаванцы гурткоў аддзела тэхнічнай творчасці абласнога Палаца дзяцей і моладзі запрасілі пазнаёміцца з дзеючымі ўзорамі робатаў і знакамітага качара Бровіна.
— Качар — арыгінальны варыянт генератара электрамагнітных ваганняў. Ён працуе, перадае энергію, але ніхто з сучасных вучоных не можа растлумачыць як і чаму, — з захапленнем характарызаваў сваю мадэль чацвёртакласнік Станіслаў Смірноў. — Збіраюся далей вывучаць гэтую ўстаноўку. Можа, калі-небудзь менавіта ў мяне атрымаецца разгадаць яго загадкі. Гэта пакуль мая вялікая мара, але я пастараюся, каб яна спраўдзілася!
Асаблівасць экспазіцый устаноў прафесійнай адукацыі на выставе — арыентацыя на рэальны сектар эканомікі. Калі гэта арыгінальная вышыўка на абутку — то яе ўзоры былі распрацаваны па заказе абутковага гіганта “Марка” і знайшлі ўкараненне ў вытворчасці; калі эксклюзіўныя мадэлі прычосак — то яны выкарыстоўваюцца ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных майстроў-цырульнікаў. Тое ж аб’ядноўвала і экспанаты выстаў дыпломных работ студэнтаў-дызайнераў і маладых вучоных тэхналагічнага ўніверсітэта.
— У ходзе правядзення фестывалю былі паказаны вынікі работы маладых вучоных сумеснай з Інстытутам тэхнічнай акустыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі навукова-даследчай лабараторыі “Перспектыўныя матэрыялы і тэхналогіі”: ультрагукавое абсталяванне для апрацоўкі палімерных матэрыялаў, артаданічныя дугі, камп’ютарнае мадэляванне ўльтрагукавых хваляводных сістэм, узоры абразіўнага шнура, — паведаміла прарэктар ВДТУ па навуковай рабоце, доктар эканамічных навук, прафесар Алена Ванкевіч. — Свае прэзентацыі падрыхтавалі маладыя вучоныя ўніверсітэта — доследнай устаноўкі для фарміравання нятканых матэрыялаў з палімерных нанавалокнаў для медыцынскага і ветэрынарнага выкарыстання, трыкатажных вырабаў медыцынскага прызначэння, тканін новых структур і вырабаў з іх, якія валодаюць інавацыйнымі тэхналагічнымі, мастацкімі і функцыянальнымі эфектамі, водатэрмаўстойлівага ахоўнага касцюма, распрацаванага ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Інфарматыка і космас. Абарона ад надзвычайных сітуацый”, вучэбна-навуковага абсталявання па аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей, распрацаванага на кафедры аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей.Акрамя таго, маладыя актывісты з ВДТУ прэзентавалі гасцям універсітэта свае сацыяльныя праекты: Кацярына Савіна — квест “Таямнiцы Беларусi”, Ганна Мядзелец — “У страі анлайн”, а сёлетнія фіналісты конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Марыя Коласава і Мацвей Мацвееў — Youtravelvs.— Мы самі вельмі любім падарожнічаць і ведаем, што пры планаванні і арганізацыі вандроўкі галоўнымі пытаннямі з’яўляюцца час (нярэдка ён абмежаваны) і грошы (таму што іх заўсёды не хапае). Наш праект закліканы вырашыць гэтыя дзве праблемы, — патлумачылі аўтары. — Гэта сэрвіс па пошуку і арганізацыі самастойных падарожжаў па Беларусі. Зараз мы ствараем інфармацыйны партал, дзе будуць размешчаны парады падарожнікам, інфармацыя аб памятных мясцінах. На базе партала плануем стварыць сэрвіс па браніраванні жылля, транспарту, а таксама арганізаваць сістэму скідак і накапляльных праграм для тых, хто будзе падарожнічаць з нашай дапамогай. Наперадзе — распрацоўка, тэсціраванне і запуск праграмнага забеспячэння, рэгістрацыя юрыдычнай асобы і запуск мабільнага дадатку. Створаны намі сайт працуе ўжо ў тэставым рэжыме, нашу старонку ў Instagram чытае больш за дзве тысячы чалавек. Каманда падтрымкі сабралася дружная — журналісты, юрыст, перакладчык, праграміст і бухгалтар. Таксама мы супрацоўнічаем з фірмай tit.by, яны нам дапамагаюць з праграмным забеспячэннем.
Новыя калекцыі адзення прадэманстравалі перад наведвальнікамі выставы студэнцкі Дом моды ВДТУ (грацыёзныя прыгажуні аддалі перавагу льну) і фіналісты сёлетняга фестывалю-конкурсу “Млын моды”. Адна з іх, што амаль традыцыйна, прадстаўляе тэхналагічны ўніверсітэт. А вось другая калекцыя-фіналіст — удалы творчы эксперымент 14-гадовай Настассі Дарожкінай, выхаванкі тэатра моды “Дзіва” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Калекцыя атрымалася крыху тэатральная. Называецца яна “Шчасце” і прызначана для дзяцей. Я найперш хацела сказаць дарослым, што ў свеце многа яркіх цікавых момантаў, нягледзячы на чорныя палосы, — падзялілася ўражаннямі дзяўчына. — Так і ў маіх мадэлях чорны колер прысутнічае для ўзмацнення кантрасту і падкрэслівання яркасці.

Навука, тэхналогія, бізнес

Знайсці адказы, вырашыць праблемы і хоць на невялікі час задаволіць нясцерпную прагу даведацца пра новае, нязведанае многім удзельнікам фестывалю дапамаглі майстар-клас па робататэхніцы і мехатроніцы для навучэнцаў і выпускнікоў школ, пасяджэнні маладзёжнага бізнес-клуба з удзелам дырэктара Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці Ніны Лук’янавай і кіраўнікоў прадпрыемстваў, адкрытая лекцыя доктара фізіка-матэматычных навук прафесара Аляксея Карніенкі “Новыя напрамкі ў фізіцы лазераў”, форум “Новыя тэхналогіі ў бізнес-адукацыі”.
Базавым мерапрыемствам IV этапу фестывалю была вызначана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мадэляванне ў тэхніцы і эканоміцы”.
— Работа канферэнцыі накіравана на стымуляванне цікавасці і прыцягненне да навуковай дзейнасці студэнтаў і маладых даследчыкаў, выяўленне і падтрымку таленавітых маладых вучоных, далучэнне навуковых работнікаў да работы з таленавітай моладдзю, падтрымку прэстыжу навуковай і навукова-адукацыйнай сфер для прафесійнай дзейнасці моладзі, — праінфармаваў рэктар ВДТУ Валерый Башметаў. — Актуальнасць тэматыкі форуму абумовіла павышаную цікавасць да яго як беларускіх, так і замежных маладых вучоных і практыкаў. Заяўкі на ўдзел падалі больш за 700 чалавек, прадстаўлена 388 дакладаў па актуальных пытаннях мадэлявання ў тэхніцы, эканоміцы і дызайне. Геаграфія ўдзельнікаў шырокая: 15 беларускіх і 26 расійскіх устаноў вышэйшай адукацыі, таксама заяўлены прадстаўнікі Узбекістана, Украіны, Азербайджана, Латвіі, Кітая. Праграма канферэнцыі прадугледжвае пленарнае пасяджэнне, работу трох секцый, майстар-класы, круглыя сталы, тэлемасты з Вялікабрытаніяй і Расіяй. Галоўная асаблівасць канферэнцыі — яе поўнасцю падрыхтаваў і правёў савет маладых вучоных нашага ўніверсітэта. Гэта першы для нас падобны вопыт, і я лічу, што ён удалы.
— Багацце любой краіны прырастае ў тых тэхналогіях, дзе асноўны сабекошт — веды. Падтрымка навукі знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўніка беларускай дзяржавы, урада. Гэта адзін з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Акрамя таго, узяты арыенцір на прыцягненне ў навуку прыватнага бізнесу. Наша стратэгічная задача — будаваць эканоміку ведаў, — звярнуўся да маладых вучоных міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў. — Вам праз 5—10 гадоў весці наперад айчынную навуку і адукацыю. Хочацца перадаць нашу справу ў рукі дастойных спецыялістаў, якія будуць развіваць эканоміку, каб перад сваімі дзецьмі вы, як мы зараз, маглі ганарыцца роднай краінай і яе навуковымі дасягненнямі. Мне прыемна адзначыць, што Віцебск мае цікавыя ўнікальныя распрацоўкі, асабліва сказанае тычыцца лёгкай прамысловасці. Моладзь жыве навукай насуперак распаўсюджанаму меркаванню, нібыта сёння гэта ёй нецікава. А значыць, у нас ёсць патэнцыял, ёсць будучыня.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.