Гораду сусветна вядомых мастакоў, вучоных і фестываляў да зорнага статусу не прывыкаць, а на мінулым тыдні Віцебск ператварыўся ў лінгвістычную сталіцу Беларусі.
Менавіта сюды на заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай і кітайскай мовах з’ехаліся навучэнцы, якія дасягнулі выключных поспехаў у вывучэнні гэтых прадметаў. Падтрымаць разумнікаў і разумніц сабраліся іх педагогі, кожнага з якіх можна без ваганняў уключыць у вышэйшую прафесійную лігу. У складзе журы алімпіяды працавалі вядучыя лінгвісты краіны — прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі і найбольш вопытныя і аўтарытэтныя настаўнікі-практыкі.
— У сучасным глабалізаваным свеце дасканала ведаць і замежныя мовы, і мовы сваёй дзяржавы вельмі важна. Яны не толькі сродак зносін, але і неабходная ўмова інтэлектуальнага і духоўнага развіцця, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Мы ганарымся высокімі дасягненнямі нашых таленавітых дзяцей і ад усяго сэрца жадаем ім далейшых поспехаў.
— Віцебск гасцінна сустрэў нашых навучэнцаў, знаўцаў пяці замежных моў: хтосьці з іх дасканала ведае адну, хтосьці дзве, хтосьці яшчэ больш, — адзначыла на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця алімпіяды кансультант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ала Казючыц. — Зараз узровень падрыхтоўкі фіналістаў настолькі вырас, што іх вынікі, як правіла, розняцца тысячнымі долямі бала — але тым больш каштоўная перамога. І нават калі некаторыя з пераможцаў не скарыстаюць магчымасць вучыцца далей на профільных факультэтах устаноў вышэйшай адукацыі, возьмуць зусім іншы напрамак — упэўнена, яны змогуць стаць каштоўнымі спецыялістамі для любой галіны эканомікі, чаму ў значнай ступені паспрыяе веданне адной ці некалькіх замежных моў. Такія прафесіяналы неабходныя для стабільнага развіцця і далейшага росквіту нашай Беларусі, таму што мова — носьбіт інфармацыі, а хто валодае інфармацыяй, валодае светам.
Сярод устаноў адукацыі, для якіх удзел у заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах — штогадовая практыка, — гімназія № 9 Віцебска. Сёлета па французскай мове яе прадстаўлялі трое навучэнцаў, і ўсе выступілі дастойна: у Варвары Цішчанка — дыплом ІІ ступені, ганаровая грамата за лепшыя паказчыкі ў валоданні вусным маўленнем і спецыяльны прыз Віцебскага аблвыканкама, у Ільі Намаконава — дыплом ІІІ ступені, у Марыі Арлоўскай — пахвальны водзыў. Паказальна, што настаўнік, які дапамог у вывучэнні прадмета і прывёў да поспеху, у кожнага з іх свой.
— Незалежна ад таго, хто з выкладчыкаў займаецца з намі на ўроках, да алімпіяды нас фактычна рыхтуюць усе настаўнікі, якія выкладаюць французскую мову ў гімназіі, — расказала Варвара Цішчанка. — Асабліва я ўдзячная Валянціне Фёдараўне Перастаронінай, а таксама Веры Пятроўне Карнялюк і Любові Сяргееўне Пятровай. Французская мова вытанчаная, прыгожая, з еўрапейскіх моў яна адна з найбольш запатрабаваных і папулярных. Мне здаецца, што праз валоданне гэтай мовай я змагу адкрыць многа магчымасцей.
— У нашай школе французская мова вывучаецца з дня яе заснавання, з 2006 года працуе білінгвістычная секцыя, — дадала Вера Пятроўна Карнялюк. — У нас склалася свая эфектыўная сістэма падрыхтоўкі да алімпіяды, і галоўнае ў ёй — на вынік працуе ўвесь педагагічны калектыў.
Дыпломы І ступені Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове заваявалі адзінаццацікласніцы Маргарыта Левановіч з гімназіі № 56 Мінска і Марыя Альчыкава з Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна. Сярод дзесяцікласнікаў лепшыя вынікі таксама ў дзяўчат — Вольгі Чарнецкай з ліцэя Жабінкі і Кацярыны Навахвацька з гімназіі № 24 Мінска. Па іспанскай мове дыпломамі І ступені адзначаны Аль-Араб Шайма з гімназіі № 3 Магілёва (11 клас) і Элія-Анна Лісай з гімназіі № 1 Ліды (10 клас); па французскай — Ксенія Бярэзіна з гімназіі № 74 Мінска і Алена Брушко з гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна (абедзве навучэнкі выпускных класаў), а таксама Кацярына Марцюшына з гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна (10 клас). Каманда пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове самая прадстаўнічая. Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны адзінаццацікласніцы Марыя Фокіна з гімназіі № 6 Маладзечна, Паліна Арцімёнак з Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2, Наталля Крупень з гімназіі № 2 Віцебска; навучэнцы 10 класа Максім Аўсянік з гімназіі № 2 Баранавіч, Вольга Бабчонак з Рэчыцкай раённай гімназіі і Валерыя Кашталян з гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна. Па кітайскай мове прысуджаны адзін дыплом І ступені: дзесяцікласнік гімназіі № 7 Мінска Сунь Фаньцы набраў 166,7 бала — гэта рэкорд сёлетняй алімпіяды.
Па выніках спаборніцтва пяцёра навучэнцаў адзначаны спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Узнагароды Паўлу Гардзіёнку (Ушацкая сярэдняя школа), Алесі Шахоленка (сярэдняя школа № 1 Бялыніч імя Н.І.Пашкоўскага), Алене Тозік (Рэчыцкі раённы ліцэй), Ксеніі Свістун (сярэдняя школа № 5 Пружан) і Лізавеце Барысевіч (гімназія № 1 Іўя) на ўрачыстай цырымоніі закрыцця алімпіяды ўручыў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды. Спецыяльныя ўзнагароды Віцебскага аблвыканкама Наталлі Крупень, Варвары Цішчанка, Марыне Маславай (сярэдняя школа № 34 Віцебска) уручыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў.
— Мне вельмі прыемна вітаць вас усіх у гэтай зале, бо вы адважыліся заявіць пра сябе, што вы сапраўдныя грамадзяне ХХІ стагоддзя. Напэўна, сёння кожны ў глыбіні душы разумее: толькі той адбудзецца як чалавек, хто валодае адной ці некалькімі мовамі. Больш за тое, той, хто здольны на іх працаваць, нараджаць думкі, даводзіць свае ідэі да людзей, для якіх гэтыя мовы не з’яўляюцца роднымі. Вы ўсе гэта можаце, — звярнулася да фіналістаў рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Баранава. — Асобна я хачу сказаць пра вашых настаўнікаў. Колькі намаганняў, клопату, старанняў, таленту ўкладзена ў вас — абавязкова апраўдайце гэта.
Шчырую падзяку пераможцам і ўсім удзельнікам заключнага этапу алімпіяды, іх настаўнікам і бацькам, Міністэрству адукацыі і арганізатарам фінальнага спаборніцтва выказалі прадстаўнікі дыпламатычных колаў.
Узнагароды фіналістам алімпіяды і традыцыйныя запрашэнні лепшым у валоданні сваімі прадметамі наведаць Францыю і Германію перадалі саветнікі па культуры пры Пасольстве Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Клэр-Эліз Юбер і намеснік дырэктара кіраўнік аддзела нямецкай мовы Інстытута Гётэ ў Мінску Олаф Бальбрынкер.
— Мова — гэта мост паміж народамі. Я рады, што ўсё больш беларускіх дзяцей цікавіцца кітайскай мовай. Іх кітайскія равеснікі таксама цікавяцца беларускай мовай. Спадзяюся, што наш узаемны інтарэс будзе расці і такім чынам мост сяброўства паміж нашымі народамі будзе пашырацца і мацнець. Я люблю Кітай, я люблю Беларусь, я люблю Віцебск! — павіншаваў лепшых з лепшых Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін і запрасіў усіх удзельнікаў секцыі кітайскай мовы наступным летам наведаць Паднябесную. Выдаткі, звязаныя са знаходжаннем у КНР, згодны ўзяць на сябе кітайскі бок, а ўладальніку дыплома І ступені будзе аплачаны і міжнародны пералёт.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.