Эканоміка Беларусі вяртаецца на траекторыю росту, заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета Міністраў, на якім разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў першым квартале 2016 года.
“Паводле аператыўных даных Белстата, за чатыры месяцы ВУП маем 97%. За красавік мы прыраслі на 0,6 працэнтнага пункта. У выніку ў нас назіраецца даволі паслядоўны рад: студзень — 95,7%, студзень — люты — 96%, першы квартал — 96,4%, чатыры месяцы — 97%. У наяўнасці пэўная дынаміка вяртання на траекторыю эканамічнага росту”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, урад і Нацыянальны банк паслядоўна рэалізоўваюць меры макраэканамічнай балансіроўкі ў знешнеэканамічных умовах, якія істотна адрозніваюцца ад тых, на базе якіх быў сфарміраваны прагноз на 2016 год. Ён нагадаў, што цана на нафту прагназавалася на ўзроўні $50 за барэль, у першым квартале яна склала $32. Прадугледжвалася, што курс расійскага рубля будзе недзе 63 за долар, у першым квартале ён склаў 74,6. “Таксама планавалася, што ў Расіі як асноўнага гандлёвага партнёра Беларусі эканоміка будзе не змяншацца, а захаваецца на ўзроўні 100%, але фактычна — 98,8%. Мы прадугледжвалі, што сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара будзе на ўзроўні Br18 тысяч 689, але, як вы ведаеце, у першым квартале сярэдняе значэнне беларускага рубля склала Br20 тысяч 755 за долар”, — канстатаваў Андрэй Кабякоў.
Ён таксама адзначыў, што меры макраэканамічнай балансіроўкі не змаглі не паўплываць на тэмпы развіцця эканомікі, перш за ўсё ў яе рэальным сектары. “Па ВУП за першы квартал мы не дабралі 2,5 працэнтнага пункта да квартальнага прагнозу. Прамысловасць хоць і ніжэй за 2015 год, але вышэй, чым прагназавалася. У першым квартале маем 95,7% пры прагнозе на 95%. Дарэчы, за чатыры месяцы аб’ём прамвытворчасці маем 97,5%”, — сказаў прэм’ер.
Андрэй Кабякоў канстатаваў, што дзве трэція адставання ад прагнозу ў першым квартале сфарміравана за кошт зніжэння валавой дабаўленай вартасці па секцыі “Будаўніцтва”. “Яшчэ трэць — звязанае з гэтым запаволенне грузаперавозак і аптовага тавараабароту. З плюсам па валавой дабаўленай вартасці спрацавала толькі сельская гаспадарка — 102%”, — адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
У наступны дзень пасля пасяджэння Савета Міністраў Андрэй Кабякоў у размове з журналістамі заявіў, што галоўнай задачай, якую ставіць урад на сярэднетэрміновую перспектыву, з’яўляецца максімальнае зніжэнне залежнасці эканомікі ад знешніх фактараў.
“Захаваюцца тыя прыярытэты, якія з’яўляюцца традыцыйнымі. Перш за ўсё размова ідзе аб развіцці, пашырэнні, павелічэнні і дыверсіфікацыі экспарту. Галоўная задача ў тым, каб у максімальнай ступені знізіць залежнасць ад знешніх фактараў. Напэўна, поўнасцю адысці ад залежнасці ад знешніх фактараў не ўдасца ні адной дзяржаве, але знізіць гэтую залежнасць, павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі — адна з галоўных задач у гэтых асноўных палажэннях, якія прадугледжваюцца да рэалізацыі на 2016—2020 гады”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, урад плануе да 2020 года дыверсіфікаваць экспарт так, каб трэць прадукцыі пастаўлялася ў Еўразійскі эканамічны саюз, трэць — у Еўрапейскі эканамічны саюз, трэць — у іншыя краіны, у тым ліку далёкай дугі. “Гэта таксама дасць нам магчымасць адысці ад залежнасці ад эканамічнай сітуацыі ў канкрэтных краінах, гэта павысіць нашу ўстойлівасць”, — растлумачыў Андрэй Кабякоў.
Таксама, паводле яго слоў, будзе рэалізоўвацца прыярытэт па стварэнні новых рабочых месцаў. “50 тысяч новых рабочых месцаў на новых прадпрыемствах мы павінны будзем штогод ствараць. Учора мы падводзілі вынікі работы эканомікі ў першым квартале на пасяджэнні ўрада. Гэта адзін з параметраў, які з’яўляецца ключавым з пункту гледжання ацэнкі эфектыўнасці работы вертыкалі ўлады”, — сказаў Андрэй Кабякоў.
Прэм’ер-міністр адзначыў неабходнасць прыцягнення інвестыцый. “Каля 100 найважнейшых інвестыцыйных праектаў будуць рэалізоўвацца ў краіне ў 2016—2020 гадах. Каля $30 млрд мы павінны будзем прыцягнуць, з іх каля $16 млрд прамых замежных інвестыцый”, — расказаў ён.
“Экспарт, занятасць, інвестыцыі — трыяда, на базе якой мы плануем забяспечыць якаснае развіццё нашай эканомікі”, — сказаў на заканчэнне кіраўнік урада.