Выбарчае заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па арганізацыі работы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам, улічвае існуючыя ў краіне правілы, традыцыі правядзення выбараў. “Мы ўспрымаем гэта як належнае і, адпаведна, памоўчваем часам. Аднак сціпласці тут быць не павінна. Аб гэтым трэба гаварыць”, — упэўнены прэзідэнт.
Да афіцыйнага старту электаральнай кампаніі засталося зусім няшмат часу. Прэзідэнт нагадаў, што, згодна з заканадаўствам, дата выбараў павінна быць аб’яўлена не пазней за 10 чэрвеня. “Адпаведныя рашэнні, зразумела, будуць прыняты ў тэрмін, тут праблем абсалютна ніякіх няма”, — сказаў ён.
Арганізацыя работы па падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі рэгулярна абмяркоўваецца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. На гэты раз размова на нарадзе ішла аб ужо зробленых кроках, выкананні даручэнняў па ўдасканаленні выбарчага працэсу, гатоўнасці арганізатараў важнай грамадска-палітычнай падзеі. Амаль месяц назад абмяркоўваліся пытанні, якія тычыліся ўнутрыдзяржаўных працэдур, рэкамендацый АБСЕ па ўдасканаленні выбарчага працэсу.
Прэзідэнт даручыў выпрацаваць шэраг крытэрыяў, у адпаведнасці з якімі дзяржава будзе падтрымліваць кандыдатаў незалежна ад іх палітычных пераваг. “Трэба на такіх кандыдатаў рабіць стаўку. Калі ім будзе патрэбна падтрымка — значыць, трэба іх падтрымаць. Няважна, якім палітычным плыням яны будуць належаць. Галоўнае, каб гэта былі сумленныя і прыстойныя людзі”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Чакаецца, што будзе выпрацавана каля дзясятка прынцыпаў. “Ніхто не стане аспрэчваць, што адным з крытэрыяў будучага кандыдата ў парламент павінна быць пытанне незалежнасці нашай дзяржавы”, — растлумачыў прэзідэнт. Яшчэ адным з крытэрыяў стане імкненне павышаць дабрабыт людзей без правядзення незразумелых радыкальных шокавых рэформ на шкоду насельніцтву, дадаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў, каб парламенцкая кампанія ў краіне прайшла арганізавана і спакойна.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў свой пункт гледжання наконт асвятлення выбарчай кампаніі: “Сакрэтаў ніякіх ні ад каго быць не павінна”. На яго думку, неабходна, каб у СМІ гучала больш інфармацыі аб тым, што зроблена ў Беларусі ў плане выканання міжнародных рэкамендацый, укаранення прынятых у свеце дэмакратычных стандартаў.