Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 13 дзяржаў, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
“З улікам адкрытасці беларускай эканомікі важным фактарам устойлівага развіцця нашай краіны з’яўляецца эфектыўная эканамічная дзейнасць, якая забяспечваецца збалансаванасцю ў знешнім гандлі і ўдзелам у міжнародным падзеле працы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, адной з ключавых мэт эканамічнай палітыкі Беларусі становіцца планамерная дыверсіфікацыя экспарту і раўнамернае размеркаванне гандлёвых сувязей па трох асноўных напрамках: Еўразійскім эканамічным саюзе, Еўрапейскім саюзе, а таксама партнёрах у Азіі, Афрыцы і Амерыцы. Да 2020 года Беларусь плануе выйсці на прапарцыянальныя суадносіны па кожным з гэтых напрамкаў.
Кіраўнік дзяржавы прыняў даверчыя граматы паслоў Аўстраліі, Ганы, Гвінеі, Зімбабвэ, Рэспублікі Карэя, Нікарагуа, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Польшчы, Славакіі, Судана, Філіпін, Эфіопіі і Японіі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў падтрыманні нарастаючай дынамікі супрацоўніцтва з ЕС. “Гэты год прынёс пазітыўныя зрухі ў нармалізацыі нашых адносін з Еўрасаюзам. Безумоўна, мы зацікаўлены ў максімальным паглыбленні ўзаемасувязей з ЕС”, — заявіў беларускі лідар.
Адной з найважнейшых задач беларускай дзяржавы было і застаецца наладжванне добрасуседскіх адносін з Польшчай, сказаў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы пасла гэтай краіны ў Беларусі Конрада Паўліка. “У нас не толькі агульная граніца, развітая гандлёва-эканамічная, рэгіянальная кааперацыя, але і агульная адказнасць за бяспеку ў рэгіёне”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Вельмі перспектыўным для Беларусі партнёрам у ЕС з’яўляецца і Славакія. “Мы цэнім уклад вашай краіны ў стварэнне новай атмасферы для нармалізацыі адносін па лініі Беларусь — ЕС. Разлічваем, што Славакія ў час свайго старшынства ў Савеце ЕС у другім паўгоддзі 2016 года акажа садзейнічанне далейшаму развіццю нашых сувязей з Еўрасаюзам. Спадзяёмся на ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва”, — заявіў прэзідэнт, прымаючы даверчыя граматы пасла Славакіі ў Беларусі Ёзафа Мігаша.
Прэзідэнт таксама бачыць вялікія перспектывы для пашырэння ўзаемадзеяння з дзяржавамі Афрыкі, у дынамічным развіцці якіх Беларусь зацікаўлена. Яшчэ адным з прыярытэтаў у знешняй палітыцы краіны, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, па-ранейшаму з’яўляецца азіяцкі вектар.
Вялікі незадзейнічаны патэнцыял для ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы двухбаковага гандлю ёсць і ў адносінах з Аўстраліяй. У роўнай ступені Беларусь разлічвае на развіццё ўзаемадзеяння з краінамі амерыканскага рэгіёна. Надзейным палітычным і эканамічным саюзнікам у Цэнтральнай Амерыцы для Беларусі з’яўляецца Нікарагуа.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бачыць сур’ёзныя перспектывы для развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. “Мы павінны больш актыўна працаваць па напаўненні эканамічнага складніка двухбаковага супрацоўніцтва, тым больш што ў нас ёсць сур’ёзныя перспектывы ў сферы інвестыцыйнага супрацоўніцтва”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ААЭ з’яўляюцца адным з даўніх партнёраў Беларусі ў арабскім свеце. Ён адзначыў дадатную дынаміку палітычных кантактаў дзвюх краін і выказаў надзею на іх далейшае развіццё.
“Значныя практычныя крокі апошнім часам зроблены ў двухбаковых адносінах з Рэспублікай Карэя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Думаю, на перспектыву можна вызначыць шмат напрамкаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва”.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь умацавала кантакты з Рэспублікай Карэя ў навукова-тэхнічнай сферы і ў галіне інфармацыйных тэхналогій, прыцягнула першых інвестараў у Парк высокіх тэхналогій. “Урад Карэі выдзеліў Беларусі тэхнічную дапамогу, за якую мы шчыра ўдзячны”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу пасол Ёнг Хо Кім адзначыў, што яго дзяржава зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю. “Бачу, што Беларусь такая ж высокаразвітая краіна, як і Рэспубліка Карэя. Вашы людзі вельмі сумленныя, вельмі адкрытыя. Беларусь вядома карэйцам як мірная краіна”, — сказаў дыпламат.
Беларусі будзе карысны тэхналагічны і эканамічны вопыт Японіі, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчую грамату пасла Японіі ў Беларусі Таёхісы Кадзукі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё дыялогу з Японіяй уяўляе для Беларусі асаблівы інтарэс. “Перш за ўсё Беларусі будзе карысны той каласальны тэхналагічны і эканамічны вопыт, які Японія набыла, дасягнуўшы па шэрагу пазіцый сусветнага лідарства”, — упэўнены прэзідэнт.
Беларускі лідар лічыць, што настаў час краінам бліжэй азнаёміцца адна з адной, у тым ліку ў сферах бізнесу і палітыкі.
У сваю чаргу Таёхіса Кадзукі сказаў, што Японія хоча развіваць палітычныя і эканамічныя адносіны з Беларуссю. Азіяцкай дзяржаве ў тым ліку цікавы вопыт Беларусі ў пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дыпламат таксама адзначыў вялікі ўклад Беларусі ва ўрэгуляванне крызісу ва Украіне і заключэнне мінскіх пагадненняў.
Вітаючы замежных дыпламатаў, кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што такія рысы характару, як адкрытасць і гасціннасць, верацярпімасць і міралюбнасць, глыбока ўкараніліся ў менталітэце беларускага народа. “Гэтыя якасці, якія далі магчымасць Беларусі стаць своеасаблівай апорай стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, былі сфарміраваны няпростай гісторыяй, што пакінула глыбокія рубцы на беларускай зямлі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Выконваючы сваю пасольскую місію, вы зможаце лепш даведацца і па заслугах ацаніць тое гераічнае і адначасова трагічнае мінулае, якое ляжыць у аснове сучаснай міралюбівай і шматвектарнай знешняй палітыкі нашай дзяржавы”.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што дзейнасць дыпламатаў у Беларусі абернецца адчувальнымі вынікамі, дасць магчымасць знайсці дадатковыя нішы і рэсурсы для ўмацавання гандлёва-эканамічных кантактаў і рэалізацыі значных міжнародных праектаў. “Хачу запэўніць, што з боку беларускіх дзяржаўных органаў і нашых грамадзян вам будуць аказаны ўсебаковая ўвага і садзейнічанне, а для работы будуць створаны самыя спрыяльныя ўмовы. У гэтым вы можаце не сумнявацца”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.