Пяцёра беларускіх настаўнікаў сталі фіналістамі конкурсу на лепшы ўрок літаратуры “#СилаСлова”, які прайшоў пад эгідай Саюзнай дзяржавы. Наталля Грэсь з Ліды Гродзенскай вобласці прызнана пераможцай конкурсу, Юлія Баяроўская з Баранавіч, Настасся Жукавец з Мінска, Святлана Маразоўская з Маладзечна, Вольга Пімаева з Магілёва — яго лаўрэатамі. Дыпломы і падарункі ім урачыста ўручылі ў Маскве.
У дзясятку фіналістаў трапілі таксама пяцёра расійскіх настаўнікаў: Настасся Бранцава з Заводаўкоўска Цюменскай вобласці, Кацярына Князева з Радужнага Уладзімірскай вобласці, Вольга Салішчава з Новасібірска, Мікалай Пронеў з Сочы і масквічка Дар’я Лабанава. Нават па тых населеных пунктах, якія прадстаўляюць лаўрэаты конкурсу, зразумела, што ён меў вельмі шырокую геаграфію. Заяўкі на ўдзел у конкурсе “#СилаСлова” прыслалі больш за сто педагогаў, якія нясуць святло літаратурнага слова ад Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расійскай Федэрацыі да Брэста Рэспублікі Беларусь.
“#СилаСлова” — гэта ўжо трэці конкурс сярод маладых настаўнікаў, арганізаваны Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Двойчы магчымасць прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства і новыя ідэі прадастаўлялася выкладчыкам гісторыі, сёлета да ўдзелу ў конкурсе ўпершыню запрасілі настаўнікаў літаратуры. Трэба адзначыць, што значны ўклад у правядзенне “#СилыСлова” быў унесены Міжнародным інфармацыйным агенцтвам Расія сёння.
Тое, што конкурсы праводзяцца сярод педагогаў да 28 гадоў, абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі, адзначаюць арганізатары. “Паміж маладым настаўнікам і вучнем няма ярка выражанага ўзроставага бар’ера, праблемы бацькоў і дзяцей, тэхналагічнага адставання старэйшых ад малодшых. Акрамя таго, маладыя настаўнікі яшчэ толькі заваёўваюць аўтарытэт у калег, а такога кшталту конкурсы даюць ім аб’ектыўнае і заслужанае прызнанне, неабходнае любому маладому чалавеку, які шчыра любіць сваю прафесію”, — адзначае дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.
Па словах дзяржсакратара, людзі адной прафессіі з Расіі і Беларусі павінны як мага больш кантактаваць і разумець адно аднаго. Падобныя сувязі, а яны абавязкова завязваюцца ў прафесійнай суполцы, асабліва важныя ў сферы адукацыі, падкрэслівае ён.
Удзельнікам конкурсу на лепшы ўрок літаратуры “#СилаСлова” прапанавалі на выбар пяць тэм. Раскрыць іх трэба было на лепшых узорах беларускай і рускай літаратур. Прыемна адзначыць, што кожны з фіналістаў прадставіў сваё бачанне пытанняў, прадэманстраваў яркія аўтарскія знаходкі. Тэмы “Проза ваенных гадоў: рускія і беларускія пісьменнікі — супраць фашызму”, “Душы і дзяржавы апора. Аб служэнні Айчыне ў творах рускіх і беларускіх пісьменнікаў” раскрываліся на прыкладзе лепшых празаічных твораў Васіля Быкава, Міхаіла Шолахава, Канстанціна Сіманава, Уладзіміра Багамолава, Барыса Васільева, Івана Сяркова і іншых.
Натхняла канкурсантаў і паэзія ваенных гадоў. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 23 Магілёва Вольга Пімаева распрацавала тэму “Як галіны аднаго дрэва. Лёсы паэтаў Расіі і Беларусі ў XX стагоддзі” на прыкладзе паэтычных твораў Аляксандра Твардоўскага “Лежат они, глухие и немые…” и Міколы Сурначова “У стоптаным жыце”. Малады педагог прызналася, што, калі напрыканцы ўрока яна аб’явіла мінуту маўчання, у вачах яе вучняў стаялі слёзы. Гэта сведчыць аб тым, што Вольга змагла не толькі правільна выбраць аўтараў і творы, але і данесці да дзяцей горыч і боль вайны.
Яркія работы былі прадстаўлены па кнізе, напісанай у выдатным творчым тандэме расійскага і беларускага пісьменнікаў. Выбраць тэму “Хронікі непераможанага горада. “Блакадная кніга” Данііла Граніна і Алеся Адамовіча” настаўнікаў выклікала жаданне расказаць вучням аб трагедыі блакаднага Ленінграда, а таксама аб тых прыкладах стойкасці, чалавечнасці, узаемадапамогі, якія паказалі свету яго жыхары. Дарэчы, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 20 Баранавіч Юлія Баяроўская дапоўніла ўрок аповедам пра блакаднікаў Ленінграда са свайго горада.
Згодна з умовамі конкурсу “#СилаСлова”, распрацоўкі заяўленых тэм трэба было прадставіць у фармаце мультымедыйнага ўрока. І маладыя настаўнікі ў поўнай меры скарысталі магчымасці гэтага фармату. У конкурсных работах былі выкарыстаны відэафрагменты экранізацый твораў, аўдыязапісы, фота- і дакументальныя матэрыялы. Прадугледжвалася работа ў групах, парах, індывідуальна, што дапамагло разнастаіць і актуалізаваць урок. А ў якасці дамашняга задання некаторыя выкладчыкі прапанавалі скласці рэцэнзіі на разгледжаныя ў ходзе заняткаў творы ў выглядзе буктрэйлераў і відэаблогаў.
Маладыя педагогі з Беларусі і Расіі сышліся ў меркаванні, што выкарыстанне на ўроках новых тэхналогій — актуальная патрэба сённяшняга дня. Інтэрнэт, гаджэты ўжо трывала ўвайшлі ў жыццё сучасных падлеткаў, ігнараваць гэты факт азначае ўступаць у канфлікт з рэчаіснасцю. Выкарыстанне сучасных тэхналогій дапамагае зрабіць урок больш жывым, цікавым і прадукцыйным. Яны — верны саюзнік настаўніка літаратуры ў барацьбе з праблемай нечытання падлеткаў, на якую ўсе справядліва наракаюць.
Па словах настаўніка рускай мовы і літаратуры сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 53 Сочы Мікалая Пронева, ён актыўна задзейнічае ў сваёй рабоце магчымасці сацыяльных сетак. Так, разам з вучнямі стварае інтэрнэт-старонкі вядомых літаратараў і людзей з іх асароддзя — напрыклад, Аляксандра Пушкіна, Наталлі Ганчаровай, Жоржа Дантэса, сяброў паэта — і ініцыіруе паміж імі ролевую перапіску. Вядома ж, працэс на самацёк не пускае, уважліва назірае за захаваннем вучнямі стылістыкі і гістарычнага кантэксту. Гэты метад абуджае ў дзецях цікавасць да жыцця і творчасці вядомых літаратараў, матывуе іх да чытання класікі, адзначае педагог.
Падзяліўся расійскі настаўнік-наватар і другой уласнай ініцыятывай па ўпісванні літаратуры ў кола інтарэсаў сучаснага падлетка. У цяперашні момант ён стварае ў са-цыяльных сетках інтэрнэт-суполку, дзе дзеці, прычым не толькі яго вучні, але і іх сябры, знаёмыя, маглі б абмяркоўваць літаратурныя тэмы. Мікалай Пронеў упэўнены, што адна з прычын нечытання — гэта адсутнасць у падлеткавым асяроддзі суполак чытачоў. Абмеркаваць з аднагодкамі новы гаджэт — гэта калі ласка, а вось прачытаную кнігу — няма з кім. І калі хто і можа дапамагчы вырашыць праблему, дык гэта настаўнік літаратуры.
Трэба адзначыць, што фіналісты конкурсу “#СилаСлова” прывезлі з Масквы не толькі заслужаныя ўзнагароды, але і шмат новых уражанняў і ведаў. Яны пабывалі ў Дзяржаўным літаратурным музеі, музеі-кватэры Максіма Горкага на Малой Нікіцкай, дзе змаглі ўзбагаціцца цікавай інфармацыяй, якую змогуць выкарыстоўваць падчас урокаў. Педагогі з Беларусі не без задавальнення знайшлі ў гэтых культурных установах і беларускі след. Як высветлілася, знакаміты расійскі літаратурны музей шмат гадоў супрацоўнічае з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. А сцены дома Максіма Горкага яшчэ памятаюць візіт сюды ў жніўні 1934 года класікаў беларускай літаратуры, якія прыязжалі ў той час у Маскву на I з’езд савецкіх пісьменнікаў. Дарэчы, іх кнігі і зараз можна пабачыць на паліцах асабістай бібліятэкі рускага класіка.
Шмат цікавых ідэй па выкарыстанні на ўроках літаратуры сучасных тэхналогій фіналісты атрымалі на майстар-класе старшыні выканкама Агульнарасійскай грамадскай арганізацыі “Асацыяцыя настаўнікаў літаратуры і рускай мовы” Рамана Дашчынскага. Свае распрацоўкі ён прадставіў на прыкладзе вывучэння лірыкі Янкі Купалы. Запомніліся таксама прагляд расійскай ваеннай драмы “72 гадзіны”, якая нядаўна выйшла на экраны, і сустрэча са здымачнай групай кінастужкі.
Конкурсы для маладых педагогаў — выдатная магчымасць для настаўнікаў, якія робяць у прафесіі першыя крокі, праявіць сябе, прадставіць свае ідэі, атрымаць новы вопыт. І такія прапановы абавязкова трэба выкарыстоўваць. Арганізатары конкурсаў для маладых настаўнікаў Саюзнай дзяржавы спадзяюцца, што яны стануць прызнанай пляцоўкай для спаборніцтва ў сферы адукацыі.
Аксана МЫЦЬКО.
Фота аўтара.