Салідарнасць з расійскімі параалімпійцамі — пазіцыя дзяржаўная

- 10:17Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Вынас дэлегацыяй беларускіх спартсменаў сцяга Расіі на цырымоніі адкрыцця Параалімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра з’яўляецца дзяржаўнай пазіцыяй. Аб гэтым заявіла прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант.

Яна адзначыла, што вынас сцяга Расіі ў час цырымоніі адкрыцця Параалімпійскіх гульняў — ініцыятыва беларускай дэлегацыі. “Тым не менш падкрэслю, што гэтая пазіцыя дзяржаўная, у тым ліку пазіцыя прэзідэнта краіны, прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, — заявіла Наталля Эйсмант. — Людзі з абмежаванымі магчымасцямі вельмі інтэрнацыянальныя. Думаю, не будзе перабольшаннем сказаць, што параалімпійцы — гэта адна вялікая сям’я незалежна ад нацыянальнасці чалавека. Менавіта таму абсалютна зразумелы гэты жэст нашых параалімпійцаў, і мы ў гэтым пытанні з расіянамі салідарныя цалкам і поўнасцю”.

Прэс-сакратар таксама сказала, што ніводнага факта, які даказвае прымяненне допінгу расійскімі параалімпійцамі, прад’яўлена не было, “а людзі, для якіх спорт — гэта больш, чым спорт, гэта ўсё іх жыццё, былі ад Параалімпіяды адхілены”. “Вось гэта наша дзяржаўная пазіцыя і пазіцыя прэзідэнта нашай краіны”, — заявіла Наталля Эйсмант.

Як паведамілі СМІ, Міжнародны параалімпійскі камітэт (МПК) устанавіў асобу спартсмена, які вынес расійскі сцяг на цырымоніі адкрыцця. Яго імя афіцыйна не называлася. Аднак СМІ паведамілі, што гэта дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы Андрэй Фомачкін.