Дробязей у першым класе няма!

- 11:43Адукацыйная прастора, Рознае

Ніхто не будзе спрачацца, што пачатак навучання ў школе — адзін з найбольш складаных і адказных момантаў у жыцці дзяцей і ў сацыяльна-псіхалагічным, і ў фізічным плане. Гэта не толькі новыя ўмовы жыцця і дзейнасці дзіцяці — гэта новыя кантакты, новыя адносіны, новыя абавязкі. Кардынальна мяняецца жыццё малога. Школа з першых дзён ставіць перад вучнем цэлы шэраг задач, не звязаных непасрэдна з іх вопытам, патрабуе максімальнай мабілізацыі інтэлектуальных і фізічных сіл.

Дык як жа зрабіць першыя школьныя крокі дзіцяці паспяховымі?

Каб умела выкарыстоўваць рэзервы, якія ёсць у дзіцяці, неабходна прадумаць, як можна хутчэй адаптаваць дзіця да школы, навучыць вучыцца, не трацячы лішніх фізічных намаганняў.

Адаптацыя — гэта працэс прыстасавання дзіцяці да новых умоў школьнага жыцця. І гэта даволі доўгі працэс. Не адзін тыдзень, не адзін месяц патрабуюцца для таго, каб маленькі вучань асвоіўся ў школе па-сапраўднаму. Ад таго, як пройдзе прыстасаванне, прывыканне дзіцяці да школы, залежыць яго эмацыянальны стан, здароўе, працаздольнасць і, безумоўна, паспяховасць навучання. Ад першага года навучання шмат у чым залежаць далейшыя поспехі і вынікі пачаткоўцаў.

Асноўнай мэтай педагагічнага калектыву нашай школы ў напрамку сацыяльнай адаптацыі дзяцей з’яўляецца стварэнне агульнага фону, спрыяльнага для іх развіцця: фізічнага, інтэлектуальнага, эмацыянальнага.

Дзейнасць нашай школы накіравана на максімальнае забеспячэнне рухальнай актыўнасці дзяцей, стварэнне ў школе развіццёвага прадметнага асяроддзя, шырокае прымяненне гульнявых прыёмаў, выкарыстанне стылю даверлівага супрацоўніцтва ва ўзаемаадносінах паміж дарослымі і дзецьмі, увядзенне ў педагагічны працэс разнастайных відаў дзіцячай творчай дзейнасці, стварэнне няжорсткага рэжыму вучэбнай дзейнасці.

Важная роля ў паспяховай адаптацыі дзяцей належыць, безумоўна, класнаму кіраўніку. Адаптавацца прыходзіцца не толькі дзіцяці да класа, да свайго месца ў школе, да настаўніка, але і самім педагогам да новых для іх вучняў. Уважлівыя, клапатлівыя і цярплівыя адносіны да першакласніка з боку настаўніка, разуменне ўнутраных прычын змен, якія адбываюцца з ім, дапамогуць пераадолець усе цяжкасці адаптацыйнага перыяду і ўпэўнена ісці наперад.

Самай жаданай формай дзейнасці для дзіцяці з’яўляецца гульня. Таму ў сваёй рабоце я стараюся выкарыстоўваць гэтую форму арганізацыі дзейнасці для навучання, аб’ядноўваючы гульню і вучэбна-выхаваўчы працэс, г.зн. прымяняючы гульнявую форму для дасягнення адукацыйных мэт.

Пераход ад гульнявой дзейнасці да вучэбнай павінен быць паступовым. У працэсе навучання шырока выкарыстоўваю нагляднасць, дыдактычныя гульні і практыкаванні гульнявога характару. Пры выбары гульні ў першую чаргу ацэньваю яе пазнавальны матэрыял і дыдактычную накіраванасць, а не цікавасць сюжэта.

Для зняцца страху перад школай і настаўнікам, для паскарэння адаптацыі да школы выкарыстоўваю, напрыклад, гульню “Школа для жывёл”. Дзеці выбіраюць сабе ролі жывёл (баязлівага зайчыка, агрэсіўнага тыгра і г.д.). Потым жывёлы рассаджваюцца за парты. Уваходзіць настаўнік, пачынае ўрок. “Добры дзень, звяры! Хто вывучыў дамашняе заданне?” Дзеці паводзяць сябе ў адпаведнасці са сваёй роляй.

Практыкаванні і гульні, якія выкарыстоўваюцца ў перыяд адаптацыі, спрыяюць развіццю згуртаванасці дзяцей, арганізацыі сумесных дзеянняў. Яны таксама развіваюць пачуццё супольнасці і спрыяюць устанаўленню атмасферы даверу і бяспекі, фарміруюць уважлівыя і клапатлівыя адносіны адно да аднаго.

Напрыклад, гульня “Чароўны мяшок”. Перад гульнёй неабходна абмеркаваць з дзіцем, які ў яго зараз настрой, што яно адчувае, можа, яно пакрыўджана на кагосьці. Потым дзіцяці прапаноўваецца скласці ў чароўны мяшок усе адмоўныя эмоцыі: злосць, крыўду, сум і г.д. Гэты мяшок — з усім дрэнным, што ў ім ёсць, выкідаецца. Можна прапанаваць выкінуць яго самому дзіцяці. Можна выкарыстоўваць яшчэ адзін чароўны мяшок, з якога дзіця можа ўзяць сабе тыя станоўчыя эмоцыі, якія яно хоча. Гульня накіравана на ўсведамленне свайго эмацыянальнага стану і вызваленне ад негатыўных эмоцый.

Гульня-гутарка “Спосабы павышэння настрою”. Абмяркоўваю з дзіцем, як можна самому сабе павысіць настрой. Ёсць многа такіх спосабаў. Напрыклад: усміхнуцца сабе ў люстэрку, паспрабаваць засмяяцца, успомніць што-небудзь добрае, зрабіць добрую справу іншаму, намаляваць сабе карцінку і г.д.

“Складзі апавяданне”. Дзіцяці прапаноўваю скласці апавяданне на якую-небудзь тэму або яно выбера яе само. Тэмы могуць быць такімі: “Я люблю, калі…”, “Мяне клапоціць…”, “Калі я злы…”. Важна, каб дзіця давала не кароткі, а поўны, разгорнуты адказ. Потым гэтыя апавяданні можна прайграць.

“Малюем сябе”. Дзіцяці прапаноўваю каляровымі алоўкамі намаляваць сябе зараз і сябе ў мінулым. Абмяркоўваю з ім дэталі малюнка, у чым яны адрозніваюцца. Высвятляю, што яму падабаецца і не падабаецца ў сабе. Гэтае практыкаванне накіравана на ўсведамленне сябе як індывідуальнасці, усведамленне розных сваіх бакоў. Гэта карысна для вызначэння таго, што змянілася ў дзіцяці ў параўнанні з мінулым і што яшчэ хацелася б змяніць.

“Краіна Х”. Гэтае практыкаванне прадугледжвае сумеснае маляванне дзяцей на вялікім аркушы паперы. Дзецям прапаноўваю разам прыдумаць краіну, даць ёй назву і намаляваць. Кожнае дзіця малюе на агульнай карціне тое, што хоча. Гэтае практыкаванне дае магчымасць кожнаму дзіцяці ўдзельнічаць у агульнай дзейнасці, дапамагае ўбачыць, якое месца яно займае сярод равеснікаў.

“Намалюй узор”. Для гэтай гульні патрабуецца некалькі пар выразаных з паперы рукавіц з рознымі ўзорамі на іх. Кожнай пары дзяцей даюцца чатыры рукавіцы. Яны павінны дамовіцца, як іх упрыгожаць. Умова: кожнай пары даецца толькі адзін набор алоўкаў. Гэтая гульня дапамагае ўбачыць, якія адносіны склаліся паміж дзецьмі, якія ёсць канфлікты, а таксама яна трэніруе ўменне ажыццяўляць сумесныя дзеянні.

Прайграванне сітуацый. Для дзяцей будзе цікавым і карысным разыгрываць розныя сітуацыі: з рэальнага жыцця або прапанаваныя настаўнікам, але таксама блізкія да рэальных (“Як я выконваю рэжым дня?”, “Што я буду рабіць, калі бабуля захварэе?”, “Як памірыцца з сябрам?” і г.д.).

Таксама стараюся ствараць такія вучэбныя сітуацыі, якія зацікавяць дзяцей пытаннем, праблемай. Сітуацыі, у якіх вучні змогуць задаваць адно аднаму пытанні, каменціраваць адказы сяброў, весці паміж сабой вучэбны дыялог. Дзіця, аднойчы адчуўшы на ўроку радасць першаадкрывальніка, будзе і ў далейшым праяўляць пазнавальны інтарэс да вучэбных заданняў.

На кожным уроку арганізоўваю практычную дзейнасць дзяцей. Стараюся не дапускаць манатоннага выканання аднатыпных заданняў і практыкаванняў, таму калектыўная работа вучняў і настаўніка змяняецца групавым узаемадзеяннем і індывідуальнай дзейнасцю.

Для шасцігадовага вучня асабліва важна адчуць, перажыць радасць поспеху ад самастойна выкананага задання. Дзіця павінна ведаць, што настаўнік верыць у яго сілы. Тады любое заданне будзе ўспрымацца з радасцю, без страху зрабіць памылку. Настаўнік здольны арганізаваць поспех любога вучня, знайсці магчымасць пахваліць, падтрымаць кожнае, нават самае “слабае” дзіця.

Работа з бацькамі — гэта таксама немалаважны фактар у адаптацыі першакласніка. Бацькам трэба падтрымаць у дзіцяці яго імкненне стаць школьнікам, праяўляць шчырую зацікаўленасць да школьных спраў і клопатаў. Сур’ёзныя адносіны да першых дасягненняў і магчымых цяжкасцей вучняў з іх боку дапамогуць першакласнікам пацвердзіць значнасць іх новага становішча і дзейнасці.

Навучанне — гэта нялёгкая і адказная праца. Паступленне ў школу істотна мяняе жыццё дзіцяці, але не павінна пазбаўляць яго разнастайнасці, радасці, гульні. Толькі добрая дапамога дзецям з боку іх бацькоў і настаўнікаў дасць неабходны вынік.

Таццяна ДЗЕМ’ЯНКОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Быхава.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.