Радзіма пачынаецца з цябе

- 10:46Адукацыйная прастора, Рознае

Прадстаўнікі 15 гарадоў прынялі ўдзел у ІІ Нацыянальным дзіцяча-маладзёжным форуме “Скарынаўскія дні ў Полацку — 2016”

Пачынаць навучальны год у старажытным Полацку — выдатны творчы стымул для школьнікаў, упэўнены на радзіме славутага першадрукара. Скарынаўскія дні ў Полацку адзначаюцца з 2013 года ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства. У кастрычніку 2014 года, пасля прысваення Полацку ганаровага звання “Горад, дружалюбны да дзяцей”, да святкавання далучыліся прадстаўнікі іншых беларускіх гарадоў, якія падтрымалі гэтую глабальную міжнародную ініцыятыву. Культурна-асветніцкі форум праходзіць пры падтрымцы Полацкага райвыканкама, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

Натхнёныя Скарынай

Традыцыйна цэнтральная падзея праекта — Скарынаўская алімпіяда. Яе ўдзельнікі дэманстравалі выдатнае веданне беларускай, асабліва полацкай, гісторыі, біяграфіі і творчай спадчыны Францыска Скарыны, спаборнічалі ў пісьменніцкім мастацтве, артыстычным і аратарскім майстэрстве. Па выніках напісання комплекснай работы па гісторыі ў лідары выйшлі землякі Скарыны — Мікіта Смальянін (полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны) і Ганна Цішкевіч (сярэдняя школа № 6 Полацка), якія занялі 1-е і 2-е месцы адпаведна. Дастойную канкурэнцыю ім склалі Аляксандр Казлоў (гімназія № 2 Наваполацка) і Настасся Ігнацкая (полацкая дзяржаўная гімназія № 2), якія падзялілі 3-е месца. У конкурсе рытараў перамогу святкавалі прадстаўнікі ліцэя № 1 Баранавіч (1-е месца), гімназіі № 36 Гомеля імя Івана Мележа (2-е месца) і сярэдняй школы № 2 Салігорска (3-е месца). Лідарскую тройку ў конкурсе мастацкага чытання склалі Настасся Барытко (полацкая дзяржаўная гімназія № 2, 1-е месца), Яраслаў Аляксееў (полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны, 2-е месца) і Ян Булгакаў (гімназія № 36 Гомеля імя Івана Мележа, 3-е месца).

Адно з самых складаных выпрабаванняў алімпіяды — творчы конкурс па беларускай мове і літаратуры (напісанне эсэ). Па рашэнні журы пераможцамі ў ім былі аб’яўлены адразу дзве ўдзельніцы: навучэнка сярэдняй школы № 2 Салігорска Валерыя Бялько (яна ж атрымала спецыяльны прыз — планшэт) і навучэнка сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай Настасся Васілеўская. На 2-м месцы — Настасся Таранда (сярэдняя школа № 15 Полацка), на 3-м — навучэнка гімназіі № 36 Гомеля імя Івана Мележа Вераніка Шаўко.

Палатно сяброўства

Не менш напружаная барацьба разгарэлася паміж удзельнікамі адкрытага творчага праекта “Нашчадкі Скарыны”, які праводзіўся ў вочнай, завочнай форме і ў фармаце анлайн-галасавання і ўключаў у сябе шэсць конкурсаў. Інтэрактыўны квест “Брама гісторыі” прынёс перамогу камандзе полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. Літаральна ў спіну ёй дыхалі суседзі — “Аматары прыгод” з гімназіі № 2 і “Шукальнікі” з сярэдняй школы № 14 Наваполацка: усе тры каманды набралі роўную колькасць балаў, і толькі па часе палачанам удалося вырвацца наперад. Па выніках конкурсу сацыяльных ролікаў “Мова пачынаецца з цябе” месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е — у каманды полацкай сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай (“Мова пачынаецца з цябе”), 2-е — у навучэнца сярэдняй школы № 6 Максіма Шастакова і каманды “Скарыняты” сярэдняй школы № 16 Полацка (“Размаўляй па-беларуску”), 3-е — у клуба ЮНЕСКА “Мы” сярэдняй школы № 16 Мазыра (“Роднае слова”) і каманды “КазяЎкі” полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны (“Мова пачынаецца з нас!”; работа атрымала спецпрыз — планшэт). Інтрыга ў конкурсе эрудытаў “Скарынаўскія гульні” захоўвалася да апошняга. Пальму першынства ўдалося ўтрымаць “Феечкам” з полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2. На 2-м месцы — “Вясёлыя пяльмешкі” з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, на 3-м — каманда “Не забудзь” Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Сёлета арганізатары форуму запрасілі ўдзельнікаў паспрабаваць свае сілы ў напісанні афіцыйнага гімна Скарынаўскіх дзён. На думку журы, лепшыя варыянты прапанавалі полацкая дзяржаўная гімназія № 2, а таксама сярэднія школы №№ 15 і 6 Полацка (адпаведна 1-е, 2-е і 3-е месцы). А юных мастакоў тым часам паклікаў пленэр “Знакамітаму земляку прысвячаецца…”. Родныя сцены дапамаглі перамагчы Таццяне Фурс з сярэдняй школы № 8 Полацка, 2-е месца — у Веранікі Маркавец з Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка, 3-е — у Аляксандры Кулаковай з Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна. Яшчэ адна асаблівасць сёлетняга форуму — творчы праект абрэзкавага шыцця “Палатно сяброўства”. Усіх удзельнікаў папрасілі падрыхтаваць квілты памерам 40 на 40 сантыметраў з гербамі сваіх гарадоў, якія затым плануецца сабраць у адзінае палатно, аб’яднанае гербам Скарынаўскіх дзён. У гэтым конкурсе ўзнагародамі былі адзначаны работы Алёны Васільевай (Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі, 1-е месца), Уладзіславы Шарамавай (Палац дзяцей і моладзі Наваполацка, 2-е месца) і Марыі Гусак (Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, 3-е месца).

Урокі пад адкрытым небам

Агульнагарадскія панарамы-прэзентацыі гурткоў, секцый і аб’яднанняў па інтарэсах, якія ў пачатку восені запрашаюць дзяцей і моладзь на заняткі ва ўстановы дадатковай адукацыі, у юных жыхароў Віцебшчыны і іх бацькоў карыстаюцца нязменным поспехам. Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі праводзіць такое свята і падчас Скарынаўскіх дзён. На дзень вуліцы, паркі, плошчы старажытнага горада замяняюць дзецям і падлеткам школьныя класы. Заняткі праводзяцца не толькі для полацкіх школьнікаў і гімназістаў, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але і для іх бацькоў, родных, знаёмых, старэйшых таварышаў, шматлікіх гасцей горада. Педагогі выкарыстоўваюць інавацыйныя методыкі, максімальна задзейнічаюць тэатралізацыю. Формы правядзення заняткаў установы адукацыі выбіраюць самастойна, а ў адзінае цэлае іх аб’ядноўвае тэматыка. Сёлета лейтматыў адкрытых урокаў і майстар-класаў гучаў так: “Захоўваючы традыцыі, будуем будучыню”. Групы навучэнцаў мэтанакіравана рухаліся “з урока на ўрок”, ад адной тэматычнай пляцоўкі да другой, а на “перапынках” паміж заняткамі бадзёры настрой ім і ўсім удзельнікам свята стваралі лепшыя мастацкія і спартыўныя калектывы Полаччыны, а таксама спецыяльна запрошаныя госці. Так, прадстаўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Сапега шчыра запрашала “У госці да кніг”.

Адноўленае “Ў” і жывыя скульптуры

Не варта здзіўляцца, што скульптурныя кампазіцыі ў гэты дзень традыцыйна ажываюць: на вуліцы вы можаце сустрэцца і зрабіць сэлфі з Францыскам Скарынай, пагутарыць з Ефрасінняй Полацкай, дакрануцца да жыцця і творчых пошукаў Янкі Купалы… Шчодры на сяброў і ўражанні горад падарыў сваім гасцям магчымасць стаць сведкамі яшчэ адной важнай падзеі: падчас Скарынаўскіх дзён тут пасля рэканструкцыі быў адкрыты помнік унікальнай літары “Ў”, характэрнай толькі для беларускай мовы. Сімвалічную чырвоную стужку перад адноўленай скульптурнай кампазіцыяй Ігара Куржалава перарэзалі старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Шаўчук і начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Помнік з’явіўся ў Полацку падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў 2003 годзе. Новае жыццё ён атрымаў напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства, які трэці раз будзе прымаць горад Скарыны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.