71-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН афіцыйна адкрылася 13 верасня, паведамляе Цэнтр навін ААН.
Першыя дні работы сесіі прысвечаны ў асноўным працэдурным пытанням. Кіраўнік ААН Пан Гі Мун прадставіць штогадовы даклад аб рабоце ААН. 19 верасня пройдзе саміт па пытаннях бежанцаў і мігрантаў. 20 верасня стартуюць штогадовыя агульныя дэбаты, яны прадоўжацца да 26 верасня. Старшынствуе на 71-й сесіі дыпламат з Фіджы Пітэр Томсан.
Па традыцыі агульныя дэбаты адкрыюць выступленні лідараў Бразіліі і ЗША. Потым выступяць прэзідэнты Чада і Францыі, кіраўнікі дзяржаў Гаяны, Катара, Аргенціны, Славакіі, Малаві, Іарданіі, Швейцарыі і Перу. На 20 верасня запланавана выступленне прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі і прэзідэнта Таджыкістана, на 21 верасня — прэзідэнта Украіны. Міністр замежных спраў Расіі выступіць з трыбуны Генасамблеі ААН 23 верасня, кіраўнік МЗС Беларусі — 26 верасня.
Генасамблея ААН — галоўны дарадчы орган ААН. У яе ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ААН, кожная з якіх мае адзін голас. Рашэнні па важных пытаннях (пытанні міру і бяспекі або прыём новых членаў) патрабуюць большасці ў дзве трэці галасоў. Рашэнні па іншых пытаннях прымаюцца простай большасцю.
У 1946 годзе ў складзе Генасамблеі была 51 дзяржава, цяпер — 193. У канцы 40-х гадоў яе парадак дня быў прысвечаны галоўным чынам праблемам дэкаланізацыі. За 70 гадоў значна пашырылася кола пытанняў, якія абмяркоўваюцца. Генасамблея цяпер займаецца яшчэ і праблемамі сацыяльнага і эканамічнага развіцця, барацьбы з тэрарызмам, карупцыяй, незаконным абаротам наркотыкаў і ВІЧ/СНІДам, а таксама абаронай жанчын, інвалідаў, карэнных народаў і дзяцей, пашырэннем асноўных прынцыпаў дэмакратыі, барацьбой са змяненнем клімату.