Скончылася цёплае бесклапотнае лета. Празвінеў першы званок, які абвясціў пра пачатак новага навучальнага года. Першая школьная субота ў Лугаваслабадской сярэдняй школе была прысвечана двум вельмі важным і значным мерапрыемствам: акцыі “У цэнтры ўвагі — дзеці!” і Дню беларускага пісьменства.
У гэты не зусім сонечны суботні дзянёк ва ўнутраным дворыку нашай школы было вельмі горача. Дворык ператварыўся ў веладром, на якім усе сабраліся для таго, каб паўдзельнічаць у конкурсе-спаборніцтве юных веласіпедыстаў або проста пабалець за ўдзельнікаў спаборніцтваў.
У рамках акцыі “У цэнтры ўвагі — дзеці!” адбылася сустрэча нашых школьнікаў з начальнікам аддзела ДАІ Мінскай вобласці падпалкоўнікам Дзмітрыем Шынелевым, які перад пачаткам спаборніцтваў па фігурным ваджэнні веласіпедаў расказаў і паказаў навучэнцам, як зроблены веласіпед, нагадаў, якія правілы трэба выконваць пры яздзе на веласіпедзе, параіў, як можна засцерагчы сябе ад небяспекі ў цёмны час сутак. Кожны ўдзельнік спаборніцтваў атрымаў у падарунак ад Дзмітрыя Ігаравіча флікер.
Дзеці дэманстравалі сваё майстэрства кіравання веласіпедам на асфальтаванай пляцоўцы школьнага двара, выконваючы конкурсныя заданні. Перад удзельнікамі была пастаўлена складаная задача беспамылкова і на час пераадолець усе перашкоды: s-падобную дарогу, праезд пад перакладзінай, перанос прадмета, васьмёрку, арэлі, прыцэльнае тармажэнне і іншыя. За праходжаннем кожнага этапу назіралі суддзі — настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Юрый Леанідавіч Бурак і Яўген Ігаравіч Амосаў.
У сваіх узроставых групах перамогу атрымалі навучэнец 5 класа Уладзіслаў Волчак (0,54 с), навучэнец 7 класа Арцём Дзягцярык (1,06 с), навучэнка 5 класа Паліна Літвіна (1,33 с), навучэнка 7 класа Ксенія Дзікарэвіч (1,43 с).
А тым часам не менш цікавыя падзеі разгортваліся ў фае першага паверха школы, дзе праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства. Школьны бібліятэкар Ірына Дзмітрыеўна Буралёва аформіла выставу беларускай літаратуры і перыядычнага друку. Малады спецыяліст настаўніца рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры Ірына Сяргееўна Мялік правяла турнір знаўцаў беларускай мовы, на якім навучэнцы памераліся сілай розуму і кемлівасцю, а таксама праявілі свае творчыя здольнасці. Пераможцы турніру атрымалі падарункі.
Салодкі прыз — цукеркі — дастаўся тым навучэнцам, якія паспяхова справіліся з заданнямі гульні “Перакладчыкі”, што праходзіла пад лозунгам “Пераклаў слова на беларускую мову — атрымлівай цукерку!”.
Настаўніцы пачатковай школы Таццяна Пятроўна Кобзева, Лідзія Архіпаўна Васілеўская і настаўніца англійскай мовы Настасся Ігараўна Ермаловіч разам з навучэнцамі, бацькамі і педагогам-псіхолагам Аляксандрай Русланаўнай Цэхавай арганізавалі святочны кірмаш, на якім можна было набыць цудоўную выпечку. А навучэнцы пачатковай школы з цікавасцю і адказнасцю спрабавалі сябе ў ролі прадаўцоў.
На свяце беларускага пісьменства працавала творчая майстэрня, у якой можна было з рознакаляровых абрэзкаў сваімі рукамі зрабіць эксклюзіўную ляльку. Да працэсу творчасці настаўніца пачатковай школы Вольга Леанідаўна Бабіч, выхавальніца групы прадоўжанага дня Іна Ігараўна Трапашка і педагог-арганізатар Вераніка Юр’еўна Макарэвіч далучылі навучэнцаў, бацькоў, педагогаў.
Малады спецыяліст настаўнік гісторыі Дзмітрый Ігаравіч Салагуб арганізаваў паказ мультыплікацыйных фільмаў. Навучэнцы маглі атрымаць асалоду ад гучання беларускай мовы і ўзбагаціць свой слоўнікавы запас у час прагляду мультфільмаў па матывах беларускіх народных казак.
А завяршылася свята наведваннем навучэнцамі разам з Аленай Яўгенаўнай Гарбар Лугаваслабадской сельскай бібліятэкі. Загадчыца бібліятэкі Людміла Андрэеўна Мотузава расказала навучэнцам пра гісторыю станаўлення і развіцця беларускага пісьменства, кнігадрукавання, пра беларускіх асветнікаў Ефрасінню Полацкую, Сімяона Полацкага, Францыска Скарыну.
Ярка, спартыўна, насычана, цікава, смачна, пазнавальна прайшоў першы ў новым навучальным годзе шосты школьны дзень.
Таццяна КНЯЗЕВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна.