Вынікі летняга аздараўлення дзяцей у 2016 годзе падвялі на рэспубліканскім семінары-нарадзе, які адбыўся ў НДЦ “Зубраня”. На працягу трох дзён спецыялісты абмяркоўвалі дасягненні і праблемныя пытанні, дзяліліся вопытам і ставілі задачы на наступны аздараўленчы сезон.
У “Зубраня” прыехалі дэлегацыі з усіх абласцей краіны. У семінары-нарадзе прынялі ўдзел спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама, прадстаўнікі раённых і гарадскіх упраўленняў ці аддзелаў адукацыі, якія курыруюць летні адпачынак і аздараўленне дзяцей, работнікі ўстаноў дадатковай адукацыі, кіраўнікі і педагогі аздараўленчых лагераў.
На пленарным пасяджэнні прафесійны дыялог распачалі каля 200 спецыялістаў. Да ўдзельнікаў далучыліся прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя, МУС і МНС, Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, устаноў вышэйшай адукацыі.
— Сёння мы падводзім вынікі важнага сегмента работы — арганізацыі дзіцячага адпачынку і аздараўлення, — распачаў пасяджэнне намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. — Ні для каго не сакрэт, што летні адпачынак — важны кампанент выхаваўчай работы, і тое, як дзіця правяло лета, уплывае на яго фізічны і маральна-псіхалагічны стан. Наша задача на будучыню — захаваць дасягненні апошніх гадоў і не зніжаць планку”.
Канцэпцыя дзіцячага адпачынку і аздараўлення ў Рэспубліцы Беларусь, прынятая ў лютым бягучага года, паставіла перад спецыялістамі шэраг задач, накіраваных на павышэнне якасці і даступнасці паслуг адпачынку і аздараўлення. Аб выкананні пастаўленых задач гаварылася ў дакладзе намесніка міністра адукацыі.
Выкананне планавых паказчыкаў аб’ёмаў аздараўлення дзяцей гаворыць аб паспяховасці летняга аздараўлення. Па ўсіх відах аздараўлення гэтыя паказчыкі сёлета выкананы і перавыкананы ўсімі абласцямі. Была вырашана і задача ахапіць аздараўленнем ад 31% да 36% усіх дзяцей ва ўзросце 6—18 гадоў. Так, у 2016 годзе ў краіне аздаравілася больш за 360 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, што склала 31,9%.
Яшчэ адной задачай аздараўленчай кампаніі 2016 года стала павелічэнне паказчыкаў аздараўлення дзяцей у лагерах з кругласутачным знаходжаннем. Аналіз сітуацыі паказаў, што ў рэгіёнах разумеюць важнасць задачы і працуюць над яе рашэннем, аднак Мінск з’яўляецца адзіным рэгіёнам, дзе ў кругласутачных лагерах аздараўліваецца больш дзяцей, чым у лагерах з дзённым знаходжаннем. Віктар Віктаравіч нагадаў калегам аб неабходнасці больш рацыянальнага выкарыстання базы існуючых кругласутачных лагераў, недапушчальнасці арганізацыі ў лагерах больш за тры змены і пачатку аздараўленчай кампаніі ў іх пазней за 1 чэрвеня.
Перад пачаткам летняй аздараўленчай кампаніі гэтага года акцэнтавалася ўвага і на ўдасканаленні работы профільных лагераў. Сёлета назіралася павелічэнне аб’ёмаў аздараўлення дзяцей ва ўзросце 15—18 гадоў. Больш за 37 тысяч падлеткаў адпачывалі ў лагерах пэўнага профілю. Намеснік міністра адзначыў, што гэтую тэндэнцыю варта захаваць, а таксама звярнуў увагу на пашырэнне напрамкаў дзейнасці ў лагерах па профілях. Так, атрымлівае распаўсюджванне вопыт НДЦ “Зубраня” па дзейнасці валанцёрскіх педагагічных атрадаў не толькі ў кругласутачных, але і ў лагерах з дзённым знаходжаннем дзяцей. Разам з тым статыстыка паказвае, што колькасць дзяцей, якія аздараўліваліся ў лагерах для высокаматываваных навучэнцаў, у большасці рэгіёнаў памяншаецца. Гэтае пытанне патрабуе аналізу і прыняцця аператыўнага рашэння.
Цудоўна зарэкамендавалі сябе і лагеры працы і адпачынку. Па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема распаўсюджвання такіх лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей. Сёлета іх колькасць павялічылася. Але стрымлівае развіццё гэтай формы аздараўлення стварэнне працоўных месцаў. Віктар Віктаравіч Якжык адзначыў, што важна прыцягваць усе зацікаўленыя структуры, задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс, праводзіць адпаведную падрыхтоўчую работу, а таксама звярнуў увагу на станоўчы вопыт вырашэння гэтай праблемы ў Мінску і Брэсцкай вобласці.
Поспехам аздараўленчай кампаніі 2016 года намеснік міністра назваў вырашэнне пытання па аздараўленні дзяцей з асаблівасцямі развіцця і дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Паводле даных, з 2014 года павялічваецца колькасць адпачываючых у лагерах дзяцей-інвалідаў і дзяцей, якія стая ць на прафілактычным уліку ў ІСН. Значна ўзрасла ў параўнанні з мінулым годам і колькасць адпачываючых, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Радуюць не толькі колькасныя паказчыкі, але і якасць работы з такімі катэгорыямі дзяцей. Станоўчым прыкладам вопыту рэалізацыі праграм, накіраваных на фарміраванне талерантных адносін да такой катэгорыі дзяцей, можа служыць вопыт работы Мінска і Мінскай вобласці. Максімальна ахапіць сацыяльна ўразлівыя катэгорыі дзяцей арганізаванымі формамі занятасці і аздараўлення — адна з найважнейшых задач на наступны аздараўленчы сезон.
Высока ацаніў намеснік міністра адукацыі мерапрыемствы, якія прайшлі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць”, а таксама звярнуў увагу на найбольш цікавыя і карысныя падзеі ў лагерах кожнай вобласці.
Па словах Віктара Віктаравіча, у большасці рэгіёнаў выбудавана паслядоўная сістэма па падрыхтоўцы кадраў для аздараўленчых лагераў і павышэнні іх кваліфікацыі. Адметна, што ў гэтым годзе ўпершыню НДЦ “Зубраня” сумесна з БДПУ імя Максіма Танка рэалізаваў праект па падрыхтоўцы студэнтаў непедагагічных спецыяльнасцей устаноў вышэйшай адукацыі для работы ў лагерах. Падобныя праекты падрыхтоўкі кадраў могуць рэалізоўвацца і на базе рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі на працягу ўсяго навучальнага года.
Традыцыйна на семінары-нарадзе падводзяцца вынікі мінулай аздараўленчай кампаніі, ставяцца задачы на наступны сезон. Так, Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва і НДЦ “Зубраня” падрыхтавалі статыстычны даведнік “Аздараўленне дзяцей у Рэспубліцы Беларусь у 2009—2016 гадах”, які будзе накіраваны ў рэгіёны. Прадстаўленыя ў ім даныя дазволяць больш дакладна спланаваць аздараўленчую кампанію 2017 года. Віктар Віктаравіч Якжык звярнуў увагу прысутных на неабходнасць актывізацыі работы па стварэнні міжшкольных і міжраённых аздараўленчых лагераў з мэтай памяншэння дысбалансу ў загружанасці аздараўленчых лагераў. З’яўляецца актуальнай, па словах намесніка міністра, і задача пашырэння пазабюджэтнай дзейнасці з мэтай памяншэння нагрузкі на бюджэт. Для гэтага трэба больш смела выходзіць на рынак аздараўленчых паслуг Расійскай Федэрацыі, шукаць новыя прывабныя формы арганізацыі вольнага часу і аздараўлення, імкнуцца да зніжэння кошту на паслугі па аздараўленні.
Далей пасяджэнне праходзіла ў фармаце ток-шоу: у свабоднай форме абмяркоўваліся важныя аспекты арганізацыі і правядзення аздараўленчай кампаніі: выкананне санітарных норм і правіл, медыцынскае суправаджэнне, гаратнаванне бяспекі дзяцей у лагерах, сацыяльнае ўзаемадзеянне і партнёрства ў рамках летняй аздараўленчай кампаніі.
Праграма семінара-нарады прадугледжвала мноства мерапрыемстваў, якія дазволілі ўдзельнікам пазнаёміцца з цікавым вопытам калег. Так, была прадстаўлена выстава-панарама метадычных матэрыялаў па арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей ў Мінску, абласных цэнтрах “Рэцэпты нясумных канікул”. Таксама можна было азнаёміцца з праектамі, прадстаўленымі на Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым”. Стваральнікі праектаў правялі прэзентацыі для ўдзельнікаў семінара і адказалі на іх пытанні.
Акрамя таго, удзельнікі семінара сталі сведкамі гарачай барацьбы, якая разгарнулася ў конкурсе педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі “Энергічнае лета. Далучайся!”. Канкурсанты праводзілі мерапрыемствы, гульні з залай, паказвалі творчыя нумары з важацкага вечара, візітоўкі, рашалі педагагічныя задачы. Пераможцай конкурсу стала каманда спартыўна-аздараўленчага комплексу БДУ “Брыганціна”.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер таксама праходзіла ў рамках семінара-нарады. У намінацыі “Лепшы загарадны аздараўленчы лагер” перамогу святкавалі лагеры імя Ю.А.Гагарына КУП “Мінсктранс” і “Сузор’е” аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама. У намінацыі “Лепшае медыцынскае забеспячэнне дзяцей у аздараўленчым лагеры “Быць здаровым — гэта здорава” лепшымі журы прызнала ДАЛ “Арляня” КУВП “Брэсцкая кацельная гаспадарка” і лагер “Лясныя далі” Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі. У намінацыі “Лепшая арганізацыя харчавання ў аздараўленчым лагеры “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця” перамаглі лагеры “Барок” ААТ “МАПІД” і “Рамонак” аддзела адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама. Лідарамі ў намінацыі “Лепшая арганізацыя спартыўна-аздараўленчай работы ў аздараўленчым лагеры “Са спортам сябраваць — здаровым быць” сталі лагеры “Арляня” аддзела адукацыі, спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама і “Нёман” аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама.
33 праекты сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым”. Вынікі ў гэтай намінацыі падводзіліся асобна для лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей, з дзённым знаходжаннем, для профільных і лагераў працы і адпачынку. Так, сярод лагераў з кругласутачным знаходжаннем лепшым у намінацыі стаў праект “Формула прафесіі” аздараўленчага лагера “Гарызонт” ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Гарызонт”. Сярод лагераў з дзённым знаходжаннем пераможцай прызнаны праект “Падарожжа па моры 18 астравоў” лагера “Клёнікі”, які дзейнічаў на базе сярэдняй школы вёскі Клейнікі Брэсцкай вобласці. Праект “Парадокс, ці Мазаіка крэатыўнасці”, рэалізаваны ў лагеры “Рытм” сярэдняй школы № 10 Брэста, стаў лепшым сярод профільных лагераў. Сярод лагераў працы і адпачынку лідзіраваў праект “Працуючая краіна 52/54”, прадстаўлены лагерам сярэдняй школы № 2 Кобрына.
Удзельнікі семінара-нарады падвялі вынікі праведзенай аздараўленчай кампаніі, даведаліся аб арыенцірах на наступны год і азнаёміліся з цікавым вопытам калег. Цяпер яны цалкам узброены і ведамі, і ідэямі, каб зрабіць наступнае лета яшчэ больш яркім. Курс на яркае лета 2017 года ўзяты!
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.