980 тысяч удзельнікаў з 64 краін свету — такі неверагодны маштаб сёлета меў Міжнародны маладзёжны конкурс сачыненняў эпісталярнага жанру, які амаль паўстагоддзя праводзіць Сусветны паштовы саюз. І той факт, што адным з лепшых сярод амаль мільёна конкурсных работ стала сачыненне нашай юнай зямлячкі, выклікае гонар за такую творчую і таленавітую беларускую моладзь. Віталіна Віннік, вучаніца 7 класа Сноўскай сярэдняй школы Мінскай вобласці, стала лаўрэатам міжнароднага этапу конкурсу і ўзнагароджана спецыяльным прызам Сусветнага паштовага саюза.
Сёлета конкурс эпісталярнага жанру праводзіўся 45-ы раз. Гэтая дата знайшла адлюстраванне ў тэме конкурснага задання, якое прапанавала маладым людзям напісаць пісьмо самому сабе — 45-гадоваму. Міжнароднаму этапу папярэднічалі нацыянальныя адборы. Быў праведзены і беларускі аднайменны конкурс, дарэчы, юбілейны, дваццаты. Больш за паўтары тысячы юных беларусаў пісалі звароты ў будучыню да сябе дарослых. 1-е месца і права прадстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні заваявала Віталіна Віннік.
У Берне на заключным пленарным пасяджэнні Сусветнага паштовага кангрэса былі аб’яўлены пераможцы і лаўрэаты міжнароднага конкурсу, сярод якіх і Віталіна Віннік, якая ўдастоена спецыяльнага прыза за сваю творчую работу.
У пісьме дзяўчынка прапануе сабе дарослай зазірнуць у шкатулку памяці, куды маленькая Віталіна паклала 11 рэчаў, якія сімвалізуюць 11 ісцін, якія яна зразумела за свае 11 гадоў жыцця. У шкатулцы апынуўся крыштальны шар — сімвал кволасці ўсяго свету і міру на Зямлі; гадзіннік, што спыніўся, сімвалізуе час, які бяжыць так хутка, і каштоўнасць кожнага імгнення; маятнік, падораны сяброўкай, нагадвае аб неабходнасці праяўляць увагу да сяброў і прыкладаць намаганні, каб адносіны развіваліся. Яшчэ адзін прадмет у шкатулцы памяці — медаль з першага ў жыцці Віталіны Абласнога конкурсу даследчых работ. А сёння дзяўчынка ўжо вопытны ўдзельнік інтэлектуальных спаборніцтваў, алімпіяд, канферэнцый і форумаў. У яе асабістым партфоліа — дыпломы рознага ўзроўню — ад школьнага да міжнароднага. Так, напрыклад, у 5 класе Віталіна стала пераможцай Абласной дыстанцыйнай алімпіяды па рускай мове, некалькі тыдняў назад атрымала дыплом на Абласным конкурсе даследчых работ школьнікаў, раней была адзначана дыпломамі на Міжнароднай канферэнцыі школьнікаў “Мовазнаўства для ўсіх” у Маскве і Міжнародным фестывалі “Пушкінская восень”. Віталіна — юная, працавітая і, бясспрэчна, адораная дзяўчынка, таму спіс яе дасягненняў доўгі. Мяркую, шкатулка памяці дзяўчынкі, аб якой яна так творча напісала ў конкурсным сачыненні, будзе папаўняцца ўспамінамі аб яскравых перамогах, якія яшчэ наперадзе.
Дар’я РЭВА.
Фота з асабістага архіва Віталіны Віннік.