Жыхар горада над Лошыцай

- 11:43Краязнаўства, Рознае

Мінск — сталіца Беларусі, а значыць, самы даследаваны ў краязнаўчым плане горад краіны. Здаецца, усё лагічна і відавочна. Аднак у выдатніка адукацыі кіраўніка народнага краязнаўчага музея сярэдняй школы № 90 Мінска Станіслава Браніслававіча Холева іншае меркаванне. Педагог лічыць Мінск недастаткова даследаваным. Кожны дзень на працягу ўжо 38 гадоў ён разам з вучнямі раскрывае таямніцы горада над Свіслаччу.

Горада над Свіслаччу, горада над Нямігай, горада над Лошыцай, горада над Сярэбраным Ручаём, горада над Пярэспай, горада над Слоўсцю, горада над Дзівівелкай… Рэкі, рэчкі, рачулкі, якія на працягу стагоддзяў жывілі і жывяць Мінск сваёй гаючай сілай, — гэта толькі адзін з кірункаў даследчай работы выхаванцаў Станіслава Браніслававіча. Дарэчы, за даследаванне ракі Лошыцы ў 2013 годзе вучні 90-й школы атрымалі дыплом І ступені на Рэспубліканскім конкурсе “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

— Хоць сталіца Беларусі даследавана, як кажуць, уздоўж і ўпоперак, яшчэ дастаткова нявывучанага, малавядомага. Гэтыя белыя плямы і з’яўляюцца тэмамі нашых даследаванняў. Адна з апошніх прысвечана рэчкам, якія раней працякалі па сучаснай тэрыторыі Мінска. Жыхары сталіцы ў асноўным ведаюць Свіслач, чулі пра Нямігу, а была ж раней і Пярэспа, і Сярэбраны Ручай (ад яго назвы пайшла назва мікрараёна Серабранка), які пачынаўся ў раёне былога аэрапорта. Яшчэ адна амаль забытая рэчка працякала ў раёне станцыі метро “Аўтазаводкская”. Гэта рэчка Слоўсць. Яна знікла з геаграфічных карт у пачатку ХХ стагоддзя. На месцы яе рэчышча засталіся каналы, уздоўж берагоў цяпер размешчаны скверы. У апісаннях старога Мінска, якія адносяцца да XVI стагоддзя, упамінаецца і рэчка Дзівівелка (цяпер там мікрараён Захад). Вельмі добра, калі адміністрацыя горада захоўвае памяць пра старыя назвы: некалькі гадоў назад парку ў мікрараёне Захад далі назву Дзівівелка, — адзначыў Станіслаў Браніслававіч.

Займаючыся разам з кіраўніком народнага краязнаўчага музея сярэдняй школы № 90 Станіславам Браніслававічам Холевым географа-краязнаўчым даследаваннем Лошыцы, вучні не толькі знайшлі сапраўдны яе выток, але і адшукалі руіны будынка, які ў ХІХ стагоддзі належаў памешчыку Немаршанскаму. Загарадны дом Немаршан-скага быў пабудаваны на высокім узгорку ва ўрочышчы Замчышча, каля вёскі Лошыцы, праз якую праходзіў старадаўні Койданаўскі тракт. Магчыма, менавіта тут, як лічыць настаўнік, і знаходзіўся летапісны Менск. На карысць прапанаванай версіі гаворыць назва ўрочышча — Замчышча (месца, дзе раней існаваў замак, умацаваны горад) і даследаваныя археолагамі курганы ХІ ст. Пра гэтую версію можна даведацца ў школьнай краязнаўчай газеце “Койданаўскі тракт”. Змяшчаюцца ў школьным выданні і пытанні методыкі краязнаўчых даследаванняў. Што тычыцца ўрочышча Замчышча і магчымага знаходжання на яго тэрыторыі летапіснага Менска, то, безумоўна, тут патрэбны сур’ёзныя навуковыя даследаванні і правядзенне археалагічных раскопак.

Разам з вучнямі і навукоўцамі настаўнік таксама ўдзельнічаў у археалагічных раскопках: у 1986 годзе на месцы былога Дамініканскага манастыра на тэрыторыі сучаснай Кастрычніцкай плошчы і ў 2002 годзе на Нямізе насупраць гандлёвага дома. А пачалося вывучэнне роднага краю для нашага героя яшчэ ў дзяцінстве. Нарадзіўся Станіслаў Браніслававіч у вёсцы Шчорсы Навагрудскага раёна. Вёска знакаміта тым, што там знаходзіўся палац Храптовічаў і вельмі прыгожы парк. Потым бацькі пераехалі ў Карэлічы. Сям’я была вялікая, жылі незаможна, таму магчымасці падарожнічаць не было. Аднак хлопчыка заўсёды цягнула ў нязведаныя мясціны і краіны. Калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, Станіслаў вырашыў рэалізаваць свае мары і быць геолагам. Пасля спроб стаць шахцёрам, вярнуўся ў Беларусь і паступіў на геаграфічны факультэт БДУ. Многае ў прафесійным лёсе вызначыла тэма дыпломнай работы, якая знаходзілася на стыку любімых прадметаў — геаграфіі і гісторыі. Гэта тапаніміка Панямоння. У 1978 годзе прыйшоў настаўнікам геаграфіі ў сярэднюю школу № 90 Мінска, дзе працуе ўжо 38 гадоў.

— Як і ў многіх маладых настаўнікаў, на маіх уроках у вучняў часам былі праблемы з дысцыплінай. Каб вырашыць гэтыя пытанні і зацікавіць вучняў, адразу арганізаваў геаграфічны гурток, які перарос у краязнаўчы клуб “Брыганціна”. Пачаліся падарожжы. Калісьці праводзілася экспедыцыя “Мая Радзіма СССР”, накшталт сучаснай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Удзельнікам экспедыцыі давалася маршрутная кніжка. За наведванне, скажам, 50 аб’ектаў Мінскай вобласці вучань атрымліваў значок ІІІ ступені. На значок ІІ ступені неабходна было наведаць такую ж колькасць мясцін па Беларусі, а каб атрымаць залаты значок, трэба было аб’ездзіць амаль увесь Саюз. Мае вучні атрымалі бронзавы, сярэбраны і залаты значкі і былі аднымі з першых у Беларусі, хто дасягнуў такіх краязнаўчых вяршынь. За гады дзейнасці “Брыганціны” ў клубе займалася больш за 500 вучняў, — падзяліўся педагог.

Сёння сваю краязнаўчую зацікаўленасць, жаданне знаходзіць, даследаваць Станіслаў Браніслававіч сканцэнтраваў на метадычнай рабоце (выдадзены дапаможнік па факультатыўным курсе “Раёназнаўства”, брашура па гісторыі школы, падрыхтаваны да друку дапаможнік для настаўнікаў па арганізацыі краязнаўчай работы са школьнікамі) і папаўненні экспазіцыі школьнага музея. Пра народны краязнаўчы музей сярэдняй школы № 90 Мінска, пра музейную дзейнасць вядомага педагога-краязнаўца мы абавязкова раскажам больш падрабязна ў адным з наступных нумароў нашага выдання.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.