Вянок наваградскіх абрадаў

- 12:24Краязнаўства, Рознае

У верасні 2014 года па ініцыятыве Цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства ў Навагрудскім раёне стартаваў турыстычна-краязнаўчы праект “Народная спадчына Навагрудчыны”. Навучэнцы раёна адкрывалі для сябе народныя аўтэнтычныя традыцыі, развучвалі народныя танцы і песні. Былі наладжаны раённыя конкурсы народнай аўтэнтычнай абрадавай песні і танца, самабытнай нацыянальнай кухні. У 2016 годзе вучні працавалі над вывучэннем народных аўтэнтычных абрадаў. Атрымаўся вянок навагрудскіх, альбо, як кажуць яшчэ старыя людзі ў вёсках, наваградскіх, абрадаў.

Што адбываецца, калі дзяўчына і хлопец пакахалі адно аднаго і сабраліся пабрацца шлюбам? Канечне, спачатку хадзілі ў сваты, а затым право­дзілі “Заручыны”, альбо “Дагаворы”. Праз некалькі дзён — вяселле. У хаце дзяўчыны праводзіўся “дзявоцкі вечар”, альбо “зборная субота”. Навучэнцы гімназіі № 1 Навагрудка паказалі абрад з вёскі Чарэшля, дзе галоўным рытуалам з’яўлялася пляценне вянка. Напярэдадні вяселля садзілі нявесту на пасад, гэта значыць на хлебную дзяжу, пакрытую кажухом. А затым брат браў за руку ся­стру і вадзіў яе вакол стала тры разы, астатнія прымаўлялі: “Брат сястру на пасад вядзе, // Ручніком сцежку мяце, // Жытам пасыпае, золатам палівае, // Косу расплятае”.

Ну што ж, прашумела вяселле — час сустракаць гасцей на наваселле, альбо, як кажуць на Навагрудчыне, на “Уваходзіны”. Да ўвагі журы былі прапанаваны абрады, якія ладзілі ў вёсках Бенін і Вуглы. Вучні Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы адзначалі, што у вёсцы Бенін на “Уваходзіны” галоўнай стравай была дранка, якую каштавалі ўсе госці па чарзе, прыпяваючы: “Хата нова, хата нова, нова гаспадарка. // Каб заўсёды на стале былі мёд і скварка”. А вось у вёсцы Вуглы, як расказалі вучні сярэдняй школы № 4 Навагрудка, госці, калі пры­ходзілі ў хату, клалі грошы на чатыры вуглы стала, мазалі вуглы стала мёдам, каб жыццё гаспадароў было салодкім і багатым. Выбіралі месца ў хаце, каб паставіць гаршчок, у якім павінна было завесціся павуцінне — ізноў жа да багацця і шчасця.

Адбыліся “Уваходзіны” — зажыла маладая сям’я. І, як кажуць, угодна Богу і людзям, у сям’і з’яўляецца немаўля. З гэтай нагоды ў вёсцы Малыя Карнышы, як паказалі нам юныя этнографы з Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы, праводзіўся абрад “Ушанаванне бабы-павітухі”, якую бацькі дзіцяці і сваякі адорвалі хусткамі, пацеркамі, малявалі ёй румяны. А затым садзілі ў каляску і каталі ў знак пашаны па вёсцы.

“Адведкі” былі прадстаўлены дзяўчатамі з Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. У “Адведкі” ха­дзілі замужнія жанчыны да маладой маці і яе дзіцяці. Дык вось у маёнтку Лоўцы да хрышчэння ўсіх хлопчыкаў называлі Багданька, а ўсіх дзяўчынак — Лялька. Цікава тое, што, прыйшоўшы ў хату, жанчыны раскладвалі розны інст­румент, а затым праз яго пераступалі ў знак таго, што хлопчык будзе здатны да мужчынскай працы. Праходзіў некаторы час, і дзіця неабходна было хрысціць. “Хрэсьбіны” — абрад, які прадэманстравалі вучні з Вераб’евіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Жыццё працягвалася і было звязана з сельскай гаспадаркай. Вучні Любчанскай сярэдняй школы прадставілі абрад “Зажынкі”, калі жанчыны выходзілі ў поле на ніву, рассцілалі ручнік, на які ставілі ежу, клалі хлеб. Побач уста­наўлівалі першы сноп, які ўпрыгожвалі ручнікамі, кветкамі. На галаву гаспадара палеткаў таксама клалі вянок, вадзілі вакол яго карагод. За восень заканчваліся ў вёсцы амаль усе сельскагаспадарчыя работы, і 21 верасня, па народным календары, адзначалі “Багач” — старажытнае свята заканчэння ўборкі збожжавых, што і было прадстаўлена вучнямі сярэдняй школы № 3 Навагрудка.

Мерапрыемства прайшло на славу, а нашаму падрастаючаму пакаленню, мы спадзяёмся, — на навуку і на карысць. Тым больш што веданне спадчыны, асабліва спадчыны твайго народа, ніколі не бывае лішнім.

Ігар КОМАР,
дырэктар Навагрудскага раённага
цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.