Гэта быў сапраўдны ўрок жыцця. У выставачную залу Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прыйшлі вучні 8 “Б” класа сярэдняй школы № 27 Гомеля разам з настаўнікам-практыкантам гістарычнага факультэта Уладзімірам Смольскім. На выставе, прысвечанай 73-й гадавіне вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзеці не толькі ўбачылі дакументальныя матэрыялы аб тых, хто мужна змагаўся з ворагам, але і сустрэліся з жывой сведкай вайны — дачкой героя гомельскага падполля Дзмітрыя Басакава Ірынай Дзмітрыеўнай Лемешавай-Басакавай.
Вайна адабрала ў яе дзяцінства і бацьку. Дзмітрый Яўцехавіч Басакаў, інжынер-будаўнік, застаўся ў Гомелі для ўзвядзення абарончых збудаванняў, а калі нямецкія войскі ўвайшлі ў горад, разам з іншымі патрыётамі арганізаваў партыйна-камсамольскае падполле. 10-гадовая Іра выконвала розныя даручэнні бацькі, рабіла свой уклад у барацьбу з фашыстамі. А калі здраднік выдаў Басакава і яго арыштавалі, у турму забралі і маленькую дачку падпольшчыка. Яна зведала жорсткія катаванні, але мужна трымалася на допытах, нічога не сказала немцам пра бацьку, яго паплечнікаў, пра сувязь з партызанамі.
— Фашысты па мне стралялі — не забілі, голадам марылі — выжыла, па марозе і снезе гналі басанож — не замерзла, — падзялілася горкімі ўспамінамі са школьнікамі дачка героя.
Пасля гэтых слоў вучаніца Вераніка Канопліч прызналася: “Калі я ўбачыла слёзы на вачах Ірыны Дзмітрыеўны, разгледзела ў іх і смутак, і радасць. Смутак ад страты бацькі, родных, якіх адабрала вайна. Радасць ад таго, што людзі памятаюць пра тых, хто змагаўся за вызваленне роднай зямлі”.
Увазе падлеткаў было прадстаўлена партфоліа пра жыццёвы і гераічны шлях Д.Басакава і яго дачкі, падрыхтаванае Уладзімірам Смольскім і дацэнтам Тамарай Пятроўнай Гаранінай. У матэрыяле сабраны архіўныя дакументы, успаміны ветэранаў вайны, родных і сяброў героя, яго партрэты, фотаздымкі з сямейнага архіва, урачыстых мітынгаў каля мемарыяла “Слава героям-падпольшчыкам”, на мармуровай пліце якога высечана прозвішча Д.Басакава. Як частка валанцёрскага праекта “Бессмяротныя імёны” партфоліа захавае ў памяці нашчадкаў імя бясстрашнага абаронцы Радзімы і зойме дастойнае месца ў Гомельскім абласным музеі баявой славы.
Школьнікі даведаліся таксама шмат цікавага і пра іншых удзельнікаў гомельскага падполля (Рамана Цімафеенку, Івана Шылава, Яўгена Хоміча, Фёдара Прыходзьку) з прэзентацыі выставачнага праекта “Есть имена и есть такие даты, — они нетленной сущности полны…”, якую правёў Уладзімір Смольскі. Працавалі над праектам члены валанцёрскага атрада “Памяць” гістарычнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны.
Да юных гасцей звярнулася куратар праекта “Бессмяротныя імёны”, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Т.П.Гараніна. Яна падкрэсліла, што маладому пакаленню сёння вельмі важна даведацца пра лёс кожнага, хто змагаўся з ворагам у падполлі, вызваляў родны горад, каб заўсёды памятаць пра іх подзвіг і быць удзячнымі за шчасце жыць пад мірным небам.
Ірына Дзмітрыеўна Лемешава-Басакава напісала аб сустрэчы ў кнізе водгукаў: “Школьнікі лавілі кожнае наша слова — маё і настаўніка-практыканта, душой і сэрцам адчулі, што такое вайна і хто яе героі. Я пераканалася, што не перарываецца сувязь пакаленняў”.
Тамара ДУБЯК.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.