Пашырэнне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе стане прыярытэтам для Беларусі пры старшынстве ў ЦЕІ. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на адкрыцці ў Мінску першага пасяджэння Камітэта нацыянальных каардынатараў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы пад эгідай беларускага старшынства ў ЦЕІ ў 2017 годзе.
“Беларусь ставіць у аснову прыярытэтаў свайго старшынства ў ЦЕІ пашырэнне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе. Гэтая шырокая тэма закранае розныя аспекты ўзаемадзеяння, якія з’яўляюцца ў роўнай ступені важнымі і ўзаемадапаўняльнымі для згуртаванасці не толькі сярод краін ЦЕІ, але і сярод розных інтэграцыйных платформ на нашым кантыненце”, — сказаў Уладзімір Макей.
Паводле яго слоў, Беларусь хацела б прыкласці дадатковыя намаганні ў развіцці ключавых транспартных злучэнняў у рэгіёне ЦЕІ, што з’яўляюцца асноўнымі інфраструктурнымі артэрыямі для нацыянальных эканомік. У сувязі з гэтым неабходна мець на ўвазе адпаведныя канцэпцыі развіцця транспартных сістэм, такія як Транс’еўрапейская транспартная сетка ЕС і кітайская ініцыятыва “Адзін пояс — адзін шлях”.
“Работа ў гэтым напрамку патрабуе пашырэння ўзаемадзеяння ЦЕІ з еўрапейскімі і міжнароднымі фінансавымі ўстановамі для забеспячэння сумеснага сярэдне- і доўгатэрміновага планавання адпаведных інвестыцый. Наша традыцыйнае партнёрства з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця павінна быць дапоўнена супрацоўніцтвам з іншымі адпаведнымі структурамі, такімі як Еўрапейскі інвестыцыйны банк і інфраструктурныя фонды Азіі”, — адзначыў кіраўнік ведамства.
Дыпламат лічыць, што неабходна таксама разгледзець розныя гарызантальныя аспекты сумяшчальнасці для атрымання найбольшай карысці з існуючай інфраструктуры. Гэта ўключае ў сябе збліжэнне норм і стандартаў, звязаных з гандлёвымі аперацыямі, перавод працэдур і паслуг у лічбавую форму, падтрымку грамадзянскага прадпрымальніцтва і інавацый уздоўж асноўных транспартных калідораў. Дасягненне гэтых мэт павінна грунтавацца на вялікім вопыце ЦЕІ ва ўмацаванні эканамічнага і сацыяльнага развіцця, у тым ліку праз падтрымку адпаведных праграм і палітык ЕС.