Чаму фізіка падобна да фізкультуры, або Як з кроплі вырасціць кветку

- 11:35Адукацыйная прастора

Анатоль Канстанцінавіч Шабусаў, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Смілавіч Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці, педагог, для якога на занятках існуе толькі слова “мы”. Ён заўсёды разам з дзецьмі. Гэта асабліва адчуваецца, калі ў размове чуеш не звыклае “я”, а “мы”: “мы даследуем, эксперыментуем, вывучаем”. Такія нязмушаныя і дружалюбныя да дзяцей адносіны даюць свой плён. Навучэнцы Анатоля Канстанцінавіча рыхтуюцца да рэспубліканскага тура алімпіяд па фізіцы і астраноміі, займаюцца даследчай работай, вынікі якой прадставяць на ХХІ Рэспубліканскай канферэнцыі навучэнцаў, з’яўляюцца шматгадовымі ўдзельнікамі турніру юных фізікаў, прызёрамі міжнароднай касмічнай алімпіяды.

Універсальны настаўнік

Усе самыя важкія дасягненні навучэнцаў Анатоля Канстанцінавіча бяруць пачатак са звычайных урокаў, дзе раскрылі і заўважылі здольнасці і захапленні школьнікаў. “Самае галоўнае на ўроку, — каб быў дыялог, сувязь “настаўнік — навучэнец”. Толькі калі існуе гэтая сувязь, можа быць дасягнута мэта. Важна, каб дзіця само прагнула новых ведаў”, — упэўнены педагог.

Настаўнік адзначае, што без ведання матэматыкі вывучэнне фізікі немагчыма. У свой час абставіны паспрыялі таму, што Анатоль Канстанцінавіч узяўся выкладаць у адным з класаў і матэматыку. Гэта дало магчымасць не страціць з-за праблем з матэматыкай зацікаўленых фізікай навучэнцаў.

“Калі сам выкладаеш матэматыку і фізіку адначасова, лягчэй урэгуляваць недакладнасці праграмы і прыстасаваць гэтыя школьныя прадметы адзін да аднаго. Падцягваеш дзяцей па матэматыцы — аўтаматычна яны падцягваюцца па фізіцы. Да таго ж я магу разлічваць на тое, што калі ў матэматыцы пэўную тэму засвоілі, то фізіку можна зрабіць разнастайнай з дапамогай задач больш высокай якасці”.

Калі скласці імправізаваны рэйтынг прадметаў, якія выкладае Анатоль Канстанцінавіч, а іх ні многа ні мала — чатыры, то самым лёгкім, на думку настаўніка, для сучасных школьнікаў будзе, зразумела, інфарматыка. Матэматыку педагог таксама не лічыць цяжкай, справядліва аргументуючы, што гэтая навука патрэбна многім, таму дзеці прыходзяць ужо матываваныя, і бацькі дома ўплываюць на тое, каб матэматыцы ўдзялялася больш часу. Ад настаўніка патрабуецца перш за ўсё трымаць навучэнцаў у тонусе падчас заняткаў.

“Астраномія — не суцэльная рамантыка. Гэта даволі цяжкая навука, дзе матэматычны кампанент найважнейшы. Вытворныя, лагарыфмы — без усяго гэтага да алімпіяды па астраноміі не падрыхтуешся. Фізіка аказваецца самай цяжкай для вывучэння і для выкладання навукай, таму што матываваны на яе далёка не ўсе навучэнцы, праграма сціснута і ў часе, і ў аб’ёме. Цяжэй за ўсё ў курсе школьнай фізікі дзеці засвойваюць тэмы 9—10 класаў — механіку, дынаміку, энергію”.

Сітуацыя поспеху для непаспяховых

“Фізіка як фізкультура, дзе спачатку нагружаюцца адны мышцы, а потым іншыя. Так, абавязкова павінна быць змена дзейнасці: з манатонных задач на вылічэнне пераключаю клас на лагічныя, жыццёва арыентаваныя задачы, з самастойнай дзейнасці арыентую на парную. Пашыраныя групы (3—4 чалавекі) фармірую толькі тады, калі на чарзе дэманстрацыйны эксперымент. Падчас такой дзейнасці навучэнцам лягчэй працаваць, калі абавязкі падзелены: адзін замацоўвае штатыў, другі трымае капірку, трэці запускае шарык і г.д.”.

Ёсць у рабоце настаўніка пэўныя педагагічныя прынцыпы, якіх ён стараецца прытрымлівацца: ён перакананы, што ўдзяляць шмат увагі менш здольным да фізікі дзецям патрэбна яшчэ з самага пачатку яе вывучэння. “У гэты перыяд праграмай закладзена больш тэарэтычных урокаў, таму падбіраю цікавыя пытанні на разуменне фізікі і праводжу бліцапытанні класа. Чаму гэта спрацоўвае са слабымі дзеткамі? Яны слабейшыя часцей за ўсё не таму, што не разумеюць фізіку, а з-за недастатковых матэматычных здольнасцей. І тэарэтычныя бліцапытанні для іх — ужо сітуацыя поспеху, магчымасць праявіць сябе”.

“Кнопка” мыслення

Кожны настаўнік вучыць па-свойму, у кожнага свой педагагічны почырк, таму на плагіяце дамашніх заданняў з рашэбніка Анатоль Канстанцінавіч ловіць дзяцей адразу.

“Я заўсёды стараюся навучыць пошуку нестандартнага ходу рашэння задач. Адразу відаць, спісаў навучэнец заданне з рашэбніка або працаваў над задачай сам, улічваючы той багаж, які мы з ім напрацавалі на ўроку. Няхай задача будзе выканана бездакорна, але чужое рашэнне відаць адразу. Тым больш, спісаўшы, навучэнец будзе не здольны растлумачыць асобныя пункты свайго рашэння. Яшчэ адна непрыемная тэма — рашэбнікі для лабараторных работ. Цалкам замяніць лабараторную работу, закладзеную ў школьную праграму, каб пазбавіцца спісвання, нельга, таму выйсце для настаўніка адно: ставіць свае пытанні для лабараторных. Рашэбнікі — зло сучаснай адукацыі. Яны адключаюць у дзяцей “кнопку” самастойнага мыслення”.

Анатоль Канстанцінавіч вучыць дзяцей пазітыўна-крытычна ўспрымаць атрыманыя на яго прадметах балы. “Адзнака не павінна быць для іх вышэйшай ісцінай і нейкай меркай, а толькі дадатковым стымулам. На маіх уроках спісаць вельмі складана, але, калі злаўлю на гэтым, пастаўлю адпаведную адзнаку і таму, хто спісваў, і таму, у каго спісвалі. Магчыма, гэта паўплывае на адказнасць перад таварышам”.

Педагог вельмі патрабавальны да наведвання навучэнцамі сваіх урокаў: дзіця павінна забяспечыць сваю прысутнасць на ўроку, астатняе ў большай ступені залежыць ад настаўніка.

Актуальнае асяроддзе

Суботнія міжшкольныя факультатывы па фізіцы, якія праводзіць Анатоль Канстанцінавіч, — інтэлектуальнае раздолле для адораных вучняў, дзень “шліфоўкі” алімпіяднікаў, якія зараз рыхтуюцца прадставіць школу на рэспубліканскім туры алімпіяд па фізіцы і астраноміі.

Настаўнік не дзеліць дзяцей па класах і ўзросце: часам сямікласнікі з задавальненнем прысутнічаюць на эксперыментах, якія Анатоль Канстанцінавіч праводзіць з дзесяці- і адзінаццацікласнікамі. На заняткі прыходзяць таксама дзеці з іншых школ і нават раёнаў.

“Не толькі алімпіяднікі прыходзяць на мае суботнія заняткі, але і тыя, каму проста падабаецца фізіка. Першапачаткова я не надаваў гэтаму значэння, але паступова пачаў назіраць і пераканаўся: часта на суботніх занятках прысутнічаюць дзеці, у нейкім сэнсе неактуальныя ў сваім асяроддзі. Яны не могуць знайсці сябе ў вулічных кампаніях, далёкіх ад вучобы, таму цягнуцца да ведаў”.

Прынцып работы настаўніка наступны: некалькі суботніх гадзін ён прысвячае тэарэтычным разлікам. “Пры падрыхтоўцы дзяцей да конкурсаў і алімпіяд па фізіцы карыстаюся разнастайнымі зборнікамі задач, у кожным з якіх шукаю яркія, цікавыя заданні. Мае навучэнцы вылучаюць задачы са зборнікаў Анатоля Іванавіча Слабадзенюка “Фізіка для зуброў” і “Вельмі доўгія фізічныя задачы”, таму што яны пазнавальныя, складзены з душой. Іх рашаеш і заўсёды даведваешся нешта новае”.

Анатоль Канстанцінавіч і сам уваходзіць у творчыя групы настаўнікаў Мінскай вобласці і краіны, з’яўляецца аўтарам задач да інтэрнэт-алімпіяд, у суаўтарстве з загадчыкам Цэнтра інавацыйнага развіцця адукацыйнай практыкі МАІРА Т.С.Праліска выпусціў у 2015 годзе зборнік “Задачы да ўрокаў астраноміі”.

Але, па сутнасці, фізіка пачынаецца там, дзе пачынаецца вопыт і эксперымент, таму практычныя задачы куды больш значныя для вывучэння фізікі, разумення таго, што адбываецца і як адбываецца.

“Пасля тэарэтычнай размінкі разам з дзецьмі абавязкова праводжу фізічны эксперымент. У асноўным гэта эксперыментальныя задачы з алімпіяд, асабістых даследаванняў. Напрыклад, апошнім часам эксперыментальная дзейнасць школьнікаў прысвечана вымярэнню магнітнага поля зямлі з дапамогай магнітнага маятніка”. Юныя аматары навукі абавязкова здымаюць відэа ўдалых доследаў і эксперыментаў. Пасля разам з настаўнікам размяшчаюць іх на сваім канале Youtube. Сярод самых папулярных па праглядах — відэадаследаванне паводзін кропелькі вады пад уздзеяннем нізкіх тэмператур “Замёрзлая кропля”, знятае ў рэжыме рэальнага часу. За лічаныя секунды кропля вады, якая знаходзіцца на жалезнай аснове, змешчанай у вадкі азот, нібы ператвараецца ў ледзяную кветку. Ролік адзначаны дыпломам на Адкрытым маладзёжным фестывалі аматарскіх вучэбных фільмаў і сацыяльнай рэкламы “ФізіКанскія львы”, які днямі прайшоў у Магілёве. “Амаль усе відэа зроблены па задачах, прапанаваных для рашэння на турніры юных фізікаў. Падчас выступленняў на рэспубліканскім турніры я заўважыў: перавага маёй каманды ў тым, што ў нас вельмі якасна знята відэа доследаў. Калі дзесьці маім навучэнцам не хапае пераканаўчасці, то яны бяруць выдатнымі прэзентацыямі. Доследы дзеці праводзяць і здымаюць самі, я толькі назіраю за працэсам і крыху кантралюю яго”.

Фізіка без доследаў немагчыма, але для гэтага ў класе фізікі неабходна мець якаснае абсталяванне ў дастатковай колькасці.

“Час ад часу я выступаю па тэме эксперыментальнай дзейнасці маіх навучэнцаў перад слухачамі курсаў у МАІРА і заўсёды расказваю пра тое, як нестандартным спосабам назбіраў сваё лабараторнае абсталяванне. Рабіў хітра: даведваўся, якія малакамплектныя школы і дзе зачыняюцца, ехаў туды за спісаным абсталяваннем, выбіраў неабходнае і пераафармляў на нашу навучальную ўстанову. Перафразаваўшы знакамітую прыказку: хочаш вучыць — умей круціцца. Такім спосабам папоўніў эксперыментальны багаж тэрмометрамі, разнастайнымі грузікамі, магнітамі, нават такім экзатычным для кабінетаў астраноміі прыборам для вымярэння асветленасці, як люксметр”.

Цэнтр вывучэння электрамагнетызму

Дзякуючы таму, што пры падрыхтоўцы да канферэнцый і алімпіяд настаўнік фізікі разам са сваімі навучэнцамі шмат увагі ўдзяляе доследнай частцы, з’явілася ў іх і любімая практычная тэма — электрамагнетызм.

“Так атрымалася, што ў школьным курсе мала інфармацыі пра пастаянныя магніты. Мы пачалі паціху капаць. Атрымаліся даволі цікавыя доследы і работы. Ужо 6—7 гадоў распрацоўваем гэтую тэму. Кожны раз, як толькі збіраемся яе заканчваць і пачынаць нешта новае, з’яўляецца новая ідэя, як яшчэ можна праявіць сябе ў “магнітнай” галіне”.

Даследаванне ўласцівасцей магнітаў ужо прынесла міжнароднае прызнанне навучэнцам Анатоля Канстанцінавіча. Некалькі гадоў назад юныя фізікі вярнуліся з Адкрытай маскоўскай прыродазнаўча-навуковай канферэнцыі школьнікаў “Патэнцыял” з дыпломам ІІ ступені. Журы турніру юных фізікаў, дзе каманда Анатоля Канстанцінавіча з году ў год прымае ўдзел, жартам называе Смілавічы цэнтрам вывучэння электрамагнетызму ў Беларусі, бо роўных ім у гэтай тэме пакуль што няма.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.