Пачалася рэалізацыя паправак у Канстытуцыю

- 11:20Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў падпісаў Указ “Аб комплексе мер па рэалізацыі Закона Рэспублікі Казахстан ад 10 сакавіка 2017 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Казахстан”, перадае прэс-служба Акорды.

“Цэнтральным і мясцовым дзяржаўным органам усіх узроўняў, органам мясцовага самакіравання прыняць усе неабходныя меры па гарантаванні бесперабойнага функцыянавання дзяржаўнага апарату ва ўмовах пашыранага аб’ёму паўнамоцтваў і адказнасці парламента, урада і іншых дзяржаўных органаў”, — адзначаецца ва ўказе.

Прэзідэнт таксама даручыў ураду аператыўна правесці аналіз і ацэнку функцыянальнай гатоўнасці цэнтральных і мясцовых выканаўчых органаў да работы з дадатковым аб’ёмам паўнамоцтваў і прыняць меры, якія забяспечваюць эфектыўнае функцыянаванне сістэмы выканаўчых органаў у новых арганізацыйна-прававых умовах.

Указ прадугледжвае вынясенне на разгляд Мажыліса (ніжняй палаты) парламента Рэспублікі Казахстан праект канстытуцыйнага закона, які мае на ўвазе прывядзенне ў адпаведнасць з законам канстытуцыйных законаў “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Казахстан”, “Аб Першым Прэзідэнце Рэспублікі Казахстан — лідары нацыі”, “Аб парламенце Рэспублікі Казахстан і статусе яго дэпутатаў”, “Аб урадзе Рэспублікі Казахстан”, “Аб Канстытуцыйным Савеце Рэспублікі Казахстан”, “Аб судовай сістэме і статусе суддзяў Рэспублікі Казахстан”, “Аб выбарах у Рэспубліцы Казахстан”, “Аб рэспубліканскім рэферэндуме”, а таксама праект новага закона “Аб пракуратуры”.

Міністэрству замежных спраў прадпісана забяспечыць давядзенне да замежных і міжнародных партнёраў Казахстана інфармацыі аб сутнасці і змесце праведзеных у адпаведнасці з канстытуцыйнай рэформай змяненняў у дзяржаўным ладзе краіны.

Прэзідэнт Казахстана ў студзені бягучага года ініцыіраваў канстытуцыйную рэформу, якая прадугледжвае перадачу шэрага паўнамоцтваў ад прэзідэнта да ўрада і парламента. У сувязі з гэтым быў падрыхтаваны праект закона, які на працягу месяца ўсенародна абмяркоўваўся. Па выніках абмеркавання паступіла больш за 6 тысяч прапаноў. 10 сакавіка Нурсултан Назарбаеў падпісаў Закон “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Казахстан”.