Заўсёды застаецца “ў тэме”

- 12:17Адукацыйная прастора

Як педагогу паспець за ўсімі новаўвядзеннямі і не адстаць ад часу? На думку настаўніцы інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Навагрудка Наталлі Вячаславаўны Клок, адказ на гэтае пытанне толькі адзін — развівацца самой, а калі не паспяваеш, развівацца разам з дзецьмі або вучыцца ў іх. Менавіта пытанні выхаванцаў і іх інтарэсы падштурхоўваюць да вывучэння новага. “Мне ніколі не страшна на іх пытанне адказаць: “Я не ведаю, але мне вельмі было б цікава даведацца пра гэта”. Тут і пачынаецца самае цікавае: у навучэнца гараць вочы, і ён узахлёб расказвае пра тое, што робіць, як стварае відэа, як малюе. Таму я заўсёды застаюся, як гавораць вучні, “у тэме”, — адзначае настаўніца.

Як ні банальна гэта гучыць, але стаць настаўніцай Наталля марыла з дзяцінства. “У мяне быў свой маленькі журнал, у які я ставіла адзнакі, правярала сшыткі, вучыла сваіх лялек, — прыгадвае яна. — Мама прапаноўвала стаць банкірам, але я настойвала на сваім. Магчыма, на мой выбар паўплывалі школьныя педагогі, урокі якіх былі настолькі цікавымі, што заварожвалі. Многаму можна было навучыцца: ра­шаць прыклад ці задачу, прааналізаваць паво­дзіны героя літаратурнага рамана і іншае”.

Настаўніцай інфарматыкі Наталля Вячаславаўна стала не адразу. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 6 (цяпер — гімназіі № 1 Навагрудка) паступіла ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў” і “Беларуская мова і літаратура”. У 1998 годзе па размеркаванні была накіравана ў Шацкую сярэднюю школу Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. А праз два гады ўсё ж вярнулася ў родны горад, выйшла замуж. Працавала ў Навагрудскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення педагогам-арганізатарам. Інфармацыйныя тэх­налогіі ў той час атрымалі шырокае прымяненне ў школах горада і вельмі зацікавілі. Спачатку Н.В.Клок стварала распрацоўкі для ўласных мерапрыемстваў. Потым памкненні педагога падтрымала адміністрацыя школы і раёна: яна была накіравана на перападрыхтоўку ў АПА, дзе і атрымала спецыяльнасць “Выкладчык інфарматыкі”.

Сваю спецыяльнасць педагог лічыць самай складанай і ў той жа час самай захапляльнай. Як гаворыцца, “калі гэта немагчыма, то яно павінна быць зроблена”. Асваенне новых праграмных прадуктаў — як вывучэнне новай мовы: спачатку незразумела, а потым хочацца даведацца яшчэ і яшчэ.

Сваіх выхаванцаў Наталля Вячаславаўна імкнецца навучыць проста жыць у неабдымным свеце інфармацыі: па-першае, правільна карыстацца інфармацыяй (вучыць прадмет, азначэнні, паняцці, працаваць у розных асяроддзях), па-другое, ствараць свае інфармацыйныя прадукты. Педагог развівае інфармацыйную культуру навучэнцаў. У даступнай форме паказвае, што сёння важна не проста быць спажыўцом інфармацыі, а менавіта носьбітам ідэй, разумець, як гэтую ж інфармацыю прадставіць у новым свеце для іншых.

— Паколькі ў многіх навучэнцаў прадмет “Інфарматыка” выклікае цікавасць, то задача настаўніка пераўтварыць яго ва ўстойлівы пазнавальны інтарэс да вывучэння навук увогуле, — заўважае Наталля Вячаславаўна. — Лічу, што ўсвядомленыя адносіны да вывучэння заснаваны менавіта на пазнавальным інтарэсе як асноўным матыве вучэбнай дзейнасці. Пазнавальны інтарэс узнікае як рэакцыя на навізну і карысць ведаў, якія засвойваюцца, набытага ўмення аналізаваць і ацэньваць рэальныя падзеі і факты, што назіраюцца вакол. Гэта і ёсць рашэнні навучэнцам задачы — навучыцца вучыцца. Мая задача — напоўніць навучанне дзяцей цікавым зместам.

Па перакананні настаўніцы, поспех любога ўрока — гэта правільна зматываваны навучэнец. Навучэнец, які зможа адка­заць на тры пытанні: “Што? Дзе? Калі?” — што ён будзе вывучаць на ўроку, дзе атрыманыя веды прымяняюцца ў жыцці, калі ён зможа імі скарыстацца. Калі навучэнец атрымаў адказ на гэтыя пытанні, то ў яго ёсць матыватар “як гэта робіцца?”. На гэтай стадыі ад настаўніка залежыць толькі граматна паказаць адзін са спосабаў работы ў праграмным прадукце. Такое правіла работы педагога.

Перадумова ўдалага ўрока — у правільна падабраных метадах навучання. У сучаснай школе проста прадастаўлены матэрыял для навучэнцаў будзе нецікавы. Таму Н.В.Клок аддае перавагу часткова-пошукаваму метаду, пры дапамозе якога вучні здабываюць некаторыя веды самі. Напрыклад, знаходзяць адрозненні паміж дзвюма версіямі праграмы Microsoft Office PowerPoint. Метад даследчых заданняў дапамагае развіць мысленне і логіку навучэнцаў. Безумоўна, тлумачальна-ілюстрацыйны метад таксама выкарыстоўваецца педагогам на ўроку, але часта тлумачаць і паказваюць самі навучэнцы. Яны актыўна дэманструюць, як працаваць у той ці іншай праграме. Многія ўступаюць у дыялог, дапаўняючы адно аднаго. Са сваімі навучэнцамі настаўніца ўкараняе прынцып “роўны навучае роўнага”.

Любіць Наталля Вячаславаўна право­дзіць нестандартныя ўрокі. Напрыклад, урок-гульня па тэме “Тэхналогія апрацоўкі тэкставых дакументаў” быў пабудаваны ў форме тэлевізійнай гульні “Дзе логіка?”. Вучні спаборнічалі ў веданні тэмы, праяўлялі сваю эрудыцыю, лагічнае мысленне. Ідэя гэтага ўрока размешчана на блогу настаўніцы http://kloknatali.blogspot.com.by/.

На сваіх уроках Н.В.Клок развівае ў вучняў даследчыя навыкі. Тэмы даследчых работ педагог бярэ з інтарэсаў і захапленняў школьнікаў. Напрыклад, работу па тэме “Воблачныя тэхналогіі” з вучнем 10 класа Сяргеем Зайко настаўніца пачала на занятках факультатыву “Інфармацыйна-адукацыйныя рэсурсы сеткі інтэрнэт”. Былі вывучаны магчымасці воблачных тэхналогій праз практычную дзейнасць, вызначаны плюсы і мінусы розных воблачных сховішчаў даных, распрацаваны невялікія інструкцыі па стварэнні Google-прэзентацый, Google-форм і настройцы доступу да іх. Таксама была распрацавана экспрэс-памятка па стварэнні блога сродкамі вэб-сэрвісу Blogger. Пад кіраўніцтвам педагога Сяргей даказаў, што калі ведаць і разумець магчымасці воблачных тэхналогій, воблачных сховішчаў даных, то можна з лёгкасцю працаваць з рознымі вэб-сэрвісамі, распрацоўваць свае блогі, сайты, быць ІТ-кампетэнтным. Вынік работы — 2-е месца на раённай навукова-практычнай канферэнцыі.

Даследчую работу па тэме “Каналы сувязі: навука — дзецям” дзевяцікласнік Кірыл Радкевіч пачаў пісаць пасля апытання навучэнцаў аб канале сувязі YouTube, які сёння вельмі папулярны сярод падлеткаў. Былі вывучаны тэарэтычныя і прыкладныя пытанні, звязаныя з каналамі сувязі ў сетцы інтэрнэт, сацыялізацыяй дзяцей у інфармацыйным грамадстве праз выкарыстанне YouTube канала, вызначаны станоўчыя і адмоўныя бакі каналаў сувязі інтэрнэт, распрацавана інструкцыя па выкарыстанні YouTube канала, памятка “YouTube — ідэйны канал”. Прычым Кірыл рэкламаваў свой канал на YouTube і расказаў пра школьную відэастудыю “Вытокі”. Гэтая работа заняла 1-е месца на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Юнацтва. Навука. Культура”.

“Дзеці XXI стагоддзя — гэта лічбавае пакаленне, — адзначае Наталля Вячаславаўна. — Камп’ютар для іх — свабода. Сусветная глабальная сетка для сучаснага дзіцяці — гэта першы самастойны крок у дарослае жыццё. Галоўнае, каб гэты крок быў правільным і не перарос у камп’ютарную залежнасць у навучэнцаў”.

Наталля Вячаславаўна — вельмі актыўны і дзейсны педагог, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў, у якога заўсёды шмат новых цікавых ідэй і прапаноў. Настаўніца з’яўляецца актыўным удзельнікам праекта “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў 10—11 класаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”.

— Сёння выдзяляюцца розныя напрамкі ў выхаванні: маральнае, эстэтычнае, працоўнае, фізічнае, экалагічнае, прававое і іншае, — падкрэслівае педагог. — У выніку ўкаранілася меркаванне пра тое, што чалавека можна выхаваць “па частках”. Згаджацца з гэтым ці не — справа кожнага настаўніка. Аднак перада мной узнікла такое пытанне: “Ці можна на адным уроку, пазакласным мерапрыемстве выхоўваць эстэтыку, на другім — мараль­насць, на трэцім — культуру зносін, на чацвёртым — духоўнасць і г.д.?” Адказ: “Нельга!” Таму, як і многія з маіх калег, выхоўваю ў комплексе, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя метады і прыёмы. Рэалізаваць усе мае задумкі дапамагае праект. Так, у 2016 годзе мы з педагогамі школы сістэматызавалі напрацаваны матэрыял за час рэалізацыі праекта, а гэта больш за 10 гадоў. У выніку атрымаўся добры рэсурс для настаўнікаў асноў праваслаўнай культуры, для класных кіраўнікоў. Вельмі зручна, што гэты рэсурс размешчаны на афіцыйным сайце нашай установы адукацыі ў раздзеле “Рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні” (https://sch2nov.schools.by/).

Сярод раздзелаў сайта ёсць і старонка відэастудыі “Вытокі”, якая арганізавана пры дапамозе сродкаў YouTube канала. “Чаму “Вытокі”? Усё проста. Усё пачынаецца са школьнай лаўкі, з дружнай сям’і. А ў сям’і заў­сёды адбываецца штосьці цікавае. Мы паказваем наша школьнае жыццё: перамены, відэаінтэрв’ю, відэаролікі аб праваслаўных святынях і многае іншае”, — тлумачыць Наталля Вячаславаўна.

Наталля Клок з’яўляецца аўтарам электронных сродкаў навучання. Як прызнаецца настаўніца, ідэя іх стварэння прыйшла сама сабой. Уласныя напрацоўкі спачатку размяркоўваліся па папках, затым сістэматызаваліся па тэмах. Потым, для больш зручнага выкарыстання, увесь матэрыял фарміраваўся ў электронны сродак навучання. Безумоўна, гэтая работа займае многа часу, але затым ЭСН з’яўляецца памочнікам на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці.

Так, адным з прадуктаў, створаных настаўніцай, стаў ЭСН па тэме “Метадычнае забеспячэнне вывучэння графікі на ўроках інфарматыкі”, які адрасаваны навучэнцам 6—9 класаў і прадугледжвае выкарыстанне лагічных, творчых заданняў. Усе заданні падзяляюцца на наступныя групы: устанаўленне заканамернасці, знаходжанне фрагментаў выявы, збор выявы з дэталяў, падлік схаваных выяў, знахо­джанне аднолькавых фігур, рашэнне простых лагічных задач, змяненне выяў і пераўтварэнне іх у іншую выяву, прэзентацыі для тлумачэння новага матэрыялу і інш. Дарэчы, прэзентацыі да ўрокаў будуюцца па пэўнай структуры: тэкставы матэрыял — пытанні па тэксту — выбар адказаў.

ЭСН змяшчае тэарэтычныя асновы вывучэння графікі, карткі з інструкцыяй па выкананні заданняў, алгарытмы выканання аперацый пры дапамозе інструментаў графічнага рэдактара. Усе заданні звязаны паміж сабой. Напрыклад, вучні на адным уроку ствараюць выяву, а на наступных — право­дзяць анімацыю зыходнай выявы. Уключаны ў ЭСН і крыжаванкі, створаныя на аснове праграмы Hot Potatoes. Пры іх распрацоўцы ўлічваўся дыферэнцыраваны падыход: дазіроўка матэрыялу, асаблівасці складання пытанняў, выкарыстанне падказкі ў разгадванні крыжаванак.

Многія ЭСН настаўніца распрацоўвае ў суаўтарстве з іншымі педагогамі. Так, быў створаны “Мультыплікацыйны задачнік” (вучні спачатку праглядаюць урывак мультфільма, затым па сюжэце складаецца задача, далей яна вырашаецца пры дапамозе магчымасцей інтэрактыўнай дошкі). Сумесна з дырэктарам школы А.Б.Сталярчук быў распрацаваны ЭСН гульня-трэнажор “Зоркі Перамогі”, якая высока ацэнена на XIV Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Прынцып гульні просты: вучням прапаноўваецца пытанне і тры варыянты адказу. Правільны адказ прыносіць зорку, няправільны — прапаноўвае прачытаць гістарычную даведку, якая ўтрым­лівае не толькі тэкставы файл, але і фота-, відэаматэрыялы.

“Самае вялікае задавальненне ў рабоце — зацікаўленыя вочы маіх навучэнцаў, іх імкненне спасцігаць новае, — гаворыць Наталля Вячаславаўна. — Зносіны з навучэнцамі — гэта такая велізарная энергія, якая дае штуршок тварыць, спраба­ваць, шукаць і развівацца. Я радуюся поспехам маіх вучняў, рада, што многія з іх хочуць ста ць праграмістамі, педагогамі, і падтрымліваю іх выбар”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.