Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў Нацыянальнай акадэміі навук на нарадзе аб праблемах і перспектывах развіцця беларускай навукі.
У самым пачатку мерапрыемства прэзідэнт падкрэсліў, што нарада павінна быць выніковай. “Хацеў бы, каб мы не ўхаластую спрацавалі, а быў вынік. Мы не так часта з вамі сустракаемся, можа, у гэтым і вялікі мінус. Напэўна, з вучонымі трэба сустракацца часцей, у тым ліку ў такім фармаце, не асноўваючыся толькі на нарадах з кіраўніцтвам. Хачу, каб мы, чарговы раз сустрэўшыся сёння, прынялі ўсе рашэнні, якія патрэбныя і важныя, каб навука рухалася наперад і развівалася”, — сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што перад нарадай грунтоўна азнаёміўся з прадстаўленай у НАН выставай навуковых і навукова-тэхнічных дасягненняў, на якой паказаны найноўшыя распрацоўкі розных міністэрстваў, ведамстваў і айчынных прадпрыемстваў. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, важна, каб гэтыя добрыя, нават сусветнага ўзроўню дасягненні не засланілі тыя праблемы, якія існуюць сёння ў навуцы.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб у час нарады адбылася адкрытая і канкрэтная размова, дзе выказваліся б розныя пункты гледжання аб перспектывах далейшага развіцця навукі, у тым ліку і аб існуючых недахопах. Напярэдадні нарады былі дасканала вывучаны многія праблемы, якія ёсць у навуковай сферы, і гучала шмат крытыкі па пытаннях функцыянавання навукі. Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў, каб праблемы не замоўчваліся, не рэтушаваліся, а выкладаўся рэальны стан спраў. “Нам не трэба фармальна падыходзіць да абмеркавання пытанняў, — падкрэсліў прэзідэнт. — Мы павінны выкрышталізаваць тыя праблемы, на якія трэба звярнуць увагу для прыняцця далейшых важных рашэнняў на перспектыву”.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час, яшчэ ў пачатку яго прэзідэнцтва, было шмат прапаноў адносна далейшага існавання Нацыянальнай акадэміі навук, у тым ліку гучалі прапановы закрыць установу. Тады Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне не разбураць акадэмію навук, а далей яе развіваць. Як паказала жыццё, гэтае рашэнне было правільным.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў навуковай сферы назбіралася нямала праблем, якія трэба будзе вырашаць. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на інертнасць і грувасткасць структуры навуковай сферы, у тым ліку і НАН, а таксама на недастатковую ролю Нацыянальнай акадэміі ў стратэгічным планаванні і кіраванні ўсёй навукай. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на праблеме нізкага ўзроўню навукаёмістасці валавога ўнутранага прадукту. Ёсць пытанні з нераўнамерным размеркаваннем сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду. У ліку агучаных у час нарады Аляксандрам Лукашэнкам праблем — адсутнасць значных, буйных дзяржаўных кантрактаў на закупку навукова-тэхнічнай і інавацыйнай прадукцыі.
Кіраўнік дзяржавы сказаў аб праблемах у выкананні навуковых даследаванняў, распрацовак, укараненні іх вынікаў у вытворчасць і сацыяльную сферу.
Прэзідэнт лічыць недастатковай колькасць распрацовак сусветнага ўзроўню. Ён звярнуў увагу на часта фармальны падыход да фарміравання навукова-тэхнічных і навукова-даследчых праграм. Аляксандр Лукашэнка сказаў і аб незбалансаванасці сістэмы фінансавання дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць неэфектыўнай работу навуковых арганізацый грамадска-гуманітарнага профілю.
У ліку іншых прэзідэнт закрануў праблемы ў інавацыйным развіцці эканомікі, сказаўшы аб нізкім узроўні інавацыйнага развіцця прамысловасці, невысокай эфектыўнасці рэалізацыі дзяржпраграм інавацыйнага развіцця. Аляксандр Лукашэнка не пакінуў без увагі і тэму амаладжэння навуковых кадраў.
“Дасягненні навукі не ў поўнай меры працуюць на вытворчую і сацыяльную сферу, не з’яўляюцца ключавым фактарам эканамічнага росту краіны”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што беларускія вучоныя павінны атрымліваць больш, але за вынік.
У час нарады закраналася пытанне аплаты працы вучоных. На думку Аляксандра Лукашэнкі, “не трэба даваць грошы проста так”, іх трэба зарабіць. Дзяржава, паводле слоў прэзідэнта, гатова фінансаваць навуку ў большым аб’ёме, таму што ў аснове эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі ляжыць інавацыйны шлях.
Разам з тым у аплаце працы вучоных не павінна быць ураўнілаўкі. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што “арыентавацца трэба на тое, каб плаціць больш, але за вынік”.
Прэзідэнт растлумачыў, што агучыў існуючыя недахопы ў навуковай сферы для таго, каб на нарадзе размова ішла не пра самаўсхваленне, а пра тое, што трэба будзе выправіць. У прыватнасці, неабходна выпрацаваць канкрэтныя прапановы па развіцці навуковай сферы — ад сістэмы падрыхтоўкі кадраў да ўкаранення вынікаў даследаванняў у эканоміку і сацыяльную сферу.
У час нарады гучалі розныя прапановы па вырашэнні праблем, якія існуюць у беларускай навуцы. У тым ліку ў частцы паляпшэння яе кадравага патэнцыялу. Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падтрымаў агучаную на нарадзе ідэю выкарыстоўваць вынікі рэалізацыі навукова-тэхнічнай праграмы як аснову для кандыдацкай, доктарскай дысертацыі.