Работа па стварэнні новых рабочых месцаў на прадпрыемствах не павінна ператварыцца ў прафанацыю і пагоню за паказчыкамі. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.
Андрэй Кабякоў нагадаў, што ў гэтым годзе ў Беларусі павінна быць створана 70 тысяч новых рабочых месцаў. “Мы вельмі ўважліва адсочваем сітуацыю са стварэннем новых рабочых месцаў. Ведаю, што Камітэт дзяржаўнага кантролю таксама мае адпаведнае даручэнне. Самае галоўнае, каб гэтую работу не ператварылі ў прафанацыю, пагоню за паказчыкамі, справаздачы на паперы без рэальнага выканання задачы”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Кіраўнік урада адзначыў, што актыўная работа па стварэнні новых прадпрыемстваў і рабочых месцаў вядзецца ва ўсіх рэгіёнах. Так, у Бабруйску, дзе прэм’ер-міністр знаёміўся з сітуацыяй на прамысловых прадпрыемствах, плануецца стварыць 1,2 тысячы новых рабочых месцаў. “Але ёсць і іншае пытанне — колькасць людзей, якія прымаюцца на работу, і колькасць тых, што звальняюцца, пакуль не на карысць прыёму, гэта значыць колькасць занятых пакуль змяншаецца. Але на тое могуць быць розныя прычыны, у тым ліку дэмаграфічнага плана”, — дадаў ён.
“Стварэнне новых рабочых месцаў — гэта адно з самых галоўных пытанняў, мы ім цяпер прадметна займаемся, прычым вельмі ўважліва адсочваем якасць выканання даручэння. Рабочыя месцы — гэта прыярытэт і адна з крыніц нашага эканамічнага развіцця, што абазначана ў праграме развіцця краіны да 2020 года”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
Задача па павелічэнні да канца года сярэдняй зарплаты да $500 выканальная, адзначыў таксама прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.
“Да канца 2017 года ў цэлым па рэспубліцы павінна быць забяспечана сярэдняя зарплата Br1 тысяча. У кожнага прадпрыемства ёсць свае арыенціры ў залежнасці ад галіновай прыналежнасці, але ўвогуле такія перспектывы праглядаюцца. Наша задача — рэалізаваць гэта на практыцы”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Кіраўніку ўрада далажылі аб прыярытэтных напрамках развіцця Бабруйска і рабоце па стварэнні новых рабочых месцаў у горадзе. Прэм’ер-міністр акцэнтаваў увагу на дынаміцы заработнай платы ў рэгіёне, пацікавіўся рашэннямі, якія прымаюцца на ўзроўні горада для павелічэння зарплаты. Пры гэтым Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што рост зарплаты павінен быць прывязаны да прадукцыйнасці працы, раздачы незаробленых грошай не будзе.
Прэм’ер-міністр наведаў шэраг прамысловых прадпрыемстваў Бабруйска — ААТ “Легпрамразвіццё”, “Белшына”, Бабруйскі завод трактарных дэталей і агрэгатаў.