26 красавіка на базе Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры ўдзеле міністра адукацыі Ігара Карпенкі прайшло пасяджэнне грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі.
Падчас пасяджэння быў канчаткова вызначаны юрыдычны статус савета. Ён створаны пры Міністэрстве адукацыі. Загад аб стварэнні грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі падпісаў міністр. Былі таксама выбраны старшыня, намеснікі і сакратар новай арганізацыі. Грамадска-кансультатыўны савет па пытаннях адукацыі пры Міністэрстве адукацыі ўзначаліў доктар педагагічных навук, прафесар, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, які ў прывітальным слове адзначыў, што задача савета не падмяняць дзейнасць Міністэрства адукацыі, а дапамагаць у развіцці беларускай адукацыі і выхаванні грамадзян нашай краіны.
У грамадскі савет увайшлі не толькі спецыялісты галіны адукацыі і навукі (дырэктары школ, гімназій, каледжаў, настаўнікі, прадстаўнікі вышэйшай школы), але і тыя, хто заняты ў іншых сферах: дэпутаты, ваенныя, спартсмены, артысты, медыйныя персоны. Сярод іх — як прадстаўнікі сталіцы, так і рэгіёнаў. Акрамя таго, прадстаўлены дзяржаўныя і прыватныя ўстановы.
Сярод асноўных задач савета — абмеркаванне найбольш важных сацыяльна значных пытанняў дзяржаўнай палітыкі ў сферах адукацыі, дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, пытанняў у галіне аховы дзяцінства, апекі над непаўналетнімі. Савет будзе аналізаваць практыку прымянення нарматыўных прававых актаў і эфектыўнасць прававога рэгулявання ў адукацыйнай сферы. Немалаважны момант — экспертыза грамадска значных праектаў дакументаў, распрацаваных Міністэрствам адукацыі. Разам з тым мяркуецца, што члены савета будуць знаёміцца з лепшым вопытам устаноў адукацыі краіны, праводзіць сустрэчы з настаўнікамі і вучнямі.
Другая частка пасяджэння грамадска-кансультатыўнага савета была прысвечана знаёмству з некаторымі важнымі аспектамі выхаваўчай і адукацыйнай дзейнасці. Паколькі пасяджэнне савета праходзіла ў дзень 31-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, актуальным стала выступленне загадчыка кафедры радыяцыйнай гігіены і эпідэміялогіі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксея Рыгоравіча Сыса, які засяродзіў увагу на пытаннях экалогіі і здаровага харчавання дзяцей.
Выступленне А.Р.Сыса перайшло ў абмеркаванне пытання школьнага харчавання, якое сёння хвалюе бацькоўскую грамадскасць. Тое, што дзеці павінны атрымліваць здаровае харчаванне, бясспрэчна. І меню школьных сталовых збалансаванае, узгодненае з медыкамі і дыетолагамі. Але многія бацькі лічаць яго непрымальным для свайго дзіцяці, у якога паспелі сфарміравацца іншыя харчовыя звычкі (вельмі часта зусім не карысныя). Па меркаванні прысутных, сёння на першы план выходзіць пытанне павышэння культуры харчавання саміх бацькоў. І неабходна вызначыць, якім чынам гэта рабіць. Падчас пасяджэння гучалі розныя прапановы: прапагандаваць здаровае харчаванне сярод дзяцей, даваць магчымасць бацькам каштаваць стравы школьнай сталовай; здымаць спецыяльныя відэаролікі, дзе дэманстраваць, як выглядае чалавек, які харчуецца правільна, і той, які ігнаруе здаровыя харчовыя звычкі.
Як заўважыла заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь і маці чацвярых дзяцей Наталля Цылінская, у фарміраванні ўсіх звычак дзяцей (у тым ліку і харчовых) найпершая роля адводзіцца бацькам, якія павінны выхоўваць уласным прыкладам. “Сядаючы ў машыну, я заўсёды прышпільваюся, не п’ю кока-колу, стараюся харчавацца правільна. Дзіця можна навучыць толькі сваімі дзеяннямі. Інакш як яму патлумачыць, што кока-кола — шкодны напітак, калі ты сам яго рэгулярна спажываеш?” — адзначыла Наталля.
Па меркаванні старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Макарынай-Кібак, харчовыя звычкі фарміруюцца ў дзяцей яшчэ ў дашкольным узросце, таму варта было б ствараць сумесныя школы па здаровым харчаванні для ўсёй сям’і на этапе дашкольнай адукацыі.
Яшчэ адным актуальным пытаннем абмеркавання стаў пачатак вучэбнага дня школьнікаў. На сёння статыстыка сведчыць, што прыкладна 30% агульных сярэдніх навучальных устаноў краіны пачынаюць заняткі ў 8 гадзін раніцы, столькі ж — у 8.30, і каля 30% — у 9 гадзін раніцы. Графік пачатку ўрокаў рэгулюецца санітарнымі нормамі і правіламі. І міністр адукацыі, і члены грамадска-кансультатыўнага савета выказалі меркаванне, што гэтае пытанне патрабуе больш дэталёвай прапрацоўкі. Пад увагу трэба браць не толькі магчымасці бацькоў прывесці дзіця ў школу, але і асаблівасці арганізацыі вучэбнага дня ва ўстанове адукацыі (неабходна ўлічваць дадатковыя заняткі, факультатывы, выхаваўчыя школьныя мерапрыемствы) і тое, што ў нас працуюць школы, у якіх дзеці вучацца ў дзве змены. Акрамя таго, многія школьнікі заняты ў цэнтрах дадатковай адукацыі, спартыўных, музычных, мастацкіх школах.
З асноўнымі зменамі ў Кодэксе аб адукацыі Рэспублікі Беларусь удзельнікаў грамадска-кансультатыўнага савета азнаёміў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. У прыватнасці, Вадзім Анатольевіч адзначыў, што асноўныя змены тычацца двух дакументаў: Кодэкс аб адукацыі даецца ў новай рэдакцыі, а ў Закон “Аб навуковай дзейнасці” ўносяцца змены. Дакументы выносіліся на грамадскае абмеркаванне, прайшлі юрыдычную экспертызу, пасля чаго тэксты дакументаў былі размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі. У адкрытым доступе яны былі больш за паўтара месяца. За гэты час на адрас міністэрства прыйшло дастаткова шмат заўваг і прапаноў. Многія з іх былі ўзяты пад увагу.
Як адзначыў першы намеснік міністра адукацыі, у Кодэксе аб адукацыі адзначаюцца ў асноўным эвалюцыйныя змены. Калі, напрыклад, гаварыць пра сістэму сярэдняй адукацыі, то ў новай рэдакцыі кодэкса ёсць нарматыўнае замацаванне профільнай адукацыі ў старшай школе. Дапрофільная і профільная падрыхтоўка ў школе будуць ажыццяўляцца ва ўзаемасувязі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Мяркуецца, што наступнае пасяджэнне грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі пры Міністэрстве адукацыі пройдзе ў Нацыянальным інстытуце адукацыі і будзе прысвечана школьным падручнікам.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.