Свет пачынаецца з цябе

- 10:34Адукацыйная прастора

Беларусы — сярод пераможцаў Міжнароднага конкурсу DO MORE WITH LESS 2017

“Рабіць больш, выкарыстоўваючы менш” (Do more with less) — так гучыць дэвіз конкурсу відэаролікаў, у якім сярэдняя школа № 16 Полацка прыняла ўдзел у рамках самай вялікай у свеце праграмы для школьнікаў па эфектыўным выкарыстанні энергіі і рэсурсаў, праекта SPARE.

Сёлета больш за 300 тысяч навучэнцаў у 11 краінах свету ўдзельнічаюць у гэтым праекце, а колькасць SPARE-школ перавышае 5 тысяч. Асноўная мэта SPARE — скарачэнне выкідаў парніковых газаў для змякчэння магчымых наступстваў змянення клімату. Хутчэй і танней за ўсё гэтага можна дасягнуць шляхам больш эфектыўнага выкарыстання наяўнай у нас энергіі.

Арганізатары конкурсу прапанавалі яго ўдзельнікам у вольным фармаце зняць відэа, прысвечанае эфектыўнаму выкарыстанню энергіі і рэсурсаў. Ролік павінен быў адлюстраваць наступныя пытанні:

• Як можна жыць лепш і цікавей, але пры гэтым выкарыстоўваць менш энергіі і рэсурсаў?

• Як мы можам дапамагчы нашым сябрам, калегам, бацькам, суседзям, палітыкам і г.д. зразумець, што можна рабіць больш, выкарыстоўваючы менш?

• Што робіце вы для таго, каб павысіць эфектыўнасць выкарыстання рэсурсаў і энергіі?

Калі мы даведаліся пра конкурс DO MORE WITH LESS 2017, то адразу вырашылі: “А чаму б і не!” Дзеці-актывісты заўсёды рады новым цікавым конкурсам. Разам з вучнямі савета старшакласнікаў адразу ўзяліся за справу. Прыдумалі цікавы сцэнарый, знайшлі і сабралі патрэбны рэквізіт, а самае галоўнае, выбралі творчых акцёраў. На працягу двух тыдняў, па вечарах, пасля ўрокаў, працягваліся здымкі відэароліка. Творчым працэсам кіравалі педагог-арганізатар школы Н.Я.Барысевіч і кіраўнік аб’яднання дадатковай адукацыі “Відэамантаж” А.Н.Барысевіч. Увасабленне творчай ідэі нанова адкрыла для навучэнцаў глабальную філасофскую ідэю “Хочаш змяніць свет — пачні з сябе”. Менавіта дзякуючы маленькім намаганням кожнага жыхара планеты мы можам перайсці да вялікіх змен. У выніку мазгавога штурму відэаролік атрымаўся ў новым сучасным маладзёжным фармаце з выкарыстаннем пакадравай фотаздымкі малюнкавых эскізаў на школьнай дошцы. Усе ілюстрацыі зрабіла вучаніца 11 “Б” класа Вікторыя Малахоўская. Для кожнага сюжэта мы прыдумалі адпаведны творчы хэштэг, напрыклад: “#пластмасавы_mix”, “#разумнае_ святло”, “#эканомія_па_кроплі”, “#ад_лістка_да_  лістка” і інш. Усе праілюстраваныя гісторыі паказалі простыя, але важныя спосабы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Вучні вельмі захапіліся ідэяй захавання чысціні Зямлі і вырашылі ў наступным годзе стварыць новы натхняльны ролік па энергазберажэнні.

Прыемна, што менавіта маладое пакаленне, юныя жыхары маладзёжнай сталіцы нашай рэспублікі дастойна прадставілі Беларусь на міжнародным конкурсе, у якім прымалі актыўны ўдзел навучэнцы з усяго свету.

Тройка пераможцаў конкурсу выглядае наступным чынам:

1-е месца. Do Right, Save Light! (Грузія).

2-е месца. INSTASPARE (Беларусь).

3-е месца. It’s never too late to mend yourself (Казахстан).

Безумоўна, планета будзе ў надзейных руках, калі маладое пакаленне паклапоціцца пра яе экалагічны дабрабыт так, як гэта робіць наша каманда аднадумцаў.

Дзіна КУНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 16 Полацка.