Свету патрэбны свежыя, свабодныя ад стэрэатыпаў ідэі

- 12:15Інфармацыйная гадзіна

Канфліктуючым на еўразійскай прасторы краінам трэба адмовіцца ад ваяўнічай рыторыкі і ўзаемных абвінавачанняў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на цырымоніі адкрыцця форуму “Адзін пояс і адзін шлях” у Пекіне.

Кіраўнік расійскай дзяржавы звярнуў увагу, што на еўразійскай прасторы ўсё яшчэ захоўваюцца рэгіянальныя канфлікты і зоны застарэлых супярэчнасцей паміж дзяржавамі. Усё гэта пагражае развіццю розных краін.

“Каб развязаць гэтыя вузлы, трэба перш за ўсё адмовіцца ад ваяўнічай рыторыкі, узаемных абвінавачанняў і папрокаў, якія толькі ўскладняюць сітуацыю, — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. — Ды і ў цэлым у логіцы старых падыходаў нельга вырашаць ні адну з сучасных праблем. Патрэбны свежыя, свабодныя ад стэрэатыпаў ідэі”.

Прэзідэнт упэўнены, што Еўразія здольна выпрацаваць і прапанаваць змястоўны і пазітыўны парадак дня. Гэта тычыцца гарантавання бяспекі, развіцця адносін паміж дзяржавамі, арганізацыі эканомікі і сацыяльнай сферы, сістэм кіравання, пошуку новых драйвераў росту. “Мы павінны паказаць сусветнай супольнасці прыклад сумеснай, наватарскай, канструктыўнай будучыні, заснаванай на справядлівасці, раўнапраўі, павазе нацыянальнага суверэнітэту, на нормах міжнароднага права і непарушных прынцыпаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, — сказаў ён.

Аднак, адзначыў Уладзімір Пуцін, каб рэалізаваць такі парадак дня, аднаго жадання мала. Патрабуюцца рэальныя інструменты такога ўзаемадзеяння. Стварыць іх можна толькі ў рамках інтэграцыі.