Хто б мог падумаць, што два сярэбраныя медалі прынясе беларускай камандзе не зусім традыцыйны для нашай краіны від спорту. 9 ліпеня Павел Прадуха і Аляксей Собаль заваявалі “серабро” ў барацьбе на паясах. Яшчэ дзве “бронзы” дасталіся беларусам Міхаілу Даўгаляўцу і Яну Судзілоўскаму на баксёрскім рынгу.
Барацьба на паясах сёлета ўпершыню праводзілася ў рамках універсіяды. Корэш, так называюць гэты класічны стыль барацьбы, з’яўляецца папулярным у цюркскіх народаў. Яго аснову складае кідок саперніка на лапаткі. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 78 барцоў з 21 краіны свету.
Разнавіднасць адзінаборстваў, калі сапернікі змагаліся, трымаючы адно аднаго за пояс, ручнік ці рэмень, існуе не менш як тры тысячы гадоў. У кожнага народа гэты від барацьбы меў свае асаблівасці. Было вырашана аб’яднаць усе віды адзінаборстваў на паясах і стварыць адзіныя правілы для правядзення спаборніцтваў. Сёння ў спартыўным свеце існуюць два віды барацьбы на паясах: з выкарыстаннем работы ног — вольны стыль і без выкарыстання работы ног — класічны стыль.
Даволі прадказальна ўсе тры медалі ў барацьбе на паясах класічным стылем заваявалі расійскія спартсмены Рэнат Ахметшын, Ільнур Муртазін і Сяргей Паўлік.
Менавіта з Ільнурам Муртазіным дзяліў золата ў фінале студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Павел Прадуха. У вагавой катэгорыі да 90 кг нашаму спартсмену дасталася “серабро”. Бронзавымі прызёрамі сталі Сапарбук Уулу Дуулатбек (Кыргызстан) і Леанід Рабчун (Украіна).
Яшчэ адзін прадстаўнік беларускай каманды Аляксей Собаль стаў уладальнікам сярэбранай узнагароды ў вагавой катэгорыі звыш 100 кг класічным стылем. Ужо ў фінале ён саступіў расіяніну Сяргею Паўліку з лікам 0:4. На бронзавую прыступку п’едэстала ў гэтай катэгорыі падняліся Грэгары Рудэльсон (Ізраіль) і Сугарджаргал Болдпураў (Манголія).
У Татарстане корэш з’яўляецца нацыянальным відам спорту. Па словах мясцовых жыхароў, менавіта яго прапануюць у якасці факультатыву сваім выхаванцам вядучыя школы і гімназіі краіны.
З невялікім прамежкам у часе ў казанскім цэнтры бокса прайшлі паўфінальныя баі. Бронзавымі прызёрамі ўніверсіяды сталі Міхаіл Даўгалявец (да 81 кг) і Ян Судзілоўскі (звыш 91 кг).
Міхаіл з’яўляецца студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Яму 23 гады, у мінулым годзе ён прадстаўляў Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Лондане. Сапернікам Міхаіла ў рашаючым паядынку стаў украінец Аляксандр Гвоздзік, прызёр Алімпіяды ў Лондане, якому і дасталася доўгачаканае “серабро”.
Ян Судзілоўскі, студэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, саступіў у сваёй вагавой катэгорыі чэмпіёну Казахстана Жану Касабуцкаму.
Па апошніх даных на рахунку ў беларускай зборнай на ўніверсіядзе ў Казані 7 медалёў: адзін залаты, тры сярэбраныя і тры бронзавыя.