Дзень сям’і

- 15:01Адукацыйная прастора

Што такое сям’я? Сям’я — гэта дом. Сям’я — гэта свет, дзе пануюць любоў, адданасць і самаахвяраванне. Гэта адны на ўсіх радасці і непрыемнасці, гэта апора ва ўсіх бедах і няшчасцях. Гэта крэпасць, за сценамі якой могуць панаваць толькі спакой і любоў. З 15 па 20 мая ў сярэдняй школе № 3 Ашмян адзначалася самае кранальнае і светлае свята — Дзень сям’і.

Усе мерапрыемствы, якія праходзілі ў школе, былі накіраваны на развіццё сямейнай творчасці і супрацоўніцтва сям’і і школы, выхаванне ў навучэнцаў пачуцця любові і павагі да бацькоў, гордасці за сваю сям’ю.

Фіналам тыдня стала спартыўнае сямейнае свята на свежым паветры “Мы разам!”. 20 мая ў двары школы сабралася больш за сто сем’яў. Гэта значна больш, чым у мінулым годзе, што не можа не радаваць. Значыць, колькасць спартыўна-актыўных сем’яў у школе расце.

У час урачыстага адкрыцця дырэктар школы ўручыў падзячныя пісьмы лепшым сем’ям, падзякаваў бацькам за тое, што яны прывіваюць сваім дзецям працавітасць, арыентуюць іх на самаразвіццё, дасягненне высокіх вынікаў і добразычлівыя адносіны да людзей. Напярэдадні лета хлопцы і дзяўчаты з атрада ЮІР у вясёлай і заўзятай форме нагадалі прысутным аб правілах паводзін на дарогах.

Гледачы пазнаёміліся з дзесяццю сямейнымі камандамі, а потым усе рынуліся ў бой. Камандам былі прапанаваны цікавыя, часам вельмі няпростыя конкурсы з бегам, скачкамі. Бацькі паказалі свае здольнасці ў турніры па дартсе, пераадоленні паласы перашкод, уменні ставіць палатку. У конкурсе малюнка на асфальце каманды прадставілі сваё бачанне дружнай сям’і.

Пакуль журы падводзіла вынікі, школьныя каманды падтрымкі парадавалі ўсіх прысутных спартыўна-музычнай кампазіцыяй. Сем’і былі ўзнагароджаны дыпломамі, дзеці атрымалі падарункі і прысмакі, а ўсе ўдзельнікі — выдатны зарад бадзёрасці і мора станоўчых эмоцый.

Данута ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 3 Ашмян.