Пяць навучэнцаў прадстаўлялі Беларусь на 24-й Міжнароднай канферэнцыі юных навукоўцаў (ICYS-2017), якая адбылася ў Германіі. І ўсе былі адзначаны медалямі. Сярод іх навучэнка 11 класа гродзенскай гімназіі № 3 Ксенія Пацеева. Ксенія была адзначана бронзавым медалём за даследаванне па фізіцы “Вывучэнне з’явы самазборкі ўпарадкаваных мікра- і наначасціц у выпарваемай кроплі вадкасці”.
Вучні гімназіі № 3 Гродна маюць высокія дасягненні па прадмеце “Фізіка”: штогод прадстаўнікі навучальнай установы становяцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, удзельнічаюць у рэспубліканскім турніры юных фізікаў, неаднаразова прадстаўлялі Беларусь на міжнароднай арэне. Так, у 1995 годзе Міхаіл Шварц удзельнічаў у Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы ў Аўстраліі. У 2001 годзе Аляксандр Салаўёў быў удзельнікам Міжнароднага кірмашу па навуцы і тэхніцы ў ЗША. 2004 год — бронзавы медаль Міжнароднай алімпіяды па фізіцы ў Карэі заваяваў вучань 11 класа Аляксандр Плехаў. 2005 год — пахвальны водгук на Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы ў Іспаніі атрымаў Максім Глод. У 2013 годзе Аляксандр Ганчарук стаў сярэбраным прызёрам Міжнароднай алімпіяды па фізіцы, якая адбылася ў Даніі. Да мужчынскай каманды ў гэтым годзе далучылася Ксенія Пацеева.
— Ксенія — вельмі працаздольны, мэтанакіраваны, матываваны чалавек, — гаворыць аб сваёй вучаніцы яе навуковы кіраўнік настаўніца фізікі Таццяна Іванаўна Баканава. — Яшчэ яе вылучае тое, што яна можа працаваць самастойна.
А да гэтай характарыстыкі трэба дадаць і тое, што Ксенія Пацеева — чалавек шматбаковых талентаў. Дзяўчына вучыцца на “дзясяткі”, некалькі гадоў з’яўляецца рэдактарам школьнай газеты “Грач і К”, выступае як вядучая на гімназічных мерапрыемствах, часта прыдумвае да іх сцэнарыі, піша апавяданні. На пытанне, як усё паспяваць, Ксенія адказвае, што ёй нецікава займацца нейкай адной справай, а змена дзеянняў — лепшы адпачынак.
Увагу на фізіку Ксенія звярнула ў 10 класе, да гэтага часу большую перавагу аддавала мовам, удзельнічала ў алімпіядах. Але намер стаць праграмістам прымусіў яе больш актыўна займацца фізікай. Яна ўдзячна сваім настаўніцам Таццяне Мікалаеўне Ларковай, якая выкладае фізіку, і Таццяне Сяргееўне Прыскока, якая выкладае матэматыку, за тое, што дапамаглі ёй палюбіць і зразумець дакладныя навукі.
Спачатку Ксенія была ўдзельніцай рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару і атрымала дыплом І ступені. А пасля для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі юных навукоўцаў трэба было прадэманстраваць і веданне англійскай мовы. Дзяўчына прайшла тэсціраванне і набрала 122 балы са 150 магчымых. Потым з дапамогай выкладчыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы і настаўніцы англійскай мовы гімназіі Вольгі Іванаўны Пузыні даследаванне пераклалі на англійскую мову. Трэба было таксама зрабіць постар, які адлюстроўваў змест даследавання.
Удзел у канферэнцыі запомніўся Ксеніі не толькі складанасцю выступлення (пасля абароны работы давялося адказваць на шматлікія пытанні членаў журы), але і тым, што зараз у яе з’явілася шмат новых сяброў.
— Я жыла разам з дзяўчатамі з Бразіліі, а ўвогуле ў канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі 26 краін. Мы не ўспрымалі адно аднаго як сапернікаў — былі адзінай камандай.
Ну а што тычыцца навуковай работы Ксеніі, то вывучалася выпарваемая кропля вадкасці. І, як сказана ва ўступе даследавання, гаворка ідзе аб стварэнні нанаматэрыялаў з зададзенымі характарыстыкамі, стварэнні біясэнсараў, распрацоўцы экспрэс-дыягностыкі небяспечных захворванняў метадам “высыхаючай кроплі”, распрацоўцы метадаў друку струменных прынтараў і шэрага іншых напрамкаў.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.