Такое меркаванне выказаў народны артыст Беларусі, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА.
“Гэты фестываль — унікальная з’ява на постсавецкай прасторы. Я не ведаю, дзе ёсць такія мерапрыемствы падобнага размаху, дзе прымала б удзел такая колькасць краін”, — заўважыў Анатоль Ярмоленка. Пры гэтым, на яго думку, кожны артыст, які выступае на сцэне Летняга амфітэатра, адчувае сябе зразуметым і ўспрынятым, а па выніках свайго знаходжання ў Віцебску захоўвае самыя цёплыя ўспаміны пра Беларусь. “Вельмі важна, што ёсць такі фестываль, свята, якім можна ганарыцца”, — перакананы мастацкі кіраўнік папулярнага ансамбля.
Анатоль Ярмоленка на “Славянскім базары” сёлета прыме ўдзел у канцэрце “Дзень дружбы. Саюзная дзяржава запрашае”, які звязаны са знакавымі падзеямі і юбілейнымі датамі. Мерапрыемства абяцае стаць вечарам сустрэчы не толькі з самім мастацкім кіраўніком ансамбля “Сябры” і легендарным калектывам, але і з сябрамі, творчымі людзьмі, якія ўнеслі ўклад ва ўмацаванне дружбы двух братэрскіх народаў, саюзніцкіх адносін.
Сфарміравана цікавая праграма, песні беларускага калектыву будуць выконваць удзельнікі расійскага шоу “Голас” і іншыя папулярныя артысты. “Будуць мае сябры — Леў Лешчанка, Тамара Гвердцытэлі, Аляксандр Буйноў, з якім мы некалі пачыналі працаваць у Гомельскай філармоніі, і многія іншыя”, — сказаў на заканчэнне Анатоль Ярмоленка.
XXVI Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 13 па 17 ліпеня (дадатковыя мерапрыемствы адбудуцца 10— 12 і 18—19 ліпеня). У праграме форуму — сольныя канцэрты папулярных выканаўцаў і калектываў (Зара, Рыгор Лепс, Стас Міхайлаў, Валерый Меладзэ, Ягор Крыд, групы “Рукі ўгору”, “Сплін” і інш.). Акрамя таго, запланаваны канцэртныя і забаўляльныя праграмы для моладзі: гала-канцэрт папулярных маладых выканаўцаў і калектываў “Я люблю fеsтываль!”, гала-канцэрт “Залаты хіт”. Будуць прадстаўлены сатырычнае шоу “Аднойчы ў Расіі” і канцэрт “Шансон-ТБ” — усе зоркі”.
Да фестывалю падрыхтаваны спецыяльныя праграмы — гала-канцэрт з удзелам папулярных украінскіх выканаўцаў, юбілейны канцэрт “Аляксандр Зацэпін. Ёсць толькі імгненне…” з удзелам папулярных выканаўцаў і Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.