Лепшы падарунак — кніга!

- 11:12Актуально
Днямі ў Прадстаўніцтве расійскага супрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскім цэнтры навукі і культуры ў Мінску — адбылася перадача ў дар Міністэрству адукацыі нашай краіны 550-ці экзэмпляраў кніг для спецыяльных (карэкцыйных) школ і літаратуры для лагапедаў. Ад міністэрства ў мерапрыемстве прымалі ўдзел намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіль Будкевіч і прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Галіна Нікалаенка.

Кіраўнік Прадстаўніцтва расійскага супрацоўніцтва Віктар Малашэнка адзначыў, што ўрадам Расійскай Федэрацыі была зацверджана федэральная мэтавая праграма “Руская мова на 2011— 2015 гады”. Мэта праграмы — падтрымка, захаванне і распаўсюджванне рускай мовы ў краінах — удзельніцах СНД. Асаблівая ўвага ў дзейнасці прадстаўніцтва ўдзяляецца пашырэнню супрацоўніцтва паміж адукацыйнымі ўстановамі дзвюх дзяржаў па падтрымцы рускай мовы. Толькі ў 2013 годзе Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску перадаў бібліятэкам і ўстановам адукацыі нашай краіны 2638 экзэмпляраў кніг на рускай мове. На гэты раз сярод іх было і праграмна-метадычнае забеспячэнне, і падручнікі па лагапедыі, псіхалогіі, рускай мове, чытанні, прыродазнаўстве і біялогіі, гісторыі, тэхналогіі, сацыяльна-побытавай арыенціроўцы, а таксама рабочыя сшыткі па мове і матэматыцы, раздатачны матэрыял для школ, карткі і іншая літаратура. У далейшым плануецца забяспечыць яшчэ большую колькасць навучальных устаноў і бібліятэк Беларусі літаратурай, выдадзенай у Расійскай Федэрацыі.

З мэтай захавання і ўмацавання пазіцый рускай мовы на постсавецкай прасторы і павышэння ўзроўню выкладання рускай мовы ў беларускіх установах адукацыі прадстаўніцтва праводзіць семінары, канферэнцыі, выставы. Арганізуюцца курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў і выкладчыкаў рускай мовы ўстаноў адукацыі Беларусі як у нашай краіне, так і ў Расіі. Працягваецца набор беларускіх грамадзян ва ўстановы адукацыі Расіі. Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі выдзяляе квоты на навучанне замежных грамадзян і суайчыннікаў у ВНУ Расіі, у тым ліку ў аспірантуры і магістратуры. У гэтым годзе праз Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Расію паехалі вучыцца 10 маладых беларусаў. Іх навучанне будзе весціся за кошт сродкаў федэральнага бюджэту Расіі.

Вітаючы прысутных на мерапрыемстве, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіль Будкевіч падкрэсліў, што развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі — важны напрамак дзейнасці дзвюх краін, а ўвасабленне ў жыццё адукацыйных і гуманітарных праектаў па ўзаемаабмене з мэтай навучання школьнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў малых і сярэдніх гарадоў будзе развіваць адукацыйныя і культурныя сувязі паміж рэгіёнамі Расіі і Беларусі. Намеснік міністра прапанаваў аб’яднаць творчыя магчымасці навукоўцаў і педагогаў для стварэння агульнага для Беларусі і Расіі падручніка па айчыннай гісторыі.
Прарэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Галіна Нікалаенка паведаміла аб сістэме выкладання рускай мовы ва ўстановах адукацыі Беларусі, аб плённым супрацоўніцтве беларускіх і расійскіх навукоўцаў-русістаў. Яна падкрэсліла, што ўстанаўленне самых трывалых сувязей паміж народамі пачынаецца менавіта з мовы і культуры.
Сустрэча завяршылася знаёмствам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Беларусі з адукацыйнымі рэсурсамі, якімі валодае Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску. Абодва бакі выказалі ўпэўненасць у далейшым супрацоўніцтве. У планах — ажыццяўленне сумесных гуманітарных праектаў, якія будуць рэалізоўвацца ў тым ліку і падчас правядзення ў нашай краіне прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў “Настаўнік года” і іншых адукацыйных мерапрыемстваў.

Надзея ЦЕРАХАВА.