Уступная кампанія спакваля набірае абароты. Ужо ідуць уступныя выпрабаванні ва ўстановах вышэйшай адукацыі Міністэрства культуры. А ў аўторак пачаўся прыём дакументаў і ва ўстановах так званага другога патоку. Сёлета гэтага моманту з нецярпеннем чакалі не толькі абітурыенты, але і інстытуты, універсітэты. Дэмаграфічны спад і змяншэнне колькасці выпускнікоў школы, а таксама ўвядзенне ніжняй планкі для паступаючых дадало хваляванняў усім удзельнікам уступнай кампаніі. Аднак першы дзень прыёму дакументаў паказаў, што сітуацыя практычна параўнальная з мінулагодняй.
Напрыклад, у БДУІР ажыўленне пачалося з самай раніцы аўторка, яшчэ да пачатку прыёму дакументаў. Павітацца з першымі абітурыентамі выйшаў рэктар Міхаіл Паўлавіч Батура. Ён уручыў ім футболкі з сімволікай універсітэта і задаў некалькі пытанняў. Як высветлілася, ва ўсіх іх даволі высокія балы (290 і вышэй), таму з вялікай верагоднасцю яны стануць студэнтамі БДУІР. Абітурыенты паабяцалі рэктару ў выпадку паступлення добра вучыцца, а рэктар запэўніў, што для гэтага ў іх будуць усе неабходныя ўмовы.
Сёлета БДУІР прапанаваў абітурыентам 12 новых спецыяльнасцей і напрамкаў падрыхтоўкі. 8 з іх — гэта мадэрнізаваныя “старыя” спецыяльнасці і 4 — прынцыпова новыя, звязаныя з электроннай эканомікай, лагістыкай, мабільнымі дадаткамі. Ужо з самага пачатку стала зразумела, што новыя спецыяльнасці будуць запатрабаваны. Напрыклад, на 15 бюджэтных месцаў спецыяльнасці “Мабільныя сістэмы, якія праграмуюцца” ў першы дзень прыёму дакументаў было пададзена 10 заяў.
А ўвогуле па стане на 15 гадзін учарашняга дня ў БДУІР падалі заявы 260 абітурыентаў. Прычым, трэба адзначыць высокі ўзровень іх падрыхтоўкі: амаль 45% паступаючых маюць больш як 300 балаў, 13 чалавек прэтэндуюць на залічэнне без уступных выпрабаванняў.
Дарэчы, у БДУІР ужо некалькі гадоў працуе аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння. Сёлета гэтая сістэма стала яшчэ больш зручнай для абітурыентаў. Напрыклад, летась ім прапаноўвалася ўказваць 5 спецыяльнасцей у парадку прыярытэту, а ў гэтым годзе — 7.
“Мы пайшлі на гэты крок, бо летась некаторыя абітурыенты з высокім балам не прайшлі ні на адну з пяці ўказаных імі спецыяльнасцей, — тлумачыць Міхаіл Паўлавіч. — Нам давялося сваім рашэннем залічваць іх на свабодныя месцы па іншых спецыяльнасцях, таму сёлета мы пашырылі выбар абітурыентаў”.
Асаблівасць прыёму ў БДУІР заключаецца ў тым, што з усяго патоку абітурыентаў залічваюцца 1100 лепшых (менавіта столькі бюджэтных месцаў на дзённай форме навучання ва ўніверсітэце). Потым камп’ютарная праграма ажыццяўляе іх размеркаванне па спецыяльнасцях у адпаведнасці з заявамі. І нават калі абітурыент не трапіў ні на адну з указаных ім спецыяльнасцей, але ўвайшоў у лік 1100 лепшых, то ён будзе залічаны на іншую (восьмую) спецыяльнасць, дзе ёсць свабодныя месцы.
Такім чынам, галоўнае — стаць студэнтам БДУІР, а спецыяльнасць можна памяняць нават у працэсе навучання.
“Справа ў тым, што з гэтага года БДУІР пачынае навучанне студэнтаў па новых стандартах, якое ажыццяўляецца па схеме “(2+2)+2” (4 гады на першай ступені і дыплом інжынера-спецыяліста і 2 гады ў магістратуры), — расказвае рэктар. — Гэтыя стандарты распрацаваны так, што ў вучэбных планах прадугледжана магчымасць пераводу студэнтаў з адной спецыяльнасці на іншую пасля першага і другога курса. Такім чынам, калі студэнт пераконваецца, што спецыяльнасць яго не задавальняе, ён можа перайсці на іншую. Акадэмічная розніца на першых двух курсах калі і ёсць, то нязначная, і яе можна даздаць”.
Адметна, што БДУІР пачаў прыёмную кампанію не толькі ў Беларусі, але і за акіянам. Так, сёлета ўніверсітэт упершыню будзе весці набор на вучобу па дыстанцыйнай форме грамадзян ЗША.
“Наш партнёр у горадзе Чыкага ажыццяўляе прыём заяў ад абітурыентаў, і на сённяшні дзень такіх заяў ужо каля сотні, — гаворыць Міхаіл Паўлавіч. — У канцы верасня мы накіруем сваіх прадстаўнікоў у ЗША для правядзення субяседавання з абітурыентамі і камплектавання груп. Мы плануем набраць 50 (а пры ўмове высокай падрыхтоўкі — 100 чалавек), і ўжо 7 кастрычніка яны пачнуць заняткі ў БДУІР па дыстанцыйнай форме”.
Што да беларускіх абітурыентаў, то нагадваем: прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі доўжыцца да 25 ліпеня (на ваенныя факультэты — да 23 ліпеня).