Праблема актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўсіх этапах развіцця адукацыі была і застаецца адной з актуальных, бо з ёй настаўнік сутыкаецца штодзённа. І праяўленне гэтай праблемы мы бачым у пастаянным зніжэнні творчай актыўнасці і пазнавальнай цікавасці школьнікаў.
Цікавасць да англійскай мовы, жаданне авалодаць ёй, карыстацца на практыцы для вырашэння камунікатыўных задач залежыць у большай ступені ад таго, якая тэхналогія выкарыстоўваецца, як настаўнік вучыць і як вучацца ў яго школьнікі. Для павышэння матывацыі да вывучэння прадмета і павышэння выніковасці навучэнцаў на сваіх уроках я рэгулярна выкарыстоўваю тэматычныя прэзентацыі, ЭСН і інтэрактыўныя вучэбныя праграмы, інтэрнэт-рэсурсы, інтэрактыўную дошку.
Для настаўнікаў замежнай мовы лейтматывам мінулага навучальнага года стаў абсалютны пераход да камунікатыўнага навучання і фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі ў выніку ўвядзення абавязковага вуснага экзамену па замежнай мове за курс агульнаадукацыйнай школы і павелічэнне колькасці гадзін. Больш за тое, працуючы ў гімназіі, я сутыкнулася з праблемай адсутнасці ВМК для забеспячэння адукацыйнага працэсу на ўроках і пры падрыхтоўцы навучэнцаў да выпускнога экзамену.
Таму, як і мае калегі, спрабавала знайсці адказы на мноства пытанняў. Як зрабіць так, каб усе мае навучэнцы загаварылі па-англійску? Як падрыхтаваць навучэнцаў да экзамену, дзе ўпор будзе рабіцца менавіта на маўленне, і разам з тым дапамагчы ім дастойна зда ць цэнтралізаванае тэсціраванне?
Паколькі матэрыялаў для забеспячэння адукацыйнага працэсу недастаткова, на сваіх уроках у апошні час пачала практыкаваць выкарыстанне аўтэнтычных інтэрнэт-рэсурсаў. У працэсе назірання прыйшла да высновы, што на такіх уроках агульны ўзровень пазнавальнай актыўнасці школьнікаў узрастае, гэтыя ўрокі карысныя і неабходныя.
Як вядома, авалоданне лексікай і завучванне граматычных правіл не з’яўляюцца дастатковым для таго, каб авалодаць камунікатыўнай кампетэнцыяй. Пазнанне культуры краін, мова якіх вывучаецца, і ўсведамленне яе сістэмы магчымае толькі пры ўмове выкарыстання аўтэнтычнага матэрыялу. А ўрок англійскай мовы, як ніякай ін шай, дазваляе выкарыстоўваць аўтэнтычныя матэрыялы і наглядныя дапаможнікі навучання: відэафільмы, песні, відэакліпы, асабістыя лісты, анекдоты, артыкулы, урыўкі з дзённікаў падлеткаў, рэкламу, кулінарныя рэцэпты, казкі, інтэрв’ю, навукова-папулярныя і краіназнаўчыя тэксты, прэзентацыі.
Выкарыстанне аўтэнтычных матэрыялаў дапамагае змяніць форму ўрока, адысці ад традыцыйнага навучання. Аднак варта адзначыць, што, гаворачы пра аўтэнтычныя матэрыялы, я маю на ўвазе матэрыялы, узятыя з арыгінальных крыніц, якія характарызуюцца натуральнасцю лексічнага напаўнення і граматычных форм, сітуацыйнай адэкватнасцю моўных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца, і якія, хоць і не прызначаны спецыяльна для вучэбных мэт, могуць выкарыстоўвацца пры навучанні замежнай мове. Гэта не толькі і не столькі вучэбна-аўтэнтычныя матэрыялы, якія мы выкарыстоўваем на нашых традыцыйных уроках (дыскі, дадаткі да ВМК), хаця яны даволі цікавыя і служаць вялікім стымулам да вывучэння англійскай мовы, таму што паказваюць практычныя прыклады маўленчых сітуацый. Аднак гэтыя матэрыялы часам занадта складаныя ў моўным аспекце для разумення і не заўсёды адпавядаюць канкрэтным задачам і ўмовам навучання. Для нас жа, настаўнікаў, галоўная цяжкасць — недахоп вучэбнага матэрыялу, з якога можна падабраць аўтэнтычны матэрыял для выкарыстання на розных этапах урока. І тут выручае інтэрнэт! Аднак варта адзначыць: інтэрнэт адносіцца да тых тэхнічных сродкаў навучання замежнай мове, якія не прадугледжаны спецыяльна для гэтай мэты, і выконвае іншую функцыю. І для таго каб знайсці матэрыял, які адпавядае ўсім крытэрыям урока, даводзіцца іншы раз доўга сядзець і шукаць. Але гэта таго варта.
Перавагі інтэрнэту перад традыцыйнымі сродкамі навучання перш за ўсё ў даступнасці і актуальнасці аўтэнтычных матэрыялаў, а таксама ў аблягчэнні і паскарэнні міжнацыянальнай камунікацыі. Такім чынам, навучэнец, як карыстальнік інтэрнэту, атрымлівае доступ да актуальнай і аўтэнтычнай інфармацыі, якую цяжка знайсці ў іншых крыніцах. Неад’емная ўмова для такой работы — наяўнасць камп’ютарнага класа з падключэннем да інтэрнэту.
Падчас сваіх заняткаў я звычайна выкарыстоўваю два метады работы з аўтэнтычнымі інтэрнэт-рэсурсамі:
1. Прамы доступ да сеткі інтэрнэт на занятках. Пры гэтым відзе дзейнасці асноўная падрыхтоўчая работа па фармулёўцы заданняў і магчымых шляхах іх выканання, а таксама па выкарыстанні на занятках інтэрнэт-адрасоў з інфармацыяй па тэме праводзіцца настаўнікам. На занятках першая частка ўрока можа адводзіцца на паўтарэнне пройдзенага матэрыялу і падрыхтоўку да работы ў інтэрнэце. Другая частка больш працяглая, складаецца з этапаў самастойнай работы, якая заключаецца ў выкананні задання, прэзентацыі выкананай работы і яе абмеркавання. Галоўнае — настаўнік павінен загадзя ведаць неабходныя інтэрнэт-адрасы для таго, каб аператыўна і эфектыўна арганізаваць вучэбны працэс. На сваіх уроках я карыстаюся наступнымі інтэрнэт-адрасамі:
1. http://www.bbc.co.uk/ — руская служба ВВС. Прапануюцца вучэбныя відэа, праграмы і тэсты. Цудоўны вучэбны сайт.
2. http://www.englishgateway.com/ — высакаякасны рэсурс для прамежкавага звяна і перадавых навучэнцаў. Вы вывучыце англійскую мову, на якой сапраўды гавораць у Паўночнай Амерыцы, праз сапраўдныя гісторыі, прафесійнае аўдыё, культурную інфармацыю і мноства практыкаванняў па размоўных англійскіх выразах.
3. http://www.britishcouncil.org/ — архівы падкастаў Брытанскага Савета для спампоўвання (па алфавіце, з указаннем працягласці гучання, скрыпты).
4. http://www.musicalenglishlessons. org/ — сайт, дзе ў алфавітным парадку вы знойдзеце выканаўцаў песень на англійскай мове, словы іх песень і распрацоўкі матэрыялаў да іх. Часта ўказваецца, якую граматычную з’яву можна патрэніраваць у песні.
5. http://www.guardian.co.uk/ — газета ў Вялікабрытаніі. Можна пачытаць у вольны час.
6. http://www.esl-lounge.com/ — сайт для навучання гаварэнню, для навічкоў.
7. http://www.breakingnewsenglish.com/ — планы ўрокаў, падкасты для вывучэння навін, тэсты, квізы.
8. http://www.bestfunnystories.com/ http://www.onlyfunnystories.com/ — (для навучэнцаў старшых класаў). На гэтых папулярных англамоўных сайтах вы зможаце знайсці анекдоты, жарты, каламбуры на англійскай мове і многае іншае.
9. http://www.ego4u.com/ — (граматыка, але не толькі! Тут вы можаце вывучыць штодзённую англійскую: сітуацыі да ўрокаў, дыялогі і многае іншае, што можна абмеркаваць з дзецьмі).
2. Метад праектаў, ці навучанне ў супрацоўніцтве. Такі від дзейнасці, як уд зел у міжнародных інтэрнэт-праектах, стаў адным з напрамкаў работы клуба англійскай мовы “Субяседнік” нашай гімназіі. Члены клуба ўваходзяць у міжнародную асацыяцыю iEARN, якая дае магчымасць настаўнікам і школьнікам розных краін супрацоўнічаць пры дапамозе ўдзелу ў глабальных тэлекамунікацыйных праектах. Паміж гімназіяй № 1 Дзятлава і амерыканскай школай Fifth Avenue International K-8 з горада Каламбус, штат Агая, наладжаны партнёрскія адносіны. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, кабінет англійскай мовы гімназіі мае калекцыю аўтэнтычнай англамоўнай літаратуры. Навучэнцы знаёмяцца з вялікай колькасцю аўтэнтычных тэкстаў, пры гэтым у іх узнікаюць станоўчыя эмоцыі ад таго, што яны разумеюць тэксты на замежнай мове. Гэты факт з’яўляецца магутным стымулам для далейшага вывучэння замежнай мовы. Не варта адмаўляць і таго, што развіваецца пісьмовая камунікацыя, навучэнцы ўзбагачаюць свой слоўнікавы запас. Навучэнцам важна, што тэксты складаюцца не для выкладчыка, каб прадэманстраваць свае веды і атрымаць за гэта адзнаку, а для партнёраў-равеснікаў, каб перадаць ім цікавую інфармацыю ці абмеркаваць актуальныя праблемы.
І тут у вас можа ўзнікнуць пытанне: ці варта настаўніку выкарыстоўваць складаныя аўтэнтычныя матэрыялы падчас заняткаў? Для чаго яны? Найперш, даючы навучэнцам чытаць тэкст ці слухаць аўдыёматэрыял, які пераўзыходзіць іх узровень навучанасці, настаўнік мае магчымасць умацоўваць такія спецыяльныя навыкі як “адгадванне” сэнсу па кантэксце, ігнараванне частак, якія не адыгрываюць важнай ролі, беглае “сканіраванне” тэксту для пошуку важных частак і інш. Чытаючы ці ўспрымаючы на слых матэрыял, які адпавядае іх узроўню, навучэнцы будуць разумець тэкст, не выкарыстоўваючы пералічаныя навыкі — яны ж адыгрываюць архіважную ролю ў засваенні англійскай мовы.
Паспяховае завяршэнне работы над аўтэнтычным матэрыялам дае адчуванне ўласных дасягненняў і зарад матывацыі для наступнага засваення англійскай мовы. А ў мэтанакіраваных навучэнцаў абуджае дадатковую матывацыю, таму што яны ўсведамляюць, што наперадзе немалы шлях да поўнага авалодання мовай.
Нарэшце, яшчэ адна перавага выкарыстання аўтэнтычных матэрыялаў — гэта тое, што вашы навучэнцы “натрэніруюцца” чытаць і разумець тэксты, якія, магчыма, пераўзыходзяць іх бягучыя веды і навыкі. У рэальных жыццёвых сітуацыях, калі ім трэба будзе, пачуўшы, зразумець складанае вуснае маўленне, навучэнцы будуць да гэтага гатовы.
Марыя ХАВАНСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы.