Маштабны міжнародны фестываль феерверкаў чакае гасцей свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), які пройдзе 8—9 ліпеня ў аграгарадку Александрыя (Шклоўскі раён). Аб гэтым паведамілі ў аргкамітэце свята.
Яркае і незабыўнае відовішча адбудзецца 8 ліпеня адразу пасля завяршэння на галоўнай сцэне эстрадна-цыркавога паказу “Купальскі сон”. У фестывалі феерверкаў прымуць удзел прафесійныя каманды піратэхнікаў, прызёры і пераможцы міжнародных фестываляў Беларусі, Расіі і Казахстана, якія прадэмаструюць свае лепшыя паказы, што ўключаюць выкарыстанне апошніх піратэхнічных тэхналогій кожнай краіны.
Неад’емнай часткай фестывалю феерверкаў стане музыка, якая ўяўляе сабой яркую, каларытную і насычаную “музычную шматнацыянальную сюіту”, сатканую з народных мелодый Беларусі, Расіі і Казахстана, з выкарыстаннем гучання самабытных музычных інструментаў трох краін у сучасным выкананні. “Спалучэнне яркіх піратэхнічных эфектаў, музыкі, якая чула рэагуе на дынаміку феерверкаў і лазернага шоу ад пачатку развіцця да яркай зорнай кульмінацыі ўсяго відовішча, створаць непаўторную чароўную атмасферу купальскай ночы”, — абяцаюць арганізатары.
Традыцыйна гасцей свята чакае культурна-забаўляльная праграма з удзелам артыстаў, музыкантаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з васьмі краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Эстоніі, Латвіі, Польшчы і Германіі. Тут будзе шмат відовішчных конкурсаў і прэзентацый, творчых праектаў, выставак і майстар-класаў. Будзе таксама шмат смачнай ежы і напіткаў, для дзяцей — гульняў і забаў, для дарослых — захапляючых шоу, у тым ліку і паветранае з удзелам парашутыстаў.
Гулянні пройдуць у жывапісным месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты — Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці — Магілёўскую і Віцебскую. Чакаецца, што ў гэтым годзе прыгожае беларускае свята наведаюць больш як 100 тысяч чалавек.