Улады растлумачылі, каму будуць выдаваць візы

- 11:13Інфармацыйная гадзіна

Белы дом назваў крытэрыі, на падставе якіх улады ЗША будуць дазваляць уезд бежанцам і выдаваць візы грамадзянам шасці краін з пераважна мусульманскім насельніцтвам, паведамляе Бі-бі-сі.

У пачатку гэтага тыдня Вярхоўны Суд ЗША часткова адмяніў блакіроўку міграцыйнага ўказа Дональда Трампа, які прадугледжваў 90-дзённую забарону на ўезд у ЗША для грамадзян шасці блізкаўсходніх дзяржаў, населеных пераважна мусульманамі, а таксама 120-дзённую забарону на прыём бежанцаў у ЗША.

Крытэрыі тычацца грамадзян Ірана, Лівіі, Сірыі, Самалі, Судана і Емена. Галоўнае, на што цяпер будуць глядзець міграцыйныя чыноўнікі, — наяўнасць блізкіх сваякоў у ЗША. Як вынікае з заявы Белага дома, у гэтую катэгорыю ўваходзяць бацькі, муж і жонка, дзеці, зяці і нявесткі, родныя браты і сёстры. Пры гэтым бабулі і дзядулі, дзядзькі і цёткі, пляменнікі і пляменніцы, унукі і сваякі з боку мужа ці жонкі блізкімі сваякамі, згодна з вызначэннем улад ЗША, не лічацца. Для атрымання візы сваяцкія сувязі павінны быць пацверджаны дакументамі.

Пры гэтым уведзеная Трампам часовая забарона на ўезд не закране тых, хто вучыўся або вучыцца ў ЗША або мае там бізнес, у каго ёсць дзеючая віза або грамадзянства ЗША.